Актывісты руху накіроўваюцца ў Бярозаўскі кляштар, дзе ў міжваенныя гады месьціўся канцэнтрацыйны лягер, каб ушанаваць памяць закатаваных. Акцыя праводзіцца 17 верасьня — у дзень чарговай гадавіны прыходу войскаў Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Гэтай акцыяй ушаноўваецца памяць ахвяраў усіх таталітарных рэжымаў, паведаміў Свабодзе Вячаслаў Сіўчык:
«У мінулым стагодзьдзі, да незалежнасьці Беларусі, нашай краінай кіравалі акупацыйныя рэжымы. Усе гэтыя рэжымы праводзілі палітыку этнацыду мясцовага насельніцтва, у тым ліку царская Расея і міжваенная Польшча. А два таталітарныя рэжымы — нацысты і камуністы, акрамя палітыкі этнацыду, яшчэ праводзілі палітыку генацыду беларускай нацыі.
Менавіта таму акцыі ўшанаваньня памяці ахвяраў беларускай нацыі, памяці змагароў за Беларусь тычацца ня толькі савецкага пэрыяду. Гэтая акцыя тычыцца правоў і свабодаў беларускага насельніцтва пэрыяду міжваеннай Польшчы. Бо палітыка міжваеннай Польшчы была абсалютна неталерантнай і праводзіла адкрытую палітыку этнацыду беларусаў».
Акцыі памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў рух салідарнасьці «Разам» праводзіць ужо некалькі гадоў.