Па-беларуску рэгуляваць, рэгістраваць. Па-расейску "регулировать", "регистрировать". Як правіла, расейскім дзеясловам на -ировать адпавядаюць беларускія на -аваць. Паходзяць ад лацінскіх (раманскіх) ці германскіх каранёў, радзей – ад іншых. Беларуская мадэль карацейшая прынамсі на адзін склад, а то і на больш (як у пары госпитализировать – шпіталяваць).
Наагул дзеясловы на -аваць вельмі старажытныя, мадэль агульнаславянская. Вера – вераваць, мілы – мілаваць, гора – гараваць, чары – чараваць. Генадзь Бураўкін вярнуў у актыўны ўжытак слова вечараваць:
(Музыка І. Лучанка, Сьпяваюць клясычныя "Песьняры".)
І ад чужаземных пазычаньняў наша мова з глыбокай даўніны ўтварала дзеясловы падобным чынам. Назаву германізмы: тынк – тынкаваць, гандаль – гандляваць, рыса – рысаваць (гэта ня тое самае, што маляваць, а – ‘выяўляць нешта рысамі’, расейцы ў нас запазычылі слова, зьмяніўшы значэньне), гэбаль – габляваць (напрыклад, дошку); фарба – фарбаваць, параўнайма старое нямецкае farbieren.
Зацята канфрантавалі, але і шчодра фундавалі
У парý ВКЛ гэты спосаб асваеньня пазычаньняў расквітнеў і пашырыўся на лацінскія асновы. Нашыя статуты, кронікі, угоды, судовыя справы ўжо з XV—XVI ст. поўныя словаў накшталт: аґітаваці (праўда, са значэньнем 'разглядаць у судзе'), адміністраваці, анігіляваці (не ў фізычным, а ў праўным сэнсе: "Мы, суд … запіс тот касуем і анігілюем", 1697 г.), ілюмінаваці, імаґінаваці 'уяўляць сабе', інкарпараваці, канвэрсаваці 'падтрымліваць сувязь', канфрантаваці, касаваці, люстраваці, фундаваці і г.д. (як бачым, некаторыя мелі крыху інакшае значэньне, чым цяпер).
Старабеларуская мова ведала слова інфармаваці прынамсі з XVI ст., яно ўжывалася ў розных моўных стылях.
Стафан кароль заразом па сваей каранацыі абраў сабе чалавека годнага, Яна Замойскага, каторы бы яго … ў многіх рэчах асьцерагаў і інфармаваў (пераклад Кронікі М. Стрыйкоўскага).
Корань слова інфармаваць – лацінскі. Пісьменныя беларусы ў той час ведалі лацінскія дзеясловы і дапасоўвалі іхныя карані да нашых звычайных дзеяслоўных мадэляў: informare > інфармаваць, limitare > лімітаваць і пад.
"…У старой пісьмовай беларускай мове дзеясловы з суфіксам -ірава- не ўжываліся. Іншамоўныя асновы, як і ўласна беларускія, утваралі дзеясловы пры дапамозе суфіксаў -ава- (-ява-), -ова-, а некаторыя запазычанні на -аваць, -оваць прыйшлі, напэўна, праз польскую мову: апробовати, апелевати, арештовати…",
– пісаў знаўца пытаньня праф. Мікалай Васілеўскі ў кнізе "Дзеяслоўнае словаўтварэнне" (1985). Наконт польскай мовы зазначу: лаціна бытавала і ў Беларусі, беларусы наўпрост кантактавалі з германамоўнымі людзьмі, а таму падобныя пазычаньні маглі асвойвацца адначасова і на польскай, і на беларускай глебе. І ўкраінская мова паводзілася падобна.
А па-расейску – "информировать". Слова замацавалася ў мове суседзяў значна пазьней, у пачатку XVIII ст., як і іншыя на -ировать. Туды яно прыйшло не наўпрост з лацінскай, а празь нямецкае informieren ці францускае informer. За ўзор расейцы бралі нямецкія, францускія, а таксама галяндзкія – праз эпізод біяграфіі Пятра – дзеясловы на -ieren, -er, -ir, -eeren. Устаўка "-ир-" ад іх.
Ёсьць патрэбнае беларускае слова касаваць – адмяняць нешта, прыкладам, дакумэнт ці рашэньне. Скасаваць можна квіток у транспарце, судовую пастанову, а яшчэ канцэрт музы̓кі з "чорнага сьпісу" і кантракт зь няўгодным.
