На менскай «Каменнай горцы» да Burger King дадасца яшчэ і KFC

У раёне менскага мэтро «Каменная горка» насупраць рэстарану хуткага харчаваньня Burger King, які запрацаваў сёлета ў жніўні, неўзабаве зьявіцца яшчэ адзін знакаміты брэнд — KFC.

Прынамсі пра гэта сьведчаць рэклямныя абвесткі на адным з чатырох павільёнаў-блізьнюкоў, якія паўсталі абапал выхадаў зь мэтрапалітэнаўскіх пераходаў. Цяпер установа набірае пэрсанал, рамонтныя працы блізяцца да завяршэньня.

У кампаніі «Бел Фуд Сэрвіс», якая валодае франшызай KFC у Беларусі, спадзяюцца, што ўстанова пачне прымаць наведнікаў ужо ў верасьні. Дарэчы, дагэтуль меркавалася, што першая «кропка» згаданай сеткі адчыніцца ў кінатэатры «Цэнтральны», дзе кампанія выйграла аўкцыён на права арэнды. Але ў выніку нешта не «зраслося».

KFC (Kentucky Fried Chicken) — усясьветна вядомая сетка рэстаранаў хуткага абслугоўваньня, якая спэцыялізуецца на стравах з курынага мяса. Брэнд KFC амаль 60 гадоў таму заснаваў у ЗША уладальнік прыдарожнай кавярні Гарланд Сандэрс. Цяпер KFC прысутнічае ў 110 краінах сьвету. Пад гэтай маркай працуе 16 000 рэстаранаў, якія абслугоўваюць 15 000 000 наведнікаў штодня.