Пра гэта Свабодзе паведаміў бацька зьняволенага Валер Бандарэнка:
«Заканчваецца тэрмін, падчас якога Андрэй застаецца зьняволеным у турэмнай камэры-адзіночцы. У свой час ён сам напісаў заяву пра ізаляваньне яго ад іншых вязьняў, каб пазьбегнуць правакацыяў і зьдзекаў. 6 кастрычніка гэты тэрмін заканчваецца, і Андрэй мае быць пераведзены на агульны рэжым.
Праз свайго адваката ён паведаміў, што больш ня будзе пісаць заяваў аб зьмяшчэньні яго ў камэру-адзіночку, бо прыйшоў да высновы і перакананы, што ўсе правакацыі супраць яго чыніць адміністрацыя турмы рукамі кіраваных зьняволеных. Таму ён вырашыў пакінуць намаганьні пазьбягаць правакацыяў, а хоча супрацьстаяць ім.
Таму Андрэй просіць праваабаронцаў і грамадзкасьць падтрымаць ягоныя высілкі ў змаганьні за свае правы і выказаць яму сваю салідарнасьць».
З гэтым зваротам ад імя сына Валер Бандарэнка выступіў на круглым стале, які праводзіў «Камітэт салідарнасьці з Жамчужным і Бандарэнкам».
Адна з арганізатарак акцыі салідарнасьці Ганна Шапуцька сказала, што цяпер праваабаронцы і грамадзкія актывісты вырашаюць, якая форма падтрымкі для Андрэя Бандарэнкі будзе найбольш прыдатнаю.
Яна дадала, што, спасылаючыся на эўрапейскія нормы, праваабаронцы і юрысты прызналі Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага палітвязьнямі. Рыхтуецца адпаведны зварот у эўрапейскія праваабарончыя арганізацыі.