У Менску ставяць «андэграўндны» спэктакль пра Браніслава Тарашкевіча

Аляксей Сапрыкін у ролі Браніслава Тарашкевіча і Алена Жукоўская ў ролі ягонай жонкі

Дзясятак апантаных актораў-энтузіястаў ахвяруюць свае вечары, рыхтуючы спэктакль «Браніслаў Тарашкевіч. Эцюды з жыцьця ды сноў».

Кіруе аматарскай трупай аўтар п’есы пра Браніслава Тарашкевіча і рэжысэр самога спэктакля Эльдар Бякіраў. П’есу пра рэфарматара беларускага правапісу Эльдар напісаў яшчэ ў 2012 годзе, але рэалізоўваецца пастаноўка толькі цяпер — пры падтрымцы Арт Сядзібы і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў.

Прэм’ерны паказ заплянаваны на лістапад.

«Я думаў, чаму беларуская мова толькі для ўрокаў і тэатру»

26-гадовы рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля Эльдар Бякіраў кажа, што напісаць твор пра Браніслава Тарашкевіча яго падштурхнулі развагі пра тое, чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску, чаму беларуская мова выкарыстоўваецца толькі ў строга вызначаных сытуацыях — урок у школе, тэатральная пастаноўка, паэтычнае мерапрыемства.

«Я задумаўся пра гэта яшчэ на першым курсе ўнівэрсытэту. Не знайшоўшы адказу, пачаў пісаць п’есу пра Браніслава Тарашкевіча. У п’есе няма лінейнага сюжэту, падзеі адбываюцца ў мінулым і ў сучаснасьці, у рэальнасьці і ў снах галоўнага героя. Гэта эклектычны твор. Я мог бы напісаць пра Якуба Коласа ці, напрыклад, Янку Купалу, але абраў Тарашкевіча — рэфарматара, апантанага беларускай мовай, чалавека, да якога варта быць падобным», — кажа Эльдар.

Эльдар Бякіраў і Аляксей Сапрыкін

«Веру, што тарашкевічы жывуць і сёньня»

Каб падзеі ў спэктаклі былі гістарычна дакладнымі, рэжысэр і вядучыя акторы кансультаваліся з тарашкевічазнаўцамі, у прыватнасьці з Арсенем Лісам, які ведае пра жыцьцё Тарашкевіча ўсё.

«Але я не хацеў цалкам сканцэнтравацца на мінуўшчыне, на часе, калі жыў Тарашкевіч. Таму ў спэктаклі ёсьць сцэны, якія адбываюцца ў сучаснасьці, ёсьць атрыбуты сучаснасьці, напрыклад — людзі разьлічваюцца эўрамі, але ёсьць і савецкія рэаліі. Часам я чую пытаньне: што было б, каб Браніслаў Тарашкевіч жыў цяпер? Як бы ён ацаніў стаўленьне нашых сучасьнікаў да беларускай мовы? І мой адказ такі — я спадзяюся, я веру, што тарашкевічы жывуць сярод нас і сёньня і што аднойчы яны заявяць пра сябе», — кажа Эльдар Бякіраў.

Эльдар Бякіраў — выпускнік студыі пры Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску. Студэнтам геаграфічнага факультэту БДУ ўдзельнічаў як актор у студэнцкім тэатры «На бальконе». Скончыўшы ўнівэрсытэт, вырашыў паспрабаваць сябе ў рэжысуры. «Браніслаў Тарашкевіч» — гэта яго трэцяя пастаноўка.

Распрацоўка роляў

«Нашы акторы павінны гарэць Тарашкевічам»

Сярод удзельнікаў — акторы драматычнага тэатру БДУ «На Бальконе», а таксама аматары, якіх выбралі шляхам кастынгу.

24-гадовы актор Аляксей Сапрыкін, які грае галоўную ролю ў спэктаклі, кажа, што галоўнае тут — не акторскае майстэрства, а жаданьне паспрыяць беларускай мове:

«У нас тут не акторы, а людзі розных прафэсіяў і нават даволі рознага ўзросту — ёсьць 19-гадовыя студэнты, а ёсьць цалкам дарослыя людзі зь сем’ямі. Галоўным крытэрам адбору было жаданьне распавесьці людзям, хто такі Браніслаў Тарашкевіч і чаму нам важна паважаць і любіць беларускую мову. Гэтым мы кіраваліся. Для нас гэта хобі, тут патрэбны імпэт, каб займацца гэтым, прысьвячаючы свой вольны час рэпэтыцыям. Але мы гарым гэтым праектам».

Аляксей Сапрыкін рэпэтуе ролю Браніслава Тарашкевіча

«Няправільнае вымаўленьне не прабачаем»

Прыйшоўшы на рэпэтыцыі, ня ўсе акторы мелі правільнае беларускае вымаўленьне, але стваральнікі спэктакля разумелі — у пастаноўцы пра Тарашкевіча гэта можа стаць недаравальнай памылкай. Таму арганізавалі нешта накшталт курсаў беларускай мовы:

«Мы праводзім адмысловыя заняткі, каб падцягнуць мову і асабліва вымаўленьне ў актораў. Зразумела, што тэма спэктакля вымагае дасканалага валоданьня беларускай мовай. Таму акторы займаюцца зь філёлягам, каб не было памылак», — кажа Аляксей Сапрыкін.

Які лёс напаткае спэктакль «Браніслаў Тарашкевіч. Эцюды з жыцьця ды сноў», пакуль сказаць цяжка. Ды ўдзельнікі і самі прызнаюцца, што ня маюць мэты прабіцца на афіцыйную сцэну:

«Мы будзем ставіць „Браніслава Тарашкевіча“ ў невялікіх прыватных памяшканьнях, тым больш што гэта камэрны спэктакль, разьлічаны максымум на сто гледачоў. Але яго трэба паказваць часта. І я перакананы, што мы будзем ставіць яго часта. Думаю, мы зладзім тур па Беларусі з гэтым спэктаклем. Магчыма, будуць і замежныя гастролі», — падзяліўся плянамі Аляксей Сапрыкін.

Крысьціна Літвін грае савецкага сьледчага