Расейскі ўплыў на адукацыйную сыстэму на постсавецкай прасторы прыводзіць да непазьбежнай русыфікацыі і катастрафічнага падзеньня ўзроўню адукацыі. Да такой высновы прыйшлі пэдагогі з трох рэгіёнаў, якія зьведалі ўзьдзеяньне расейскай сыстэмы ў розны час і з рознай інтэнсіўнасьцю: з Прыднястроўя, Чачні і Крыму. Іх дыскусія адбылася ў рамках нядаўняй канфэрэнцыі ў Празе, прысьвечанай пытаньням дэмакратыі і адукацыі, «Форум 2000».
Да анэксіі Крыму на паўвостраве была, бадай, найбольшая колькасьць ВНУ на душу насельніцтва. На крыху больш чым двухмільённае насельніцтва паўвострава было 93 вышэйшыя навучальныя ўстановы. Паводле старшыні дэпартамэнту расейскай і замежнай літаратуры Таўрыдзкага нацыянальнага ўнівэрсітэту Ўладзіміра Казарына, прыход Расеі «абсалютна спустошыў адукацыйнае поле Крыму». Пачалі з таго, што закрылі філіялы ня толькі ўкраінскіх, але і замежных ВНУ, якія дзейнічалі пры падтрымцы Турцыі, Фінляндыі, Ізраілю і той самай Расеі, чые філіялы свабодна дзейнічалі на тэрыторыі паўвострава. На думку вучонага, ня ўсе крымскія ВНУ былі сур’ёзнымі навуковымі інстытутамі, але частка зь іх былі школамі з рэпутацыяй. У новай сыстэме ўсе яны практычна зьніклі.
Прыйшоў новы час, у нас сёньня з гэтых 93 ВНУ засталося 3.
«Прыйшоў новы час, у нас сёньня з гэтых 93 ВНУ засталося 3. Два крымскія, што фінансуюцца з крымскага бюджэту, гэта два былыя вучылішчы: культуры і тое, што потым стала крымскататарскім унівэрсытэтам. І адзін ужо наш, цяпер ён называецца Крымскім фэдэральным унівэрсытэтам, куды зьлілі Таўрыдзкі, сельскагаспадарчы, мэдыцынскі, будаўнічы, Керчанскі марскі, Ялцінскі пэдагагічны. Такая пачвара, паміж чыімі факультэтамі 110 кілямэтраў адлегласьці. Пра якую аптымізацыю або эфэктыўнасьць дзеяньня можна казаць... Але задача дасягнута, бачыце, як усё проста?» — рытарычна пытаецца крымскі навуковец.
Вяртаньне да цэнтралізацыі яшчэ ў савецкіх традыцыях пацягнула за сабой нябачаную нават па ўкраінскіх стандартах бюракратызацыю.
«Сёньня нейкае фарсавае разьвіцьцё гэтага ўсяго. Бо не 3-4-5-8 паперак трэба сабраць, а 44, 66, 98! Гэта ўсё вырасла на 3-4 парадкі. У выніку створаны гіганцкі, цалкам вар’яцкі апарат кіраваньня», — тлумачыць Уладзімір Казарын.
На яго думку, у Расеі не вядзецца ні пра эфэктыўнасьць кіраваньня адукацыяй, ні пра сам зьмест адукацыі. Усе міжнародныя кантакты выкладчыкаў і студэнтаў былі абарваны, крымскія дыплёмы не прызнаюць ні ва Ўкраіне, ні ў самой Расеі, ня кажучы ўжо пра астатні сьвет. Студэнтаў, замест таго, каб вучыць, выкладчыкі вымушаныя вадзіць на афіцыйныя мерапрыемствы на шкоду навучальнаму працэсу.
Аб нацыянальнай адукацыі пасьля закрыцьця ўкраінскіх і крымскататарскіх школ на паўвостраве можна забыцца, Крымскататарскі ўнівэрсытэт у гэтых умовах, на яго думку, таксама доўга не пратрымаецца.
