Беларусы, якія вярталіся ў нядзелю з матчу «Ўкраіна-Беларусь», што адбыўся ў Львове, заўважылі на мяжы вайскоўцаў у поўнай баявой амуніцыі з маскамі і аўтаматамі.
Паводле інфармацыі відавочцаў, беларускія памежнікі ды мытнікі таксама больш старанна правяралі цягнікі з Украіны, мужчын распытвалі, ці не заўзятары яны, ды перапісвалі іх дадзеныя ў нейкія сьпісы.
Радыё Свабода распытала заўзятараў, якім чынам яны вярталіся ў Беларусь і ці мелі праблемы на мяжы.
Заўзятар Васіль ехаў са Львова ў адным з аўтобусаў, поўных футбольных фанатаў. Ён кажа, што падчас праходжаньня мяжы ў пункце «Макраны» не заўважыў нічога незвычайнага:
«Стаялі доўга на мяжы, у нас ехала цэлая калёна зь некалькіх аўтобусаў з заўзятарамі. Але ніякіх праблемаў, нічога незвычайнага мы не заўважылі. Ніхто нас не перапісваў, ніхто асабістыя рэчы нейкім незвычаным чынам не правяраў. Добра даехалі».
Заўзятар Зьміцер вяртаўся са Львова цягніком «Львоў-Магілёў». Хлопец сьцьвярджае, што візуальна тры чвэрці пасажыраў цягніка складалі наведнікі матчу. Гэта пры тым, што да цягніка далучылі два дадатковыя вагоны. Зьміцер прызнаўся, што чуў пра праблемы ў некаторых фанатаў, але гэта тычыцца тых, хто паехаў са Львова раней, не дачакаўшыся цягніка.
«Мы ехалі на цягніку „Львоў-Магілёў“. Але некаторыя людзі паехалі раней, на перакладных. І насамрэч была інфармацыя, што іх неяк вельмі пільна правяралі, магчыма, кагосьці нават зьнялі з транспарта. Былі такія чуткі. Хутчэй за ўсё, яны трохі буянілі, таму што ў цягніку, якім вярталася вялікая колькасьць заўзятараў, нічога незвычайнага не было. З улікам дадатковых вагонаў было заўважна, што мытнікі сьпяшаліся падчас праверкі: забеглі, хуценька паглядзелі, ні да каго не чапляліся, нават не правяралі асабістыя рэчы».
Заўзятар Андрэй таксама вяртаўся з матчу цягніком «Львоў-Магілёў». Ён заўважыў, што падчас кантролю памежнікаў суправаджалі людзі ў цывільным, але ніякіх дзеяньняў у дачыненьні да заўзятараў яны не рабілі:
«Побач з памежнікамі былі людзі ў цывільным, нават канкрэтна ў спартовай вопратцы. Але яны нічога нам не рабілі. Калі праходзілі ўкраінскі кантроль — пазытыў і весялосьць, калі беларускі — грабавое маўчаньне і цішыня. Кажуць, што на беларускім баку на вуліцы былі моцна ўзброеныя людзі ў масках і з аўтаматамі. Але ж гэта мяжа, там гэта можа быць стандартнай рэччу. У вагоны гэтыя людзі не заходзілі».
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі пацьвярджае, што ў памежных пунктах, празь якія ехалі беларускія заўзятатары, было надзвычайнае становішча — менавіта таму там дзяжырылі ўзброеныя супрацоўнікі праваахоўных органаў:
«Мяжа з Украінай ўзмоцненая. А спартовыя мерапрыемствы, якія суправаджаюцца масавым рухам фанатаў і ўльтрас заўсёды забясьпечваліся па поўнай праграме з пункту гледжаньня бясьпекі. Таму экіпіяваныя адпаведным чынам супрацоўнікі праваахоўных органаў —цалкам лягічная карціна ня толькі на маршрутах перамяшчэньня фанатаў (станцыі, вуліцы, плошчы), але і ў месцах іх вялікай канцэнтрацыі (стадыёны)».