У нас слова вядомае з XVI ст., ад лацінскага cassum reddere — 'зрабіць пустым, несапраўдным', У расейскай значна пазьнейшае слова "кассировать" – вылучна ў судова-працэсуальным значэньні (кассация). Расейска-нямецкі этымоляг Макс Фасмэр прасочвае ягоны шлях у расейскую: празь нямецкае kassieren з франц. саssеr, іт. cаssаrе, і толькі апошнія ад лацінскага.
Пацака транклюкируем!
Расейская мова пераймала з францускай і нямецкай моваў таксама іхныя дзеясловаўтваральныя наросты. Такіх словаў у расейскай пад тысячу, і колькасьць іх расьце. Нарост "-ировать" нагэтулькі пашырыўся, што стаў выціскаць уласна расейскія словаўтваральныя мадэлі.
Зь ім у бальшавіцкі час пачалі ўтварацца формы – канцылярскія саветызмы нават ад сваіх, не пазычаных, каранёў: "складировать", "молнировать" (слаць хуткую тэлеграму -- "молнию"); асабліва з падвойным нарашчэньнем -изировать: "большевизировать", "советизировать", "военизировать", "яровизировать" і "озимизировать" (пшеницу), "коренизировать" (часовая бальшавіцкая кадрава-ідэалягічная палітыка 1920-х гадоў у "нацыянальных рэспубліках").
Саветызм таксама "бронировать" у значэньні 'рэзэрваваць нешта за некім'.
А нам лепш так і сказаць у гатэлі: "На мяне зарэзэрваваны пакой", "Маю рэзэрвацыю". У бальшыні суседніх краінаў нас зразумеюць безь перакладу.
У сучаснай расейскай мове магчымыя амаль якія заўгодна словы на -ировать. Не абышлася бязь іх камэдыйная антыўтопія пра ўбогасьць таталітарызму "Кін-Дза-Дза" Г. Данэлія. Эцылоп (паліцыянт; некаторыя словы прыдуманай мовы адгадваюцца чытаньнем з канца) выносіць прысуд: "Пацака транклюкируем, чатланину – пожизненный эцих с гвоздями".
Даклярую не даваць мытніку яблык
Беларуская народная мова, як сьведчыў згаданы Мікалай Васілеўскі, ня ведае дзеясловаў на "-іраваць" увогуле. Хіба што шпацыравáць, але ўтворанае яно ад слова шпацыр – прагулянка.
А вось дзеясловаў з іншамоўнымі (у тым ліку лацінскімі) каранямі на -аваць у гаворках нямала. Скажам, турбаваць, фундаваць (у народнай мове ў значэньні 'частаваць'). Слова дакляраваць у навейшым ужытку азначае 'абвяшчаць/укладаць дэклярацыю' – палітычную, мытную. Але ў гаворках яно існуе даўно ў значэньні проста 'абяцаць': Дакляраваў ёй, што пайду ў грыбэ (Вялікія Баяры, Шчучынскі р-н). Я дакляраваў даць яблык, ды ня даў (Міратычы, Карэліцкі р-н).
Такім чынам, і для старабеларускае мовы, і для беларускіх гаворак дзеяслоўная мадэль на -іраваць чужая.
Усесаюзны стандарт
Кагадзе давялося чытаць мэтадычны тэкст, пісаны настаўніцаю беларускае мовы і літаратуры (sic!), дык там ажно стракаціць: "асацыіравацца", "генерыраванне", "маніпуліраванне", "скарэкціраваць" і г.д. Адкуль жа навала гэтых дзеясловаў у сучасным афіцыйным моўным стандарце?
Праф. Мікалай Васілеўскі заўважае:
Дзеясловаў на -іраваць не фіксавалі і першыя руска-беларускія і беларуска-рускія перакладныя слоўнікі 20-х гадоў. Нават самы вялікі па тым часе Расійска-беларускі слоўнік 1928 г. [С. Некрашэвіча і М. Байкова] не фіксаваў у беларускай частцы слоўніка ніводнага ўтварэння на -іраваць. Усе запазычаныя дзеясловы ўводзіліся ў беларускую лексічную сістэму або пры дапамозе суфікса -ава- (авансировать – авансаваць, агитировать – агітаваць, аккомпанировать – акампанаваць, амнистировать – амніставаць, ампутировать – ампутаваць), або пры дапамозе іншых суфіксаў ці перакладалі апісальна, некалькімі словамі (ассимилировать – прыпадабляць, атрофироваться – адміраць, кастрировать – лягчаць, ангажировать – запрашаць у скокі, датировать – азначаць дату, акцентировать – вымаўляць з націскам, галлюцинировать – марыць, рецензировать – ацэньваць, резюмировать – абагульняць і г. д.). Гэтай нормы прытрымліваліся ўсе выданні рэспублікі.
