Зьявілася перадвыбарчая праграма кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Ўлаховіча.
Як паведамляе tut.by, праграма Мікалая Ўлаховіча не распаўсюджваецца ў інтэрнэце і пакуль існуе толькі ў выглядзе друкаваных улётак.
Лёзунг кампаніі Ўлаховіча — «За мір, спакой і парадак».
Праграма падзеленая на шэсьць блёкаў.
Духоўна-патрыятычнае выхаваньне — разьвіцьцё нацыянальнай ідэнтычнасьці беларускай нацыі «на аснове шматвяковай гістарычнай спадчыны, традыцыяў і культуры, праз адраджэньне роднай мовы», падтрымка і супрацоўніцтва з традыцыйнымі канфэсіямі, якія дзейнічаюць у Беларусі, а таксама супрацьстаяньне спробам перапісаць гісторыю, асабліва — гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
Умацаваньне дзяржаўнасьці — «мудрасьць і досьвед беларускага народа дазваляюць пазьбегнуць сьляпога сьледаваньня прынцыпам ілюзорнай замежнай дэмакратыі, без адмаўленьня перадавых агульначалавечых каштоўнасьцяў і значнасьці найбольш перадавых формаў узаемадзеяньня грамадзянскай супольнасьці і ўлады». Таксама прапануецца пашырыць удзел грамадзянскай супольнасьці ў кіраваньні дзяржавай, перайсьці на зьмяшаную сыстэму выбараў па партыйных сьпісах, ліквідаваць празьмерную цэнтралізацыю, даць больш самастойнасьці суб’ектам гаспадараньня, забясьпечыць незалежнасьць усіх галін улады і далучаць грамадзянскую супольнасьць да антыкарупцыйнай дзейнасьці.
Экалёгія — ашчаднае стаўленьне да прыроды, укараненьне прагрэсіўных мэтадаў гаспадараньня і «зялёных» тэхналёгіяў.
Эканоміка — разьвіцьцё і ўмацаваньне традыцыйных для Беларусі галін эканомікі, адмова ад вытворчасьці «ўсяго ў сябе», каб пашырыць міждзяржаўную эканамічную інтэграцыю; павышэньне канкурэнтаздольнасьці прадукцыі, стварэньне ўмоў для прытоку інвэстыцыяў і перадавых тэхналёгіяў, паэтапнае скарачэньне зьнешняга дзярждоўгу, правядзеньне ўзважанай манэтарнай палітыкі, спрашчэньне падатковай сыстэмы і скарачэньне колькасьці падаткаў.
Працоўная сфэра — гарантыі поўнай занятасьці для працаздольнага насельніцтва, выкарыстаньне досьведу пэнсіянэраў, якія працуюць, захаваньне «пераемнасьці працоўных дынастыяў», а таксама зьмены ў цяперашняй кантрактнай сыстэме.
Сацыяльная сфэра — забесьпячэньне годнага заробку лекарам, мэдпэрсаналу, настаўнікам, супрацоўнікам дашкольных устаноў, працаўнікам культуры, захаваньне дзяржпадтрымкі для найменш забясьпечаных пластоў насельніцтва, фармаваньне даступнага асяродзьдзя для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі і асаблівасьцямі разьвіцьця, умацаваньне сувязі навукі з вытворчасьцю, заахвочваньне здаровага ладу жыцьця, разьвіцьцё спорту, барацьба з алькагалізмам, курэньнем і наркаманіяй, асабліва сярод моладзі.