Намёты
Намёты цяпер цягнуцца ўздоўж Дома ўраду некалькімі роўнымі шэрагамі. Яны лёгкія, турыстычныя, бо верасень тут адносна цёплы — уначы можа быць градусаў 12, а ўдзень усе 25.
Кожны намёт павінен мець свой нумар і быць зарэгістраваны ў штабе. Наглядная агітацыя — на ўпадабаньне ягоных жыхароў. Часта на намётах толькі нумар і шыльда з назвай мясьціны, адкуль прыехалі пратэстоўцы. На час пратэсту намёт цалкам замяняе дом.
Паўз плошчу праходзіць і самая буйная вуліца сталіцы — праспэкт імя Штэфана Чэл Марэ шы Сфінт (Стэфана Вялікага і Сьвятога — легендарнага кіраўніка Малдаўскага княства). На праезную частку, дзе рух вельмі ажыўлены, намётавы гарадок не выходзіць. Месца яшчэ для мноства намётаў павінна хапіць і безь перакрываньня вуліцы.
Дом ураду
Дом ураду ахоўваюць паліцыянты, якія стаяць праз кожныя мэтраў 5–7. Падыходзіць да самога будынку нельга, хоць службоўцы свабодна праходзяць і выходзяць. Яшчэ некалькі паліцыянтаў стаяць зь іншага боку намётавага лягера і на адваротным баку праспэкта, дзе заўжды зьбіраецца шмат ахвотных паназіраць. З абодвух канцоў лягера дзяжураць паліцэйскія машыны. Паліцыя аніяк ня ўмешваецца ў дзеяньні пратэстоўцаў і трымаецца воддаль. У паліцыі адмысловая форма, у якой малады і прывабны паліцэйскі выглядае як герой знакамітага комікса «Жалезны чалавек».
Пратэстоўцы чакаюць, што прадстаўнікі ўлады выйдуць да іх пагаварыць, але ніхто не выходзіць.
Сцэна-трыбуна і гукаўзмацняльная апаратура
Важны элемэнт жыцьця, вакол якога гуртуецца ўвесь лягер. На сцэну выходзяць кіраўнікі пратэсту — лідэры аб’яднаньня «Грамадзянская плятформа DA» (Годнасьць і праўда). Іх саміх ці не дзясятак чалавек, таму падчас мітынгу яны ўтвараюць на сцэне невялічкі натоўп.
За сцэнай ёсьць пульт для гукаапэратара, а вакол — даволі магутныя ўзмацняльнікі. Тут выступаюць музыкі, якія хочуць падтрымаць пратэстоўцаў, стыхійныя прамоўцы і падрыхтаваныя сьпікеры. Усім гэтым кіруе вядоўца. Праз плязму людзі па вечарах глядзяць навіны і камэнтуюць іх воплескамі ці сьмехам, калі, напрыклад, у тэлевізары зьяўляецца хтосьці са зьненавіджаных асобаў — прэзыдэнт Цімафці або кіраўнік Лібэрал-дэмакратычнай партыі Філат.
Мясцовае самакіраваньне
Месьціцца пад асобным тэнтам і вырашае ўсе арганізацыйныя пытаньні. Тут вядуць улік, ведаюць, колькі чалавек у кожным намёце, сочаць за парадкам і стараюцца не дапускаць правакацыяў. «Мы прыйшлі сюды, каб адстаяць свой гонар і годнасьць і забраць тое, што „яны“ ў нас скралі», — кажа хлапец, якога завуць Сяргеем. На фота ён зьлева. У сераду ўдзень, калі мы размаўлялі, было зарэгістравана 226 намётаў, але ўжо ўвечары да іх дадаліся яшчэ дзясяткі.
Сэлебрыці
У лягер прыходзяць самі. Напрыклад, вельмі вядомы і паважаны малдаўскі hair-стыліст Віктар Мікуша прыйшоў на плошчу і стрыжэ бясплатна ўсіх спрэс. Мікуша — прэзыдэнт саюзу цырульнікаў Малдовы, сябар журы міжнародных конкурсаў, мае сетку пасьпяховых салёнаў па ўсёй краіне. За некалькі гадзін у лягеры ён пастрыг каля двух дзясяткаў чалавек. «Улады знахабіліся. Адкрыта крадуць. Я чалавек у гэтай краіне паважаны, мяне ўсе ведаюць, я заўжды за праўду», — кажа Віктар.
