Валянтэры ачышчаюць памятныя мясьціны Беларусі ад сьмецьця. За прызы

Абвешчаны конкурс: за прыбіраньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі эка-актывісты падораць фотатэхніку.

Таварыства «Зялёная Сетка» і ўдзельнікі форуму на сайце «Глёбус Беларусі» праводзяць конкурс «Чыста славутасьці». Мэта — зрабіць парадак на беларускіх культурных і прыродных аб’ектах. Галоўны прыз — сэртыфікат на куплю фататэхнікі.

Конкурс «Чыста славутасьці» мае простыя ўмовы: трэба знайсьці выбітны культурны, архітэктурны ці прыродны аб’ект, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы, прыбраць там сьмецьце, выкласьці на форуме «Глёбуса Беларусі» сваю фотасправаздачу.

Той, хто прыбярэ найбольш сьмецьця (альбо найбольш аб’ектаў) і зробіць самую прыгожую фотагісторыю, атрымае сэртыфікат на 600 эўра на набыцьцё фататэхнікі. Прызы за другое і трэцяе месца, адпаведна — зьнешні партатыўны акумулятар і штатыў для здымача. Конкурс ужо стартаваў, ён будзе трываць да 5 сьнежня, абвяшчэньне пераможцаў прызначана на 10 сьнежня.

Актывісты сьцьвярджаюць, што большасьць аб’ектаў, якія лічацца пад аховай дзяржавы, патрабуюць дадатковага догляду з дапамогай валянтэраў:

«Як ужо бачна зь першых справаздач на форуме „Глёбуса Беларусі“, стан рэчаў з чысьцінёй на беларускіх славутасьцях не такі ўжо і кепскі, — апавяла Свабодзе гомельская актывістка Тамара Панькоўская, аўтарка ідэі конкурсу. — Але на ўсіх аб’ектах удзельнікі знаходзяць і зьбіраюць мяхі сьмецьця. Найбольш яскравыя прыклады мы пакажам пасьля заканчэньня конкурсу».

Валянтэры лічаць, што дзяржава сама мусіць даглядаць аб’екты, якія ўзяла пад ахову, але не заўсёды з гэтым спраўляецца:

«Пра валянтэраў і дзяржаву — гэта наша вечная дылема, ня толькі ў пытаньні прыбіраньня сьмецьця, — патлумачыў Свабодзе каардынатар „Зялёнай Сеткі“ Яраслаў Бекіш. — З аднаго боку, у нашай дзяржаве, якая завецца „сацыяльна арыентаванай“, па ідэі, павінна быць дастаткова таго, што мы плоцім падаткі і пагаджаемся з тым, што ня мы абіраем сабе чыноўнікаў і кіраўнікоў, а яны самі. Вось няхай самі за бюджэт і вырашаюць пытаньні.

Але, зь іншага боку, калі ня могуць вырашыць усе пытаньні, як нам жыць? Сядзець у сьмецьці і чакаць, пакуль яго прыбяруць? Пакуль нешта абсталююць, штосьці адрамантуюць, пачысьцяць... А потым, каб больш ніхто ня сьмеціў і не ламаў, яшчэ і доступ абмяжуюць. Наша пазыцыя такая, што дзяржава, вядома, мусіць і абавязаная. Але гэта наша зямля, наша краіна, наша жыцьцё, таму ў такіх „побытавых“ пытаньнях мы гатовыя вырашаць праблемы сваімі сіламі або дапамагаць дзяржорганам. Хоць часам яны думаюць, што гэта яны нам дапамагаюць».