Арцём Шрайбман: «Бліжэй да палітыкі — тактыка Тацяны Караткевіч»

(Зьлева направа) Міхаіл Орда, Тацяна Караткевіч і Сяргей Гайдукевіч падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнты ў Цэнтравыбаркаме

10 верасьня Цэнтравыбаркам зарэгістраваў чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты. Чаму на гэтую працэдуру не прыйшоў Аляксандар Лукашэнка? Чаму зьявіліся адразу два спарынг-партнэры дзейнага кіраўніка дзяржавы? Як ацаніць дзьве тактыкі апазыцыі падчас цяперашняй кампаніі?

Удзельнікі: палітоляг Юры Чавусаў і палітычны аглядальнік інтэрнэт-парталу tut.by Арцём Шрайбман.

Працэдура рэгістрацыі

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч: «Рэгістрацыя чатырох кандыдатаў у прэзыдэнты дала старт новаму пэрыяду выбарчай кампаніі — пэрыяду агітацыі. Што вам падалося адметным падчас самой працэдуры рэгістрацыі? Чаму на гэтае мерапрыемства не прыйшоў Аляксандар Лукашэнка?»

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў: «Для палітыка, які імкнецца паставіць сябе па-над схваткай, гэта звыклая стратэгія. Але, думаю, атачэньне Лукашэнкі недаацэньвае ўплыў грамадзкай думкі. Вось падчас рэгістрацыі, калі кандыдаты ў прэзыдэнты выступалі, ім апладзіравалі. А калі выступаў кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі Арда, то воплескаў не было».

Арцём Шрайбман

Арцём Шрайбман: «Лукашэнка не прыйшоў на рэгістрацыю, бо хоча быць вышэй за „роўных“. Хоча паказаць, што ўся кампанія — гэта гульня для дзетак. І адзінае месца, дзе ён гатовы быць побач зь іншымі кандыдатамі, — гэта выбарчы бюлетэнь. Такі вобраз цалкам спрацоўвае на традыцыйны электарат Лукашэнкі. У гэтым сэнсе дэбаты ў значнай меры трацяць сэнс без удзелу кіраўніка дзяржавы. Такая тактыка, якую рэалізуе Лукашэнка, распаўсюджаная для аўтарытарных кіраўнікоў. І Пуцін таксама ня ўдзельнічае ў дэбатах, ён накіроўваў туды сваіх давераных асобаў. Думаю, Лукашэнка нават і гэтага рабіць ня будзе».

Лукашэнка і спарынг-партнэры

Карбалевіч: «Падчас мінулых выбараў (за выключэньнем 2010 году) дзяжурным спарынг-партнэрам Лукашэнкі быў Сяргей Гайдукевіч. Гэтым разам у такой ролі зьявіўся яшчэ адзін прэтэндэнт — Мікалай Улаховіч. І, наколькі можна меркаваць, першапачаткова плянавалася вылучыць нават трох спарынг-партнэраў. Маю на ўвазе Віктара Цярэшчанку. Чаму ў гэтым пляне мяняецца сцэнар уладаў?»

Чавусаў: «Цярэшчанка, вядома, спарынг-партнэр. Але яго не зарэгістравалі з прычыны ягонага пазыцыянаваньня. Бо ён выказаўся за беларускую мову ў якасьці адной дзяржаўнай, ягоныя зьбіральнікі подпісаў надзелі вышыванкі. Акрамя таго, Цярэшчанка — адзіны эканаміст сярод апанэнтаў Лукашэнкі. У 2010 годзе ён у тэлевыступе апавядаў, чаму беларуская сацыяльна-эканамічная мадэль кепская.

Улаховіч — гэта новае, што ёсьць на гэтых выбарах. Ён падкрэсьлена ляяльны Лукашэнку. На яго фоне нават Гайдукевіч выглядае апазыцыянэрам. Гэта мяняе мадэль беларускіх выбараў ад маніпулятыўных да цалкам дэкаратыўных. Гэта як ва Ўзбэкістане, дзе таксама, акрамя дзейнага прэзыдэнта, вылучаюцца і іншыя кандыдаты, якія ў ходзе выбараў спаборнічаюць у тым, хто больш камплімэнтаў скажа кіраўніку. Вось Улаховіч — спарынг-партнэр новага ўзроўню».

