Легальных аўтамайстроў зноў штурхаюць «у цень»

Прыватныя аўтамайстэрні ў горадзе, як правіла, невялікія – на адну-дзьве машыны

Кіраўнікі гарадзенскіх прыватных аўтамайстэрняў просяць улады не падвышаць цэны за арэнду памяшканьняў. Яны цьвердзяць, што іхні бізнэс ня вытрымае такога цяжару і давядзецца яго закрываць.

Уладальнікі аўтамайстэрняў Горадні атрымалі ад уласьнікаў камунальнай маёмасьці паведамленьні, што арэнда памяшканьняў узрастае дзе ў два, а дзе нават у тры разы. Для многіх уладальнікаў СТА і шынамантажу гэта было зусім неспадзявана.

Гаспадары аўтамайстэрняў сабраліся і напісалі ліст да гарадзенскіх уладаў з просьбай не падвышаць арэндную плату за памяшканьні, бо гэта пагражае спыненьнем бізнэсу.

Спадар Аркадзь кажа, што трымае невялікую майстэрню, дзе займаецца пераважна заменай масла для аўтамабіляў, і з падвышэньнем кошту арэнды папросту ня здолее далей весьці свой бізнэс. Ён не разумее, навошта дзяржава так ставіцца да яго, бо цяпер ён плаціць усе падаткі, а так яму давядзецца закрываць індывідуальную дзейнасьць і працаваць пад «чорным сьцягам», як робяць ужо многія.

— У нас і так шмат хто з кліентаў ужо адышоў да так званых «гаражнікаў», бо там рамонт абыходзіцца таньней. Але там людзям не даюць гарантыі. Мы ж плацім усе падаткі, гарантуем рамонт, а там людзі пры зачыненых варотах робяць па-чорнаму і ніякіх грошай у дзяржаўную казну не пералічваюць.

А вось спадар Аляксей ужо вывез сваё абсталяваньне з арандаванага памяшканьня, Кажа, што пашэнціла — удалося знайсьці месца арэнды ў прыватнага гаспадара. Запрашае зайсьці ў былы свой гараж і паглядзець, за што наагул у яго бралі грошы — 60 квадратных мэтраў яму каштавалі два мільёны рублёў на месяц. Мы адчынілі дзьверы, і сапраўды — убачанаму можна толькі жахнуцца.

— Ну вось тут ёсьць сьцены, часткова — падлога, якую трэба рамантаваць, вароты — іх таксама трэба было зрабіць, таму што будынак быў збудаваны яшчэ да вайны. Дах тут ніхто не рамантаваў недзе 25 гадоў, і часткова яго нават няма...

За такое памяшканьне пад прыватную майстэрню арэнда вырасла ў тры разы

Спадар Аляксей распавядае, што апошнім часам стала праблематычна разьлічвацца нават за гэтую арэнду, бо заўважна зьменшылася колькасьць кліентаў. Кажа, што аўтарамонтны бізнэс ня могуць утрымліваць нават тыя, у каго свае ўласныя памяшканьні — улады робяць усё дзеля таго, каб яны не маглі працаваць.

— Усе зараз церпяць ад праблемаў. Да прыкладу, такая вядомая і буйная аўтамайстэрня, як «Аўтадоктар», не задзірае вялікіх коштаў за свае паслугі, але, тым ня менш, працы ў іх таксама няма, бо людзі папросту ня могуць плаціць. У іх свае памяшканьні, але трэба сплаціць падаткі за работнікаў, проста падаткі, існуе яшчэ шмат таго, што можна аднесьці да схаваных падаткаў. Да прыкладу, тыя ж самыя судовыя затраты, якія ўзьнікаюць у любой аўтамайстэрні ў выніку супярэчлівых адносін з кліентамі — гэта насамрэч таксама вялікія расходы.

Спадар Васіль дадае, што колькі гадоў таму дзяржава паспрабавала выводзіць людзей з гаражоў, каб яны працавалі афіцыйна, плацілі падаткі. Дзеля гэтага прынялі новае заканадаўства. Няхай, кажа Васіль, і зусім сырое, але, тым ня менш, многія легалізавалі сваю працу. Праўда, на працягу паўгода зноў мусілі вярнуцца «пад чорны сьцяг».

— Таму што пасьля ўвядзеньня заканадаўства раптоўна зьявіўся новы закон, паводле якога за кожнага работніка аўтамайстэрні давялося плаціць падатак — тады гэта складала мільён з хвосьцікам. Вы не пасьпелі пачаць працаваць, а ўжо адразу заплаціце за бухгальтара, за прыбіральшчыцу і каго заўгодна. Людзі тады вярнуліся ў гаражы, і такая ж пэрспэктыва цяпер пагражае і нам: працаваць «па-чорнаму» і не плаціць ніякіх падаткаў. Максымум, што нам пагражае за гэта — штраф у 900 тысяч, і ўсё. А ўявіце, калі арэндную плату мне прапануюць 5–6 мільёнаў, то мне зручней заплаціць прыватніку мільён за гараж і за той самы штраф. А да ўсяго, я ня буду мець праблемаў з падатковай, санэпідэмстанцыяй, пажарнікамі і іншымі службамі.