Хваля словаў на -ір- прыйшла пасьля, у 1930-я гады.
Сваю кнігу пра дзеяслоўнае словаўтварэньне М. Васілеўскі пісаў у камуністычныя часы. Адсюль абавязковыя ацэнкі, якія пярэчылі выкладзеным тут жа фактам. Ацаніце сьцьверджаньне:
"Руска-беларускі слоўнік (1937) і быў першым беларускім лексічным даведнікам, які ўзаконіў дзеясловы на -іраваць, зрабіў іх нормай беларускай літаратурнай мовы, чым значна ўзбагаціў беларускую дзеяслоўную сістэму. Усяго ў гэтым слоўніку, у рускай яго частцы, налічваецца 202 бяспрэфіксныя дзеясловы на -ировать, якім адпавядаюць 132 беларускія дэрываты зь -ірава- і 70 з -ава-. I хоць складальнікаў слоўніка можна папракнуць за тое, што яны недастаткова папрацавалі, каб вызначыць, якія запазычаныя дзеясловы падаваць з суфіксам -ірава-, а якія з -ава-, ім трэба аддаць належнае: яны ўпершыню зрабілі дзеясловы на -іраваць літаратурнай нормай"
(Тут ідзецца пра адкрыта русіфікатарскі слоўнік пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча; вылучэньне маё. – В.В.).
І ў гэтай самай працы М. Васілеўскі пераканаўча даказвае, наколькі чужародныя для нашае сучаснае літаратурнае мовы падобныя ўтварэньні ў параўнаньні з расейскаю, дзе ёсьць згаданыя вышэй "яровизировать" і "складировать":
...У беларускай літаратурнай мове няма ніводнага прыкладу, каб пры дапамозе -ірава- быў утвораны дзеяслоў ад уласна беларускай асновы. Або хоць бы і ад іншамоўнай, але каб дзеяслоў гэты быў арыгінальны, не скалькаваны з аналагічнага рускага. Вось чаму гэты тып дзеясловаў нельга лічыць прадуктыўным на марфалагічным, словаўтваральным узроўні, хоць ужываецца ён у беларускай мове больш як 50 гадоў.
Праф. Павал Сьцяцко, спэцыяліст у словаўтварэньні ды заснавальнік цэлай навуковай школы культуры мовы, цьвердзіць без паліткарэктнасьці:
Гісторыя мовы сьведчыць, што суфікс -ірава- быў навязаны нашай мове за савецкім часам усесаюзным стандартам (расійскаю мовай).
Менавіта савецкім часам у беларускую літаратурную мову былі зацягнутыя шматлікія дзеясловы на -іраваць. Аналягічныя – бязь лішняга суфіксу – або бытавалі ў беларускай мове раней – як карэктаваць (карыгаваць), музыкаваць і прэпараваць, або лёгка афармляюцца паводле традыцыйнай мадэлі: асацыявацца, генэраваць, кадраваць, траўмаваць, кадаваць.
Dies irae ('Дзень гневу', лац.)
Афіцыйныя слоўнікі сталінскай і пасьлясталінскай пары дэзарыентуюць не абазнанага ў савецкай моўнай палітыцы чытача. Колькасьць дзеясловаў на -іраваць у чарговых слоўніках то расла, то зьніжалася паводле актуальнай устаноўкі на ступень русыфікацыі.
Праф. Павал Сьцяцко трапна заўважыў, што суфікс -ір-аваць пераважаў там, дзе ўкладальнікі ці рэдактары слоўнікаў трымалі кампартыйную лінію на "зьліцьцё нацыяў, іх культуры і мовы". Але калі аўтары "добра адчувалі жывое народнае слова і былі прыхільнікамі нацыянальнай культуры і мовы", як мовазнаўца і пісьменьнік Мікола Лобан, то і ў рэдагаваным ім першым томе "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" (1977) дзеясловаў на -ір- зусім мала.
