Гучнавядомая ў Польшчы пісьменьніца Катажына Бонда паходзіць з Гайнаўкі, дзе закончыла беларускі ліцэй, які ў сваёй кнізе яна называе на жаргоне «беларусам».
Пачнём з таго, што сучасных дэтэктываў я не чытаю, мяне цікавіць іншая літаратура. Але раман Катажыны Бонды з Варшавы адразу прыцягнуў увагу, як толькі я ўбачыў анатацыю. Аднойчы ў Беластоку зайшоў у «Empik», узяў буклет, прысьвечаны новым кнігам. Аб рамане Бонды «Акулярнік» было напісана: «Сельскае мястэчка Гайнаўка робіцца арэнай крывавых парахункаў, падчас якіх на ўсю моц ажываюць польска-беларускія антаганізмы».
Канечне, мне спачатку падумалася, што гэта «папса», чытво. Хаця ў любым разе радок з анатацыі гучаў незвычайна. Але прозьвішча Бонды (якая пасьпела ўжо раней зрабіць сабе імя) і назва новага раману адразу трапіла на першыя старонкі польскай прэсы. Усе імкнуліся ўзяць у яе інтэрвію. За першы месяц прадалі больш за 50 тысяч асобнікаў! Безумоўны посьпех. Апроч таго, адразу дзясяткі тысяч чытачоў даведаліся, што ў Польшчы ёсьць беларусы, якія размаўляюць на сваёй мове і маюць свае інтарэсы. Тым самым Бондзе ўдалося тое, чаго не маглі дасягнуць пісьменьнікі Польшчы, якія пішуць па-беларуску. А менавіта — прыцягнуць увагу да беларускай меншасьці. Няхай са скандалам, але для самога аўтара гэта толькі плюс. Як напісала адно выданьне: «Адзін пісьменьнік зьмясьціў нядаўна крымінальную акцыю ў невялікім мястэчку і зрабіўся там амаль пэрсонай нон грата».
Неўзабаве пасьля Беластоку я трапіў на кніжны фэст у Варшаве, дзе сярод запрошаных пісьменьнікаў была Катажына Бонда. І я тады вырашыў абавязкова набыць яе новы раман. Чытаў даволі доўга: 845 старонак (таўшчыня амаль шэсьць сантымэтраў). Хацелася зрабіць гэта ўдумліва і ня проста напісаць пра кнігу, але асэнсаваць самую зьяву. Хто яна, Бонда? Што за раман напісала?
Паліцэйскі псыхоляг Саша Залуска з Гданьску прыватна выяжджае ў Гайнаўку (падзеі адбываюцца ў 2014 годзе), дзе ў псыхіятрычнай бальніцы хоча сустрэцца з Лукашам Полякам. Ён раней падазраваўся ў сэрыйных забойствах жанчын, раман зь ім быў і ў Залускай, якая нарадзіла ад яго дачку. Пачатак выпісаны дасканала: Залуска вяртаецца пасьля перапынку на працу ў паліцыю, наведвае ў турме жанчыну-забойцу.
А потым, калі гераіня апынаецца ў Гайнаўцы, аўтарка пераходзіць на, я б сказаў, даволі іранічны стыль. Гайнаўку, піша яна, амаль цалкам засяляюць польскія беларусы. Бацька мястэчка, які валодае тартакам і дае ўсім працу, яшчэ і беларускі дзяяч, зваць яго Пётр Бандарук. Яму за шэсьцьдзесят, і ён вырашае ажаніцца з маладзенькай Івонай Бэйнар зь беднай польскай сям’і. Пачынаецца падрыхтоўка да вясельля паводле беларускіх звычаяў. Браты нявесты ніколі не працавалі легальна, яны ня любяць беларусаў і пішуць на сьценах псэўдапатрыятычныя надпісы, але Бандарук багаты, робіць ім адпаведныя прэзэнты і сваім шлюбам выцягвае іх з нэндзы.
Гайнаўская моладзь у захапленьні ад Бурага, вядомага АКаўскага камандзіра, які перадысьляцыраваўся зь Віленшчыны-Гарадзеншчыны на Беласточчыну і пасьля вайны, калі АК фармальна разьвязалася, забіваў беларусаў, каб застрашыць іх і прымусіць да выезду ў СССР. Сярод гэтай моладзі ёсьць хлопцы і дзяўчаты зь беларускіх сем’яў. Яны праводзяць вучэньні ў лесе, рыхтуючыся да будучай партызанскай барацьбы, як у часы АК. У Гайнаўцы зьбіраюцца беларусы на прагляд дакумэнтальнага фільму аб зьверствах Бурага, а яго абаронцы прыходзяць, каб перашкодзіць і настрашыць^; яны за «Польшчу для палякаў» і карыстаюцца псэўданімамі паплечнікаў Бурага.
