У Горадні адбылася дыскусія гісторыкаў аб асобе Кастуся Каліноўскага. Яе прымеркавалі да прэзэнтацыі новай кнігі — «Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі».
Кнігу склалі тэксты выступаў на канфэрэнцыі, якая адбылася ў Лёндане ў 2014 годзе.
Беларус Каліноўскі ці паляк? — спрэчкі працягваюцца
Гарадзенскі гісторык Васіль Герасімчык узгадвае Ўладзімера Караткевіча, які адказаў для сябе на гэтае пытаньне: хто для мяне Каліноўскі? Для яго была галоўнай беларуская мова яго твораў. Перш за ўсё, «Лістоў з-пад шыбеніцы». Ня можа чалавек, які ведае, што яму засталося мала жыць, пісаць на зусім ня блізкай яму мове.
«Генадзь Кісялёў яшчэ ў 1958 годзе, калі толькі пачынаў дасьледаваць асобу Каліноўскага, напісаў: паглядзіце кнігі — гэта не дыскусія, гэта вайна за Каліноўскага. Фактычна гэтая вайна працягваецца і да сёньняшняга часу. Спадзяюся, мы выйграем», — кажа Васіль Герасімчык. Ён, дарэчы, піша аповесьць пра Каліноўскага.
Гісторык Алесь Смалянчук, які праводзіў дыскусію, нагадаў пра крытыку з боку беларусаў Беласточчыны: маўляў, ня можа быць каталік беларускім нацыянальным героем.
«На крытыку ня варта не зьвяртаць увагі — значыць, яшчэ шмат ня зроблена. У пэўным сэнсе Каліноўскаму стварылі помнік, гэта пачаў рабіць яшчэ Ластоўскі ў віленскай газэце „Гоман“ (1916). А што ён зь сябе ўяўляў як чалавек, як асоба? І крытыка сёньня прымушае працягваць дасьледаваць яго асобу, — падсумоўвае Смалянчук.— І само сабой узьнікае пытаньне: а ці існуе загадка Каліноўскага?»
Загадка Каліноўскага
Гісторык Алесь Радзюк лічыць, што трэба пазбаўляцца старых ідэалягічных «прыставак» да Каліноўскага, што гэта рэвалюцыянэр-дэмакрат, які абапіраўся выключна на сялян:
«Але ж і на шляхту, і на ксяндзоў абапіраўся. Пытаньне таксама: наколькі можна давяраць крыніцам аб паўстаньні, калі яны амаль цалкам паходзяць з боку праціўніка, царскага боку? Сьведчаньні былі дадзеныя на допытах, пад ціскам. Ці можна на іх падставе рэканструяваць паўстаньне?»
Паводле Алеся Радзюка, гісторыкам дапамагаюць новыя знаходкі. Разам з Інай Соркінай Радзюку ўдалося знайсьці дзёньнік Людвікі Ямант, ня ўведзены ў беларускую гістарыяграфію. Людвіка — родная сястра Марыі Ямант, якая была нарачонай Кастуся Каліноўскага. Зь дзёньніка вынікае, што ён герой, чалавек з жалезнай воляй. Першы раз Каліноўскі ўзгадваецца, калі прыяжджае ў Вільню восеньню 1863 году: яго выклікаюць, каб ён узначаліў Літоўскі камітэт. Людвіка Ямант піша, што на яго ўжо тады палявалі, бо ён быў вядомым. Ён пасяліўся на кансьпірацыйнай кватэры ў Зарэччы ў пані Догель, ня маючы дакумэнтаў. Гэта была двухпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Там у яго была друкарская прылада. Аднойчы, калі ён спаў, прыйшла паліцыя. Паліцмайстар Саранчоў, выставіўшы ахову, у кватэру ўварваўся сам з крыкамі: «Я цябе — у Сібір, я цябе павешу!» Каліноўскі пасьпеў з ложка праз вакно вылезьці на дах, дзе ляжаў на холадзе, пакуль не прайшоў ператрус. Саранчоў, аднак, нічога не сканфіскаваў. Людвіка Ямант пісала, што ён дапамагаў рэвалюцыйнай арганізацыі. А Каліноўскі тады нават не захварэў.
За «Лісты з-пад шыбеніцы» ахоўнікам плацілі па 10 рублёў
Людвіка Ямант таксама паведамляе ў дзёньніку, як удалося наладзіць сувязь з Каліноўскім у камэры сьмяротніка, як былі перададзеныя на волю, у прыватнасьці, «Лісты з-пад шыбеніцы». Ахоўнікам плацілі па дзесяць рублёў за адну старонку.
Васіль Герасімчык дадае: існуюць таксама ўспаміны самой Ядвігі Макрыцкай, якая падтрымлівала сувязь з Каліноўскім, калі ён быў у турме. Яна напісала, як ёй удавалася перадаваць Каліноўскаму лісты ад Марыі Ямант, якая таксама знаходзілася пад сьледзтвам.