Адсылаю цікаўных да грунтоўнага аналізу -іраваць і -аваць у слоўніках, які мовазнаўца Іна Бубновіч зрабіла ў дапаможніку для ВНУ "Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю" (Горадня, 2000)
Пільны чытач знойдзе разнабой у афіцыйных слоўніках, рыхтаваных адной установай і нават выдадзеных адначасова. Скажам, "Беларуска-рускі слоўнік" (пад рэд. А.Лукашанца; НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2012) падае словы асацыявацца і праграмаваць бязь -ір-, а "Слоўнік беларускай мовы" (НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы; навук. рэд. А.Лукашанец, В.Русак. Мінск: Беларуская навука, 2012) патрабуе пісаць асацыіравацца й дапускае варыянты праграміраваць/праграмаваць.
Але адшукаць тут нейкія прыхільнасьці або сыстэмныя падыходы цяжка: выключна варыянт зь -ір- – маніпуліраваць, гастраліраваць – наадварот, патрабуе пісаць першы слоўнік, а другі дазваляе абодва варыянты.
А вось у тэрміналягічных слоўніках першай паловы 1990-х гадоў, якія ўкладалі адпаведныя прафэсіяналы супольна з мовазнаўцамі, зусім іншая сытуацыя. Напрыклад, у "Тэрміналагічным слоўніку па вышэйшай матэматыцы для ВНУ" (Мінск: "Навука і тэхніка", 1993), "Руска-беларускім фізічным слоўніку" (Мінск: "Навука і тэхніка", 1994) словаў на -ір- (-ыр-) няма ўвогуле. Спэцыялісты ў дакладных навуках і да таго ж дасьведчаныя ўнівэрсытэцкія выкладнікі сьвядома не падаюць чужых беларускай мове мадэляў, а таксама рацыянальна выбіраюць карацейшыя словы (групаваць, індукаваць, камутаваць, эмульгаваць, флюктуяваць, храмаваньне 'хромировка'), бо ўстаўка -ір- не дадае ніякіх нюансаў значэньня.
Цыціруем і муціруем
Далейшыя развагі адрасую тым, каму "-ір-аваньне" муляе. (Тым, каму ня муляе, у прыгодзе будуць слоўнікі й падручнікі савецкае традыцыі.)
Носьбіт жывое беларускае мовы адчувае, што, як правіла, словы на "-іраваць/-ыраваць", "-іраваньне" (і асабліва "-іроўка"!) – словаўтваральныя русізмы, ды імкнецца іх замяняць. Звычайна можна знайсьці слова таго ж кораню бязь -ір- (-ыр): міграваць, камэнтаваць.
Дарэчы, у русіфікаваным варыянце беларускае мовы перад -ір патрабуецца пераход [т] у [ц]. Cловаўтваральныя повязі затуманьваюцца, інтуітыўна зразумець значэньне дзеяслова ня так лёгка: "даціраваць", "муціраваць", а нават, выбачайце, "цыціраваць" – была і такая форма ў савецкіх слоўніках. Несумненна, у напісаньні і вымаўленьні мутаваць лягчэй распазнаць мутацыю, чым у форме "муціраваць".
Ад словаў з асновай на [j] ці на галосны гук накшталт прэмія, копія, флюктуацыя, тату лягіччна ўтвараем прэміяваць, капіяваць, флюктуяваць, татуяваць. Ад дыфэрэнцыйны – дыфэрэнцыяваць (у матэматычных слоўніках 1990-х гадоў ёсьць і форма дыфэрэнцаваць), канструяваць ад лац. construo, парадыяваць ад пародыя.
Фармуючы пясок, фармуе сьвядомасьць
Часам у абарону дзеясловаў на -іраваць у беларускай мове кажуць, што яны дазваляюць перадаць інакшае значэньне. Сапраўды, у расейскай мове формовать і формировать маюць розны сэнс. Таму і па-беларуску нібыта фармаваць можна толькі нешта матэрыяльнае, як гліну, а "фарміраваць" – штосьці абстрактнае.
Але гэта мэханічны перанос расейскіх сэмантычных падзелаў на беларускую глебу. Рас. формировать і формовать адпавядаюць у францускай, польскай, чэскай, украінскай аднаму дзеяслову з гэтым коранем: former, formować, formovat, формувати. Бо сэмантыка іхная тая самая, адно што ў формовать яна "матэрыяльная", а ў формировать мае пераноснае значэньне (як, напрыклад, у пары дайсьці да пляцу і дайсьці да праўды). Па-беларуску слова фармаваць выдатна дае рады як у наўпроставым значэньні – скульптар фармуе пясок – так і ў пераносным – прэса фармуе грамадзкую думку.
