Вечарам 11 верасьня ў Менск прыбыла новая кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.
Нямецкая дыпляматка Андрэа Віктарын зьмяніла на гэтай пасадзе Майру Мору, якая завяршыла сваю дыпляматычную місію ў Беларусі 31 жніўня.
Андрэа Віктарын нарадзілася 13 сьнежня 1957 году. З 1989 году на дыпляматычнай службе ў МЗС Нямеччыны. Працавала ў пасольствах ФРГ у Латвіі, Нідэрляндах, Армэніі. У 2000–2003 гадах была дарадцам пасольства Нямеччыны ў Беларусі. З 2012 года і да апошняга прызначэньня Віктарын узначальвала нямецкае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Рызе.
Майра Мора, ад’яжджаючы з Менску, адзначыла, што пакідае Беларусь на хвалі паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам. «Жадаю, каб адносіны заставаліся такімі і ў далейшым, таму што мы суседзі і павінны жыць у міры і згодзе. Я пакідаю сваю любімую Беларусь у вельмі добрых руках», — сказала яна 24 жніўня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, маючы на ўвазе сваю пераемніцу.