«Крымскататарскі ўнівэрсытэт будзе трансфармаваны, ці я думаю, праз некалькі гадоў будзе ставіцца пытаньне аб яго закрыцьці. Таму што яны там да гэтага часу паводзяць сябе ня вельмі ляяльна», — мяркуе крымскі навуковец.
Крым і Чачня — супольны сумны досьвед
Падобныя працэсы праходзіла сыстэма адукацыі ў Чачні, якую Расея вярнула пад свой кантроль пасьля Другой Чачэнскай вайны. Выкладчыца Нафтавага тэхнічнага ўнівэрсытэту з Грознага Таус Сярганава распавяла пра тое, што зьнясіленыя вайной чачэнцы чакалі ад аднаўленьня расейскага кантролю хоць бы магчымасьці атрымаць веды, і праз сацыяльныя ліфты, якія адкрывае адукацыя, палепшыць сваё становішча. Іх надзеі не апраўдаліся.
Школьныя настаўнікі — яны як прыгонныя, якія сабе не належаць.
«Высьветлілася, што тыя зьмены, якія ішлі зьверху, яны наогул не прадугледжвалі ведаў, яны прадугледжвалі зусім іншае. Гэта куча папер, на якія ідзе ўвесь час. І адчуваньне, што гэта мэтанакіраваная праца, для таго, каб выкладчык не займаўся сваёй прафэсіяй, а займаўся гэтым. Асабліва школьныя настаўнікі — яны як прыгонныя, якія сабе не належаць. Яны належаць гэтай сыстэме. І яны баяцца, бо за вучня, які сышоў у лес, паехаў у Сырыю, адказваюць настаўнікі», — распавядае выкладчыца з Чачні.
Кіраўніцтва ўсіх трох ВНУ, якія ёсьць у Чачні, былі заменены на людзей адданых асабіста прэзыдэнту Чачні Рамзану Кадыраву. Галоўнае патрабаваньне на ўсіх узроўнях адукацыі і кіраўніцтва Чачні — адданасьць, а ня веды.
Парадаксальна, нягледзячы на тое, што сам кіраўнік Чачні амаль ня ведае расейскай мовы, чачэнская мова практычна выведзена з сыстэмы адукацыі рэспублікі. Пасьля таго, як у савецкія часы чачэнская мова не вывучалася ў гарадах, а толькі па вёсках, у канцы 1980-х наступіў кароткі час нацыянальнага адраджэньня, калі пачатковыя школы былі пераведзены на чачэнскую мову. Гэта, па словах чачэнскай выкладчыцы, дало добрыя вынікі ў адукацыі, таму што дзеці, якія прыходзілі ў школу бязь веданьня расейскай мовы, лепш засвойвалі навуку. Аднак пасьля другой вайны і гэтыя парасткі нацыянальнай адукацыі хутка зьнішчылі.
«Міністэрства адукацыі спрабавала настроіць бацькоў на тое, што калі перавесьці пачатковую адукацыю на чачэнскую мову, — а расейская мова заставалася, было пяць урокаў на тыдзень, — што яны не будуць ведаць рускай мовы, не змогуць вучыцца, і гэта прывядзе да ізаляцыі і таму падобнага. І ў выніку гэтай мэтанакіраванай працы гэтая ідэя была пахавана», — распавядае выкладчык Грозненскага універсітэта Таус Серганова.
«Нэасавецкая» сыстэма адукацыі Прыднястроўя
Найбольшы досьвед знаходжаньня ў «нэасавецкай» адукацыйнай сыстэме мае Прыднястроўе. Гэтая непрызнаная тэрыторыя Малдовы знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі ужо чвэрць стагодзьдзя. Але, калі да нядаўняга часу яна спрабавала старанна паўтараць савецкія ўзоры, уключаючы дэкляратыўную павагу да ўсіх трох нацыянальных груп, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі — малдаван, украінцаў і расейцаў, то з прыходам новага лідэра, Яўгена Шаўчука, «прыднястроўцы» ператварыліся ў «расейцаў», распавядае дырэктар Інфармацыйна-юрыдычнага цэнтру «Апрыёры» Алена Марчкова.
Тры гады таму мы ўсе прачнуліся расейцамі.