[Падазраю, дарэчы, што слова формовать у расейскую некалі прыйшло зь беларускае мовы.]
І неабавязкова нам браць з расейскай мовы дзеяслоў зь -іраваць нават тады, калі форма бязь -іраваць- мае зусім іншае значэньне. Напрыклад, расейскаму суммировать у нас адпавядае не суміраваць і не сумаваць, а падсумоўваць, падсумаваць.
Таксама з часоў адраджэньня 1920-х гадоў лёгка знаходзяцца адпаведнікі іншым расейскім дзеясловам на -ир-, прычым часьцей за ўсё непазычаныя: Командировать – выпраўляць, дэлегаваць. Службовая выправа. Пикировать (пра самалёт) – нырцаваць, рабіць піке. Маркировать – пазначаць. Урэшце, бомбардировать – бамбіць.
Утвараючы дзеяслоў ад слова плёмба, няма патрэбы яго "плямбіраваць". Зуб (як і нямецкі вагон для даставы Леніна) плямбуюць. Хіба што працэс зьвязаны ня з зубам, а з размазваньнем марозіва "плямбір". Тады, сапраўды, твар "плямбіраваны".
Ідэолягі савецкіх моўных канонаў, нягледзячы на супраціў самой мовы, імкнуцца захаваць прастору для набытай у 1937 годзе чужой мадэлі. Яны сьцьвярджаюць, што калі з словаўтваральных русізмаў прыбраць -ір-/-ыр-, то яны, маўляў, згубяць "сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш." (В. Іўчанкаў).
Таксама нібыта праблема, калі два дзеясловы – з расейскім -іраваць і безь яго -- маюць зусім іншыя значэньні. Абаронцы -іраваць называюць, акрамя ўжо згаданых, аформленыя на расейскі ўзор дзеясловы буксіраваць (пры буксаваць), газіраваць (пры газаваць), адпаведна пасіраваць, тушыраваць, парыраваць і некаторыя іншыя.
Асабіста я ня бачу праблемаў разуменьня такіх словаў, як шакаваць, лябіяваць, дэкараваць, сэрваваць. Студыяваць, фантазіяваць – як татуяваць, пра што ішлося вышэй. Слова парафаваць – ад сярэднелац. paraphus (скажоны параграф), заўсёды ўжываецца ў адпаведных кантэкстах (парафавалі пагадненьне), з парафінам ніхто ня зблытае. Газаваць ваду і газаваць адпаведным пэдалём у машыне, праектаваць дом і праектаваць выяву на экран – таксама кантэксты розныя. І ў слове трэнаваць адчуваецца корань трэн-, параўн. трэнаж, трэнэр (і нават гопніцкія трэнікі ☺ ). А як жа "трэніроўка"? А пра назвы працэсаў на –ка асобная размова: "коўка-штампоўка" – чыстыя русізмы, мала таго, саветызмы. Па-беларуску працэсы часьцей перадаюцца словамі на -ньне. Трэнаваньне.
Калі ўжо так хочацца зьберагчы замежны корань, то нагадаю, што рас. "муссировать" паходзіць ад фр. mousser 'пеніцца, зьбіваць у пену', а мы ведаем слова мус (у 2-м значэньні – дэсэрту), дык і мусаваць па-беларуску нармальна. Хаця "муссировать слухи" – гэта проста пашыраць чуткі/пагалоскі. Аднавіць лацінскі першакорань у слове кватаваць (= "котировать"). Або проста "цаніць".
Натуральна, калі-нікалі словы на -іраваць/-ыраваць утвараліся ад назоўніаў на -ір, як шпацыраваць ад шпацыр, таму магчымае і ўтварэньне ад буксір – буксіраваць.
Што да расейскага слова "лавировать", то ў сучасным жыцьці яно ўжываецца найперш у пераносным значэньні, якое ў беларускай мове адэкватна перадаюць шматлікія словы й выразы: манэўраваць (напр., паміж кімсьці), абмінаць вострыя вуглы, а то і выкручвацца, [рабіць] ці скокам ці бокам ды інш.