«Каліноўскі мэтанакіравана ішоў да вобраза, пра які мы сёньня гаворым. Хацеў стварыць вобраз героя, нягледзячы на свой чалавечы страх, таму што разумеў, чаго хоча, марыў застацца ў памяці», — мяркуе Герасімчык.
Каліноўскі — ліцьвін і прабеларус
Гісторык Вячаслаў Швед перакананы, што Каліноўскага нельга абмяжоўваць у сучасных нацыянальных вызначэньнях.
«Каліноўскі, можна сказаць, быў яшчэ ліцьвінам, прабеларусам. Яны з братам Віктарам сабралі бібліятэку выданьняў пра Вялікае княстве Літоўскае, яно іх цікавіла. А ВКЛ — гэта ўніяцтва, гэта дзяржаўная беларуская мова. Значыць ён ня быў палякам, не зайграваў зь беларусамі. Ліцьвінства тады паступова перарастала ў беларускасьць», — заўважае гісторык.
Каліноўскі ў «Мужыцкай праўдзе» (1862) абараняе ўніяцкую царкву, рэзка выказваецца аб праваслаўі, нагадвае Алесь Смалянчук:
«Чаму? Таму што ўніяцкая царква была беларускай, яе зьліквідавалі толькі дваццаць гадоў перад тым. І дарэчы будзе сказаць: у апошніх „Лістах з-пад шыбеніцы“ ён атаясамліваў сябе зь беларусам-мужыком».
У нас дыскусія аб Каліноўскім адбываецца не ў навуковым полі, а ў ідэалягічнай галіне, кажа Алесь Краўцэвіч, праўладнымі ідэолягамі нават ставіцца пад пытаньне, што ён беларус.
«Крытыка Каліноўскага робіцца ненавуковай. Іншая рэч — пазыцыя прафэсара Латышонка ў Польшчы, з чыйго боку можна пачуць крытычнае меркаваньне адносна Каліноўскага. Не выклікае сумневаў, што ён беларускі патрыёт, сумленны і заслужаны гісторык. Мне бачыцца ў гэтым комплекс нацыянальнай меншасьці», — кажа Краўцэвіч:
«Для беларусаў у Польшчы прыналежнасьць да праваслаўнай царквы — саломінка, якая дапамагае ім адчуваць, што яны не такія, як этнічная большасьць. Хаця праваслаўная царква там больш выконвае палянізуючую ролю, чым ролю падтрыманьня беларускай аўтэнтычнасьці».
Статкевіч — Каліноўскі сёньня
Каліноўскі сваімі паводзінамі засьведчыў адданасьць ідэалам, сёньня да яго найбліжэй Статкевіч, мяркуе гісторык Краўцэвіч:
«Чалавек адседзеў пяць гадоў, незламаны, бадзёры». А «Каліноўскі — загадка. Не зламаўся пад шыбеніцай, ня здрадзіў, не адмовіўся, не падпісаў прашэньне. Сьветлая асоба».
Гісторык Іна Соркіна нагадала аб допыце здрадніка Парфіяновіча, архіўны дакумэнт яна бачыла асабіста. Парфіяновіч раскрывае пароль паўстанцаў. Трэба было сказаць: «Люблю Беларусь», адказ — «Так узаемна». Пароль паўстанцаў асабіста для мяне такі аргумэнт, які гаворыць сам за сябе, кажа гісторык.
Няхай гістарычнай праўды не існуе, але важна, каб было імкненьне да яе, а не жаданьне ствараць міты, падсумовае Алесь Смалянчук. Ёсьць вобраз Каліноўскага, міт, які адыгрывае велізарную ролю для фармаваньня беларускай нацыі. Гэты міт—вялікае дасягненьне беларускай культуры. За яго трэба змагацца. А загадку Каліноўскага трэба імкнуцца вырашыць, мяркуе гісторык:
«Я ня думаю, што калі мы паглыбімся ў гістарычную праўду, гэта можа зьнішчыць міт. Хаця б таму, што гісторыкі, навукоўцы ня могуць зьнішчыць міт. Можна напісаць дзесяць тамоў аб тым, якім быў Каліноўскі, а потым выходзіць Караткевіч, піша яшчэ адны „Каласы пад сярпом тваім“, і гэтыя дзесяць тамоў больш нічога ня вартыя. Але паглыбленьне ўсебаковае ў вобраз рэальнага Каліноўскага будзе набліжаць нас да разуменьня тагачаснай беларушчыны. А рэальны Каліноўскі — канечне ня сёньняшні беларускі нацыяналіст, не Статкевіч. Ён зусім іншымі катэгорыямі мысьліў. Каб яго зразумець, трэба ведаць увесь комплекс ідэй, якія хадзілі ў тагачасным грамадзтве». Чым было ліцьвінства? Чым беларушчына, якая нараджалася? Пытаньняў для вывучэньня хапае. Постаць Каліноўскага бачыцца сёньня Алесю Смаленчуку своеасаблівым вынікам «польска-беларускага сымбіёзу ў тыя часы».
Дыскусія гісторыкаў пра Кастуся Каліноўскага адбылася ў гарадзенскай артгалерэі «Крыга».