Галоўнае пытаньне, якое вырашае ўлада, — як гэтыя выбары будуць успрынятыя беларускай і міжнароднай супольнасьцю.

Шрайбман: «Гэта тактычная зьмена. Думаю, прычыны нерэгістрацыі Цярэшчанкі былі трохі іншыя. Галоўнае пытаньне, якое вырашае ўлада, — як гэтыя выбары будуць успрынятыя беларускай і міжнароднай супольнасьцю. У грамадзтве, сацыяльных сетках існуе перакананьне, што гэта ня выбары, а цырк. І вось, каб абвергнуць гэтую думку, не рэгіструюць Цярэшчанку, як больш-менш ляяльнага да ўлады кандыдата. Палічылі, што двух спарынг-партнэраў дастаткова, трэці непатрэбны».

Чавусаў: «А чаму адбракавалі менавіта Цярэшчанку? Няўжо ў яго горшыя подпісы, чым, напрыклад, ва Ўлаховіча? І апроч таго, для дэманстрацыі выбараў як разнастайных і альтэрнатыўных кандыдат Цярэшчанка выглядае лепш, чым падкрэсьлена ляяльны Ўлаховіч».

Шрайбман: «Дарэчы, наконт сумнеўных подпісаў Улаховіча я б ня быў такім катэгарычным. Ва Ўлаховіча ёсьць пэўны адміністратыўны рэсурс. Ён займае пасаду намесьніка кіраўніка Менскага абласнога саюзу спажывецкіх таварыстваў. Гэта вялікая структура. І зь яе дапамогай можна было назьбіраць шмат подпісаў».

Дзьве тактыкі апазыцыі ў цяперашняй кампаніі

Карбалевіч: «Чым далей рухаецца выбарчая кампанія, тым больш выяўляецца раскол у апазыцыі. Цяпер мы выразна бачым дзьве тактыкі. Кампанія „Гавары праўду“ падтрымлівае Тацяну Караткевіч і заклікае электарат прыйсьці на выбары і падтрымаць яе. А большасьць апазыцыйных структураў заклікае ня удзельнічаць, ігнараваць выбары. Гэта такая схаваная форма байкоту. У падтрымку гэтай тактыкі Мікола Статкевіч правёў у чацьвер пікет. Якая тактыка больш эфэктыўная?»

Такога глыбокага расколу адносна ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі раней не было.

Чавусаў: «Так, ёсьць тактыка кампаніі „Гавары праўду“. А вось у іхніх апанэнтаў, якія заклікаюць ня ўдзельнічаць у выбарах, вялікі россып падыходаў. Першапрычына рознагалосьсяў — гэта адсутнасьць даверу. Такога глыбокага расколу адносна ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі раней не было. Бо не было такой крытыкі на адрас адзінага кандыдата апазыцыі з боку астатняй апазыцыі».

Шрайбман: «Не выпадае казаць пра эфэктыўнасьць абедзьвюх тактык, бо ніводная зь іх не вядзе да перамогі апазыцыі. Тут варта паглядзець, якія мэты ставяць перад сабой розныя групы апазыцыі.

Калі ставіць на мэце зрабіць добры піяр сваёй арганізацыі і кандыдата, то тактыка „Гавары праўду“ выглядае лепш. Бо цягам месяца ўвага грамадзтва і мэдыяў будзе сканцэнтраваная на Тацяне Караткевіч.

Тая частка апазыцыі, якая заклікае да няўдзелу ў выбарах, ставіць задачу заваяваць маральны аўтарытэт у вузкім коле сваіх прыхільнікаў. І тут тактыка байкоту працуе.

Але бліжэй да палітыкі — тактыка кампаніі „Гавары праўду“ і іхняга кандыдата Караткевіч. У будучым яна можа прывесьці да супрацы з канструктыўнай часткай улады, магчыма, уваходу ў Палату прадстаўнікоў».