Прэм’ер Малдовы наконт пратэстаў: Мы гатовыя да дыялёгу

Намётавы лягер пратэстоўцаў у цэнтры Кішынёва

Лідэры пратэстоўцаў і прадстаўнікі ўлады заявілі паасобку, што гатовыя абмяркоўваць патрабаваньні, сфармуляваныя падчас антыўрадавых маніфэстацый, якія пачаліся ў нядзелю ў цэнтры Кішынёва.

Прадстаўнікі маніфэстантаў адмовіліся ісьці ў міністэрства сельскай гаспадаркі на сустрэчу з прэм’ер-міністрам Валерыу Стральцом, а замест гэтага запрасілі першых асобаў дзяржавы на плошчу. Як рэагуюць прадстаўнікі ўлады на шматлікія патрабаваньні аб адстаўцы, якія гучаць у самым цэнтры Кішынёва? Пра гэта — у рэпартажы малдоўскай службы нашага радыё.

Ганаровы старшыня Дэмакратычнай партыі Думітру Дзякаў сказаў, што прадстаўнікі кіроўнага альянсу прааналізуюць патрабаваньні пратэстоўцаў і ў выпадку неабходнасьці прымуць меры. На яго думку, дэпутаты павінны больш настойліва патрабаваць, каб дзяржаўныя інстытуты рабілі сваю справу.

«Апазыцыя ў дэмакратычнай краіне мае магчымасьць выказаць свой пункт гледжаньня, часам даволі шумна і радыкальна. Незадаволенасьці шмат, і гэтую незадаволенасьць падзяляем і мы, асабліва ў тым, што тычыцца эканамічных і сацыяльных праблемаў. Улада павінна рабіць сваю працу. Зьнікненьне грошаў — праблема, якой павінны займацца спэцыялізаваныя службы, і мы бачым, што крок за крокам праводзяцца нейкія расьсьледаваньні,» — сказаў палітык.

Віцэ-старшыня Лібэральнай партыі Дорын Кіртоакэ заявіў, што патрабаваньні маніфэстантаў практычна ідэнтычныя з патрабаваньнямі лібэралаў. Ён выказаў надзею, што акцыя пратэсту ня выйдзе за рамкі закону і абыдзецца без правакацый.

«Мы, Лібэральная партыя, вылучалі такія ж патрабаваньні яшчэ ў 2010 годзе. Мы неаднаразова спрабавалі прыцягнуць усеагульную ўвагу да таго, што адбываецца, але, на жаль, нас тады мала хто слухаў і мала хто пачуў. Больш за тое, некаторыя з тых, хто сёньня сталі рупарам гэтага руху, тады адкрыта падтрымлівалі ўладу і крытыкавалі нас за тое, што мы так упарта падымаем праблемы, зьвязаныя з банкаўскім сэктарам. Гэта вельмі балючае пытаньне для нашага грамадзтва. З аднаго боку, нам патрэбная эўрапейская інтэграцыя, палітычная стабільнасьць для таго, каб пераадолець крызіс, у якім апынулася краіна. Зь іншага боку, трэба вырашаць пытаньне з мільярдам і астатнія пытаньні, інакш далейшай падтрымкі нам не відаць,» — заявіў Дорын Кіртоакэ.

Прадстаўнікі Нацыянальнага банку адмовіліся камэнтаваць «дзеяньні і заявы палітычнага характару».

У сваю чаргу, першы намесьнік генэральнага пракурора Эдуард Харунжэн адхіліў абвінавачваньні на адрас сьледчых органаў у зацягваньні разгляду справаў, зьвязаных з рабаваньнем трох банкаў. Сьледзтва працягваецца, растлумачыў ён, Створаная камісія па аказаньні прававой дапамогі, прыцягнутыя замежныя экспэрты, паколькі гаворка ідзе аб трансгранічным злачынстве.

«Мы ўсе таксама хочам, каб злачынцы былі пакараныя. Але для гэтага патрэбныя доказы. Таму расьсьледаваньне працягваецца. Я асабіста ня бачу ніякіх прыкметаў зацягваньня. Ёсьць падазраваныя, у тым ліку адказныя кіраўнікі дзяржаўных структураў, якія нясуць адказнасьць за сытуацыю ў банках. І гэта доўжыцца не тыдзень ці месяц. Як можна казаць, што нічога не робіцца?» — сказаў генэральны пракурор.

Андрэй Нэстасе, адзін зь лідэраў пратэстоўцаў, заявіў у пятніцу, што перамовы з прадстаўнікамі ўлады будуць весьціся толькі на плошчы. Паводле яго словаў, у выпадку неабходнасьці пратэстоўцы зьвернуцца да міжнародных дыпляматычных місіяў з просьбай узяць на сябе ролю пасярэднікаў у дыялёгу з уладай.

Прэм’ер-міністар Валерыу Стралец заявіў, што да дыялёгу гатовы. «Мы далі ім усё — і месца сустрэчы, і час. Зараз павінны сустрэцца з прэзыдэнтам Мікалае Цімафці, потым вырашым, што рабіць далей. Мы будзем чакаць іх там, дзе вырашым, разам са спадаром Цімафці, але ўжо сапраўды не на плошчы».

Прэм’ер дадаў, што хацеў бы забясьпечыць палітычную стабільнасьць у краіне, паколькі «іншы сцэнар вельмі небясьпечны для будучыні Рэспублікі Малдова».

Пратэст каля парлямэнту Малдовы 7 верасьня.

Унутры аднаго з намётаў у лягеры пратэстоўцаў