Тэлефонны хуліган Уладзімір Красноў, больш вядомы як «пранкер Ваван», прызнаўся, што тэлефанаваў брытанскаму сьпеваку Элтану Джону ад імя прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію «Камсамольскай праўдзе».
«Мы падумалі, што Пуцін наўрад ці захоча, прынамсі ў бліжэйшым часе, зь ім сустракацца і тэлефанаваць, але, аказалася, што Элтан Джон вельмі чакае гэтага званка, таму без прамаруджаньня паверыў у рэальнасьць размовы з тымі людзьмі, якімі мы прадстаўляліся», — адзначыў Красноў. Пры гэтым ролю прэс-сакратара прэзыдэнта Дзмітрыя Пяскова выканаў па тэлефоне Аляксей Сталяроў па мянушцы «Лексус».
15 верасьня прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў абверг факт размовы паміж Пуціным і Джонам. Пры гэтым, паводле яго, прэзыдэнт гатовы да асабістай сустрэчы са сьпеваком. «Не сумняваюся, што калі будзе такое пажаданьне, прэзыдэнт будзе гатовы сустрэцца ў тым ліку і з Элтанам Джонам, для таго, каб даць адказы на ўсе пытаньні, якія ён зможа паставіць. Але пакуль мы такіх сыгналаў не атрымлівалі», — заявіў Пяскоў.
Аб сваёй размове з прэзыдэнтам брытанскі сьпявак і кампазытар напісаў у Instagram.
Выступаючы 12 верасьня на форуме ў Кіеве, Элтан Джон заявіў, што гатовы сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам, каб абмеркаваць праблемы геяў у Расеі. Сам ён прызнаў такую магчымасьць малаверагоднай. «Я хацеў бы сустрэцца з Пуціным. Ён можа засьмяяцца мне ў сьпіну, калі зачыніць за мной дзьверы, і назваць мяне поўным ідыётам, але, прынамсі, я буду ведаць, што ў мяне хапіла сумленьня паспрабаваць», — адзначыў Элтан Джон.
Пра гэта інфармуе партал lenta.ru