«У сьвядомасьць прыднястроўскай моладзі ўкладвалася меркаваньне пра тое, што „мы — прыднястроўцы“, мы не належым ні да воднай нацыянальнасьці, у нас ёсьць свая народная ідэя, не было падзелу на нацыянальнасьці, але тры гады таму мы ўсе прачнуліся расейцамі», — распавядае актывістка з Тыраспалю.
З тых часоў Прыднястроўе ня толькі на словах, але і на справе пераймае расейскую сыстэму ва ўсім. Часам заканадаўцы непрызнанага сэпаратысцкага рэгіёну нават забываюць мяняць назву ў законе з «Расейскай фэдэрацыі» на «Прыднястроўскую Малдаўскую сацыялістычную рэспубліку», — кажа Алена Марчкова.
Любы закон, які прымаецца ў Расеі, празь месяц-два, часам праз паўгода, аўтаматычна прымаецца і ў Прыднястроўі.
«Уся наша заканадаўчая сыстэма мае тэндэнцыю да, як у нас прынята казаць, „гарманізацыі“ з заканадаўствам Расеі. Любы закон, які прымаецца ў Расеі, празь месяц-два, часам праз паўгода, аўтаматычна прымаецца і ў Прыднястроўі. Усе рэформы, якія адбываюцца ў Расеі, паўтараюцца ў розных сыстэмах, у тым ліку ў сыстэме адукацыі Прыднястроўя», — працягвае экспэрт з Тыраспалю.
Для прыднястроўскага кіраўніцтва недастаткова мець тую самую адукацыйную праграму, што і ў Расеі. Сёлета яны пайшлі на крок далей і ўвялі расейскія падручнікі.
«Сёлета Расея зрабіла вялікі падарунак усім прыднястроўскім школьнікам. Гэта больш за 130 падручнікаў, якія надрукаваныя ў Расеі. Мая дачка вярнулася са школы 1 верасьня і прынесла поўны партфэль падручнікаў, паказала іх мне. Там няма гісторыі Прыднястроўя, там ёсьць гісторыя Расеі. Там няма гісторыі Ўкраіны, хоць яна этнічная ўкраінка, там няма гісторыі Малдовы, там ёсьць толькі гісторыя Расеі», — распавядае Алена Марчкова.
Што да ўкраінскіх школ, то яна распавяла, што падручнікі для іх, якія былі прывезены з Украіны, былі канфіскаваныя мясцовымі сіламі бясьпекі, і ўжо два тыдні дзеці займаюцца без падручнікаў.
У цэлым Алена Марчкова апісала яшчэ сумную карціну таго, чым павінны займацца прыднястроўскія настаўнікі. Яны, па сутнасьці, складаюць дасье на кожнага вучня.
«На працягу году настаўнікі павінны запоўніць больш за тысячу розных папер. Гэта і асабістая справа вучня, збор дадзеных пра яго сям’ю, умовы яго пражываньня, заработная плата бацькоў, калі бацькі дзесьці на заробках, то дзе яны знаходзяцца, як доўга там плянуюць быць, колькі там зарабляюць, з кім застаецца гэтае дзіця. На кожнае дзіця запаўняюць псыхалягічны партрэт, дзе гаворыцца пра яго здольнасьць да агрэсіі, да стрымліваньня агрэсіі, яго фізычныя паказчыкі, хваробы, хто яго цёткі і дзядзькі, які статус члены сям’і маюць у спэцслужбах і да таго падобнае. Усю гэтую інфармацыю настаўнік абавязаны зьбіраць на кожнага вучня. У выніку настаўнік ня мае часу на адукацыйны і пэдагагічны працэс», — заключае Алена Марчкова.
Усё гэта, на думку экспэртаў, мае на мэце выхаваньне паслухмяных мас, якія ня здолеюць крытычна мысьліць, і ня будуць прафэсіяналамі і самастойнымі грамадзянамі. Ва ўсіх трох прыкладах спэцыялісты ўскладаюць надзеі толькі на зьмену палітычнай сыстэмы ў Расеі, бо, на іх думку, такая сыстэма руйнуе сама сябе.