Застаецца значэньне тэрміналягічнае, вузкае, вядомае абсалютнай бальшыні сухаземных беларусаў толькі з марскіх кніжак: 'рухацца пад ветразямі супраць ветру, мяняючы кірунак'. І ў ангельскай, і ў сучаснай нямецкай гэтае паняцьце перадаюць словы, зьвязаныя з шытвом, як бел. фастрыгаваць або крыжаваць. Невыпадкова:
Лавировать – позьняе (1720 г.) запазычаньне ў расейскую, відаць, з галяндзкай. Але раней з новаверхненямецкай гэтае слова прыйшло ў чэскую і польскую, захаваўшы, што ўнікальна, суфікс -ір- (і ў славацкай, і ў літоўскай ён ёсьць). Дарэчы, польская ўжо мела іншае запазычаньне, з францускай, – lawować 'падмалёўваць вадкаю фарбаю'. Калі аматары вятружніцтва не запрапануюць нечага лепшага, хай будзе, як у іншых мовах Балта-Чарнаморскага моўнага зьвязу, лявіравáць, вадаплаў лявірýе (такі націск падаваў Вацлаў Ластоўскі).
Часам замест суфікса -ір- больш дарэчны -эр-. Правільная форма – гародніну пасэраваць, г. зн. крыху абсмажваць (расейскае "пасси̓ровать" – увогуле з акрабатычнай тэрміналёгіі). Лягічна па-беларуску будзе не "грэйдзіраваць", а грэйдэраваць, гэта значыць выроўніваць паверхню дарогі грэйдэрам. Таксама гравэраваць, крэйсэраваць, плянэраваць, лідэраваць (нароўні з ачольваць). У старабеларускай было палераваць (слоўнік Некрашэвіча і Байкова дае таксама варыянт глянсаваць) ад слова полер.
Мэтафарычна яго ўжывае В. Ластоўскі:
Бо што ж, калi прывык
чужых багоў
ў чужацкай мове славiць,
з чужыны браць чужацкi полер
i чцiць чужы на сьцягах колер!
Таксама іншым дзеясловам з -ир-, і ў расейскай мове часам манерным і рэдкім, могуць адпавядаць у беларускай мове свае ўласныя, не пазычаныя. "Утрировать" – перабольшваць. "Бравировать" – выхваляцца. "Грассировать" – картавіць. "Гармонировать" – пасаваць. "Курировать" – як кураваць, так і апекавацца. "Парировать" – адпрэчваць (-ыць), адбіваць (адбіць).
Дарэчы, народная мова падказвае найлепшыя варыянты. "Фаршировать" – надзяваць, крапаць:
Печань, лёгкія і ныркі крышылі і крапалі трыбух (Лісна Верхнядзьвінскага р-ну). Паводле этнографа А. Нікіфароўскага, немясныя каўбасы называлі "надзяваныя кішкі". Вантробы крышаць, дабаўляюць яйкі і надзяваюць кішкі ці кіндзюк (Мсьцібава Ваўкавыскага раёну; кіндзюк – гэта страўнік у жывёлы, напрыклад, сьвіны).
Падобны пункт гледжаньня падзяляюць многія лінгвісты. Піша Іна Бубновіч:
...улічваючы заканамернасці беларускай мовы, таксама трэба імкнуцца пазбягаць чужароднага элемента, які нічога, акрамя падкрэслення слабой ступені засваення гэтых дзеясловаў беларускаю моваю, не нясе. Таму больш рацыянальна ўжываць: баражаваць, балатаваць, татуяваць, прэпараваць, трасаваць, санаваць і інш. Невыкарыстанне элемента -ір- не перашкаджае дакладнаму разуменню сэнсу гэтых дзеясловаў, пра што сведчыць фіксацыя такіх дзеясловаў без элемента -ір- у слоўніках 20—30-ых гадоў і ў сучаснай моўнай практыцы (балатаваць, татуяваць, скандаваць, легаваць). Значыць, рэч не ў тым, што элемент -ір- выконвае нейкую функцыю, а ў крыніцы непасрэднага пазычання. Пэўнае значэнне мае і звычка, стэрэатып мыслення, боязь адысці ад рускіх адпаведнікаў. (...) Вызваленне ад неўласцівых беларускай мове элементаў (…) працэс незваротны, і ў словах, дзе можна яго ўнікнуць, ужываць яго няма патрэбы.
(І. Бубновіч. Засваенне іншамоўных слоў беларускаю літаратурнаю моваю. Горадня, 2000 г.)
Такім чынам, абыходзьмася бязь -іраваць. "Транклюкіраваць" па-беларуску няможна. Затое можна (каго трэба) люстраваць, а хатніх катоў дастаткова лягчаць.