Ахова
Глядзець за парадкам узяліся суполкі вэтэранаў вайны ў Аўганістане і на Днястры. Гэта сталыя людзі ў камуфляжы, пры пагонах, вайсковых званьнях, мэдалях і з адпаведным досьведам. Вонкава моцна нагадваюць савецкага малдаўскага актора Міхая Валанціра. Пад іхным наглядам хутка наладзілі кухню, біятуалеты, сьметніцы, шпіталь, абвясьцілі «ціхі час» з 00.00 да 6.00 і выстаўляюць начныя і дзённыя дазоры. Яны круглыя суткі адсочваюць у лягеры новых і падазроных асобаў, каб пазьбегнуць правакацыяў.
Сталоўкі
Ад самага пачатку было дзьве ў розных канцах лягера, але выглядае, што будзе болей. Ежу і ваду прыносяць людзі, раздаюць валянтэры. Пад’есьці тут можа кожны ахвотны, да чаго шчыра запрашаюць.
Лязарэт
Зьявіўся 9 верасьня ў другой палове дня. Відаць, ёсьць патрэба.
Сьметніцы і біятуалеты
Сьметніц навезьлі шмат і парасстаўлялі паўсюль. Біятуалетаў адпачатку было два, але пасьля стала пяць. Калі ўвечары на плошчы зьбіраецца некалькі сотняў, іх заўважна бракуе.
Мэдыя
На плошчы працуе нават асобнае СМІ — JournalTV.
Сьцягі і стужкі
Нацыянальны сьцяг Малдовы вельмі маляўнічы — блакітна-жоўта-чырвоны з гербам у выглядзе арла пасярэдзіне. Сьцягі на плошчы паўсюль, розных памераў. Малдаване любяць колеры свайго сьцяга і масава выкарыстоўваюць іх у разнастайнай сымболіцы. Прапанова хутка зрэагавала на попыт, і вакол плошчы расьселіся стыхійныя гандляры з сымболікай.
Дзеці
Дзяцей шмат, і часта яны застаюцца ў лягеры надоўга. Маладая жанчына Натальля, якую сустрэлі ў лягеры, прыходзіць сюды з малым сынам. Распавядае, што дапамога на дзіця вельмі малая. Калі маці перад дэкрэтам не працавала, то будзе атрымліваць 400 лей у месяц — гэта каля 20 эўра. Сын Натальлі мае асобнае ўтульнае месца ў намёце.
Сьмех
У меру сіл пратэстоўцы выказваюць сваё стаўленьне да людзей, якія, на іхні погляд, падманулі іх і захапілі краіну. Перад Домам ураду ўсталявалі вялікі плякат з найбольш адыёзнымі фігурамі малдаўскага бізнэсу і палітыкі ў маляўнічых трусах. У гэтыя трусы людзі засоўваюць парваныя дробныя купюры, якія перасталі мець для іх вартасьць.
Сьпевы сьпяваць, крычалкі крычаць
Магутны спосаб гуртавацца і бавіць час. Увечары пасьля працы прыходзяць на плошчу ня толькі паслухаць пра важнае, але і проста пабыць разам. Калі вялікая колькасьць людзей сьпявае адну песьню ці натхнёна слухае верш, гэта ўражвае ня менш, чым супольнае скандаваньне слоганаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Лукашэнка
Любіць Лукашэнку — яшчэ адзін занятак для малдаўскіх пратэстоўцаў, якім яны пачынаюць займацца адразу, як толькі чуюць слова Беларусь. «Добры мужык», «бацька», «трымае дысцыпліну», «захаваў і памножыў» — гэта толькі невялікі пералік хваласьпеўных эпітэтаў, якімі надзяляюць тут беларускага кіраўніка. Пакуль яшчэ малдаўскі пратэст ня мае выразнага лідэра, і людзі ня ведаюць, за каго будуць галасаваць, калі нават дамогуцца датэрміновых выбараў. А вось Аляксандар Лукашэнка адпавядае ўсім іхным чаканьням і мог бы ўзначаліць краіну хоць сёньня.