У заяве па выніках візыту ў Беларусь дэлегацыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) заклікала ўлады працягнуць удасканальваньне сытуацыі з правамі чалавека.
Як паведамляе БелаПАН, візыт дэлегацыі ПАРЭ завяршаецца 10 верасьня. Яго арганізавалі, каб ацаніць перадвыбарную кампанію і палітычны клімат перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
На працягу трох дзён прадстаўнікі ПАРЭ сустрэліся са сьпікерамі палат Нацыянальнага сходу Беларусі, міністрам замежных спраў, старшынёй ЦВК, кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, прэтэндэнтамі на пасаду прэзыдэнта Беларусі і іх прадстаўнікамі, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і СМІ, міжнароднай супольнасьці і кіраўніком назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ.
У выніковай заяве дэлегацыя вітае адкрытасьць беларускіх уладаў, якія запрасілі прадстаўнікоў ПАРЭ ў краіну ўпершыню за апошнія 14 гадоў.
Сябры дэлегацыі таксама вітаюць запрашэньне беларускім бокам пашыранай групы міжнародных арганізацыяў дзеля назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, у тым ліку доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, безь якіх-колечы абмежаваньняў іхняй працы. Гэта, як падкрэсьліваецца ў заяве, адпавядае міжнародным абавязаньням Беларусі.
Акрамя таго, ПАРЭ вітае вызваленьне шасьцёх палітвязьняў, у тым ліку былога кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.
«Дэлегацыя ПАРЭ вітае гэтае пазытыўнае паляпшэньне і заклікае ўлады працягнуць удасканальваньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, што зьяўляецца асноўнай умовай доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасьці ў краіне», — гаворыцца ў заяве.
Сябры дэлегацыі адзначаюць, што шмат хто з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі ў гутарцы зь імі падкрэсьліваў, як важна, каб кандыдаты ў прэзыдэнты ў працэсе збору подпісаў мелі роўныя магчымасьці і каб прадухілялася выкарыстаньне адміністрацыйных рэсурсаў на карысьць дзейнага прэзыдэнта.
Прадстаўнікі апазыцыі праінфармавалі дэлегацыю пра незбалянсаваны склад тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў, гаворыцца ў заяве. Палітычныя партыі і грамадзкія арганізацыі могуць вылучаць як мінімум траціну сябраў гэтых камісіяў, адзначае дэлегацыя ПАРЭ, але, паводле інфармацыі апазыцыі, сярод 69 тысяч сябраў выбарчых камісіяў — усяго 40 іхніх прадстаўнікоў.
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што публічнае тэле- і радыёвяшчаньне абавязана забясьпечыць роўны доступ да эфіру ўсім кандыдатам у прэзыдэнты, не аддаючы перавагі дзейнаму прэзыдэнту.
Прадстаўнікі ПАРЭ заклікалі ўсіх кандыдатаў узяць удзел у заплянаваных на 3 кастрычніка тэледэбатах, якія, на думку дэлегацыі, дапамогуць разьвіваць культуру палітычных дэбатаў у Беларусі і дадуць электарату магчымасьць зрабіць усьвядомлены выбар.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы накіруе ў Беларусь дэлегацыю з 11 чалавек для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія пройдуць 11 кастрычніка, гаворыцца ў заяве.