У Пятра Бандарука незразумелая біяграфія. Ёсьць падазрэньні, што ён злачынца: дзьве ягоныя жанчыны зьніклі, іх не знайшлі. Паліцыі падкідаюць па чарзе два чарапы. Каму яны належалі — невядома.
У Гайнаўцы і вакол яе пастаянна размаўляюць па-беларуску, што неаднаразова падкрэсьлівае пісьменьніца. Але гэтыя беларусы часам проста пачвары. Яны былі ў польскай дзяржбясьпецы, ня важна, што адзін — дырэктар і стваральнік беларускага ліцэю, другі — дырэктар тартаку (ранейшы, да Бандарука). Так, яны размаўляюць па-беларуску, ня маюць комплексаў, але ў чытача выклікаюць, зразумела, антыпатыю.
Гайнаўскія жыхары маюць калектыўную таямніцу. Паліцэйскі псыхоляг Саша Залуска пачынае раскопваць і высьвятляе, што пасьля вайны атрад Бурага спаліў разам з жыхарамі беларускую вёску. Забіваў беларусаў за тое, што беларусы. Не шкадаваў нікога: гінулі дзеці, цяжарныя жанчыны. Сярод іх і заможная сям’я Залускіх, жонка была цяжарнай на сёмым месяцы. Катажына Бонда выкарыстала ў рамане сваю гісторыю: яе бабка загінула цяжарнай ад рук жаўнераў Бурага.
Калі пісьменьніца пераходзіць да гэтай трагедыі, яе проза нагадвае нават Васіля Быкава. Бонда выбудоўвае сваю вэрсію, якой будзе трымацца да канца кнігі. Чаму загінулі беларусы? Таму што Буры згуляў на руку дзяржбясьпецы. Пісьменьніца працавала з дакумэнтамі ў вядомай польскай установе — Інстытуце нацыянальнай памяці (IPN) — і карыстаецца сапраўднымі фактамі. У 1946 з Гайнаўкі вывозілі чыгункай савецкую часьць. Была зіма. Буры напаў на іх, але атрымаў моцны супраціў і мусіў уцякаць. Ён змусіў пяцьдзясят вазакоў-беларусаў з санямі вывозіць ягоных жаўнераў. Польская дзяржбясьпека ня стала яго перасьледаваць. Што было нечаканым. Буры атрымаў перадышку і вырашыў за няўдачу адпомсьціць беларусам. Адзін чалавек здолеў дабрацца да тэлефона і перадаць у Гайнаўку пра тое, што Буры рыхтуе масавае забойства. Але дзяржбясьпека не паварушылася. Бураму далі зрабіць ягоную справу. Яго выпусьцілі, і атрад перабраўся ў Малапольшчу.
Пісьменьніца разам з Сашай Залускай ставіць пытаньне: чаму так здарылася? І дае сваім чытачам адказ. Беларусы не хацелі выяжджаць у БССР. Удакладнім: адразу пасьля вызваленьня ад немцаў, паміж палякамі і савецкім бокам было пагадненьне — адпусьціць тых, хто хоча выехаць у Польшчу. Аднак у СССР хацелі, каб абмен быў больш-менш раўназначны: каб адны выехалі, другія занялі іхняе месца. Каб палякі — у Польшчу, беларусы — у Беларусь. Ахвотных пакінуць БССР было шмат, усім не давалі дазволу, а вось на Беласточчыне амаль ніхто не хацеў пакідаць сваю зямлю і ехаць на ўсход. Беластоцкія беларусы сталі выяжджаць адно пад страхам сьмерці, пасьля крывавай расправы Бурага з насельніцтвам беларускіх вёсак. Каля трыццаці тысяч беластоцкіх беларусаў перасяліліся ў БССР пасьля вайны.
У Залускіх быў парабак, паляк Сташак. Ставіліся да яго добра. Але ў цяжкую хвіліну ён здрадзіў — выдаў Бураму сваіх дабрадзеяў. Яму далі ў рукі стрэльбу, ён забіў чалавека. Але спалохаўся, уцёк, потым раскаяўся. Ажаніўся зь беларускай і ўзяў яе прозьвішча, Бандарук, адмовіўшыся ад свайго. Пётр Бандарук — ягоны сын, беларускі дзяяч і дабрадзей Гайнаўкі.
