Клерк, якая адмовілася рэгістраваць аднаполыя шлюбы, 4 разы выходзіла замуж

Кім Дэйвіс

Выпадак Кім Дэйвіс, якую 3 верасьня ўзялі пад варту ў штаце Кентакі за яе адмову рэгістраваць аднаполыя шлюбы, працягвае хваляваць грамадзкую думку ў ЗША.

Дэйвіс, якая працавала клеркам у акрузе Роўэн у штаце Кентакі, адмовілася падпісваць шлюбныя ліцэнзіі геям і лесьбіянкам, тлумачачы гэта тым, што такі крок супярэчыць яе хрысьціянскаму сьветапогляду і «асноўнаму вучэньню» Бібліі.

Акруговы судзьдзя Дэйвід Банінг вынес пастанову пра арышт Дэйвіс на той падставе, што яна адмовілася выконваць чэрвеньскае рашэньне Вярхоўнага суду ЗША, які легалізаваў шлюбы прадстаўнікоў сэкс-меншасьцяў ва ўсіх штатах. Звальненьне жанчыны з працы не было магчымым, паколькі пасада акруговага клерка ў штаце Кентакі — выбарная (Кім Дэйвіс выбралі на яе пасаду летась ад Дэмакратычнай партыі).

Як паведамляе US News & World Report, тлумачэньні Кім Дэйвіс адносна яе адмовы рэгістраваць аднаполыя шлюбы выклікалі ажыўленую дыскусію ў сацыяльных сетках у ЗША, наведнікі якіх сумняваюцца ў шчырасьці рэлігійных перакананьняў 49-гадовай жанчыны, якая чатыры разы выходзіла замуж.

Паводле дакумэнтаў, якія мае US News & World Report, Кім Дэвіс разводзілася тры разы — у 1994, 2006 і 2008 гадах. Яна цяпер замужам чацьверты раз. Жанчына нарадзіла блізьнятаў пяць месяцаў пасьля свайго першага разводу. Выхоўваў гэтых блізьнят яе трэці муж, а ўсынавіў — яе другі.

Адвакат жанчыны, Мэт Стэйвэр, сказаў журналістам, што яе мінулае не павінна ўплываць на ацэнку яе сёньняшняй сытуацыі. Паводле Стэйвэра, факт, што чатыры гады таму Кім Дэвіс навярнулася на хрысьціянскую веру, дазволіў ёй пачаць жыцьцё «з чыстага аркуша». «Яна павярнула сваё жыцьцё на 180 градусаў» — дадаў адвакат.