У суботу, 12 верасьня 2015 года, спынілася сэрца Аляксея Караля — гісторыка, палітоляга, галоўнага рэдактара газэты «Новы Час».
Пісьменьніца і супрацоўніца газэты Марыя Мартысевіч узгадвае сваю працу пад кіраўніцтвам Аляксея Караля:
«Па сыходзе Аляксея Караля будуць смуткаваць ня толькі ягоныя аднагодкі. Бо мне патэлефанавалі шмат людзей — маіх раўналеткаў, якія працавалі са спадаром Аляксеем у журналістыцы, і для іх гэтая сумная навіна была шокам. Гэта чалавек, які не дзяліў людзей паводле ўзросту — ён для ўсіх нас быў маладым. Праца ў калектыве «Новага часу» — гэта не была праца пакаленьняў, але праца з аднадумцамі. І вось гэтая энэргія — зьбіраць аднадумцаў — для мяне была вельмі важнай рысай спадара Аляксея. І гэта быў вельмі лібэральны кіраўнік, бо вельмі мала нават у незалежных ініцыятывах праяваў лібэралізму да працаўнікоў і падначаленых.
І гэта вельмі многіх уражвала — і тых, хто прыходзіў працаваць у газэту зь іншых выданьняў, і людзей, якія супрацоўнічалі з выданьнем. І мне падаецца, што вось гэтае братэрства і падтрымка ў калектыве была той каштоўнасьцю, якая існавала, дзякуючы Аляксею Сьцяпанавічу».