Начальніца гайнаўскай паліцыі Раманоўская слухае ў машыне Радыё Рацыя «на мове бацькоў» яе былога мужа паліцыянта Франкоўскага (як вынікае, патрыёта-беларуса), зь якім былі пастаянныя спрэчкі на нацыянальнай глебе, і праз гэта яны скасавалі шлюб. Але абое рабое: ён трапіў у паліцыю дзякуючы дзяржбясьпецы, стаўшы агентам, а яна, як высьвятляецца, — карумпаваная баба. Зрэшты, Катажына Бонда выказвае ў канцы кнігі падзяку паліцыянтам Гайнаўкі за дапамогу.
Што да Бандарука, ён сапраўды забіў двух чалавек, можна сказаць, у самаабароне, пасьля таго, як яго напаілі і пазьдзекаваліся. Бандарук — у «радзе справядлівых», якія кіруюць жыцьцём у Гайнаўцы, частка зь іх — былыя супрацоўнікі дзяржбясьпекі, у будынку якой цяпер дзіцячы садок. Сам ён, як высьвятляецца напрыканцы, чалавек насамрэч нядрэнны.
У канцы Бандаруку адцінаюць галаву, кладуць у бочку з капустай. Высьвятляецца, што так пастанавілі ягоныя ворагі, на якіх ён меў «папкі». У прыватнасьці — вялікі польскі патрыёт, бацька Івоны Бэйнар. Ён быў, як расказвае адзін з пэрсанажаў — Несьцярук — украінцам, служыў у дзяржбясьпецы (мянушка «Смутны»), адкуль яго выгналі за п’янку. Ён забіў Бандарука (і гэта было ня першае забойства). А галаву адцяць загадаў яму, мясьніку Несьцеруку. «І пан не адмовіўся?» — запыталася паліцыянтка. «Я беларус, мы цярпім ціхмяна, — адказаў ён, — я глядзеў на гэта і думаў, што калі скажу не, дык я буду наступным. Вайну перажыў, рускіх, атрад Бурага, польскія банды. Для мяне гэта нічым не адрозьнівалася. Такая самая экзэкуцыя, як у час вайны і пасьля яе». Такі вось беларускі фаталізм!
Шчыра: пачуцьцё пэўнага шоку ў мяне не праходзіла амаль да канца кнігі. Пісьменьніца выканала сваю працу, кропка. Але ці добра яна зрабіла для польскіх беларусаў? Ня ведаю.
Хоць адназначна: дыхтоўна зроблены раман. Аўтарка засьведчыла: сапраўдная трагедыя — выйгрышны матэрыял для кнігі, ня трэба толькі баяцца выкарыстаць яго. Але, на мой погляд, канцоўка крыху шкодзіць агульнаму ўражаньню. Бонда не ўтрымалася ад прыёму, уласьцівага для чытва. Саша Залуска апынаецца пад заслону ў падземнай лябараторыі бальніцы «Цішыня», дзе зь людзей нашчэнт адпампоўваюць кроў. Ясна, апынулася ў якасьці ахвяры. Потым будзе змаганьне ў зухаватым стылі сэрыялаў сярэдняй якасьці за сваё жыцьцё. Хаця я разумею, што заканчэньне было патрэбнае, каб перакінуць масткі ў наступны том: «Акулярнік» — другая кніга тэтралёгіі Катажыны Бонды (першая называлася «Паглынальнік»).
Катажына Бонда нарадзілася ў 1977 годзе. У інтэрвію гайнаўскай газэце ў 2011 яна сказала, што да беларусаў ня мае дачыненьня, а ў беларускі ліцэй пайшла толькі таму, што там добра выкладалі замежныя мовы. Гучыць недастаткова пераканаўча. Сёньня яна больш акрэсьлілася, напісаўшы «Акулярніка» і гісторыю сваіх забітых дзядоў-беларусаў (хоць вылучае чамусьці менавіта толькі бабулю, але ў рамане піша пра сям’ю Залускіх). І аб сваім паходжаньні больш адкрыта гаворыць у інтэрвію «Белсату» і Беларускай праграме Польскага радыё.
Катажына Бонда атрымала ў Варшаве журналісцкую адукацыю, працавала ў вядучых выданьнях. Першы яе крымінальны раман, «Справа Ніны Франк», выйшаў у 2007 годзе і быў вельмі добра прыняты. На цяперашні час у яе выйшла восем кніг. Сёньня Катажына Бонда цалкам займаецца літаратурай, мае сваю школу «крэатыўнага пісаньня» і партал, прысьвечаны асновам пісьменьніцкага майстэрства. Яе муж таксама піша дэтэктывы. Адносна свайго раману «Акулярнік» аўтарка кажа, што гісторыю Польшчы звычайна апавядаюць у манумэнтальным стылі. Аднак пісьменьнікі павінны разьбіваць «помнічкі», заглядаць пад іх, разграбаць пад імі зямлю і «шчыра распавядаць аб таямніцах нашай гісторыі, ламаць табу».