Беспрэцэдэнтныя пратэсты ў Малдове. Адбыліся сутыкненьні з паліцыяй, ёсьць пацярпелыя ФОТА

Масавыя акцыі пратэсту ў Малдове ФОТА

Дзясяткі тысяч чалавек бяруць удзел у акцыі пратэсту на плошчы Вялікага Нацыянальнага сходу ў цэнтры Кішынёва.
Мітынг арганізавала Грамадзянская плятформа «DА» (Demnitate si adevar — «Годнасьць і справядлівасьць»). На мітынг прыехалі людзі з усёй рэспублікі. У паліцыі не называюць колькасьць дэманстрантаў, але прызнаюць, што гэтулькі людзей не зьбіралася ад пачатку 1990-х гадоў, калі пачалася барацьба за незалежнасьць Малдовы. Удзельнікі акцыі зьбіраюцца разьмясьціць на плошчы намётавае мястэчка, заявілі ў сваім выступе журналісты Алекс Козер, Канстанцін Кеяну і Анжэла Арамэ. Лідэры плятформы напярэдадні абвясьцілі, што склікаюць Вялікі Нацыянальны сход.
Улады спрабавалі перашкодзіць правядзеньню мітынгу, арганізаваўшы канцэрт на тэрыторыі выставачнага комплексу «Молдэкспо». Большасьць артыстаў адмовіліся выступаць, каб не перашкаджаць актывістам.
Арганізатарам шоў прыйшлося перанесьці яго пачатак на больш позьні час, а ўдзел у ім будуць браць пяць-шэсьць выканаўцаў, сярод якіх Філіп Кіркораў і Дзіма Білан.
Грамадзянская плятформа «DA» пачала сэрыю акцый пратэсту ўвесну.
Яна патрабуе вярнуць мільярд даляраў, скрадзены з трох камэрцыйных банкаў, адправіць у адстаўку кіраўніцтва Нацыянальнага банку, Гэнэральнай пракуратуры, Антыкарупцыйнай камісіі, Вышэйшай судовай палаты, Апэляцыйнай палаты, Рады па абароне канкурэнцыі і Мытнай службы. «DA» таксама патрабуе адмовы ад нападак на прэсу і незалежных журналістаў, а таксама ад закрыцьця «нязручных» тэлеканалаў.

Адбыліся сутыкненьні ўдзельнікаў акцыі пратэсту з паліцыяй. У выніку была шпіталізаваная жанчына.

Дэманстранты з руху «Чырвоны блёк» спрабавалі прарвацца да будынку Генэральнай пракуратуры краіны, аднак не змаглі пераадолець паліцэйскі кардон. Пасля гэтага актывісты пачалі ўсталёўваць на вуліцы намёты.

«Мы застанемся тут, каб пікетаваць будынак Пракуратуры, дамагацца ачышчэньня правасудзьдзя ад карумпаваных судзьдзяў і пракурораў», — заявіў лідэр «Чырвонага блёку» Рыгор Пятрэнка.