Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Львоўскай абласной адміністрацыі.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад чыноўніка абласной адміністрацыі, цяпер працягваецца ўзгадненьне магчымасьці візыту.
Прэс-сакратар грамадзкай рады пры ГУ МУС Украіны ў Львоўскай вобласьці Алег Піліпенка паведаміў журналістам, што матч паміж зборнымі Ўкраіны і Беларусі наведаюць прэзыдэнты абедзьвюх краін.
«Пакуль гэтая інфармацыя неафіцыйная», — падкрэсьліў Піліпенка.
У жніўні гарадзкі галава Львова Андрэй Садовы, будучы ў Кіеве з працоўнай паездкай, зьвярнуўся да прэзыдэнта Парашэнкі з ініцыятывай, каб запрасіць прэзыдэнта Беларусі Лукашэнку ў Львоў на футбольны матч «Украіна — Беларусь».
«Вельмі важна, каб кіраўнікі нашых краін максымальна выкарыстоўвалі магчымасьці Львова для правядзеньня міжнародных сустрэч, форумаў і канфэрэнцыяў», — сказаў тады Садовы.
У інтэрвію Радыё Свабода, якое Андрэй Садовы даў напярэдадні матчу, мэр падкрэсьліў:
«Каб Лукашэнка быў у Львове, магчыма, штосьці й яго б памяняла. Маю такую надзею».
Прэс-сакратар мэра Львова Хрысьціна Процак пра візыт Лукашэнкі сказала карэспандэнту Свабоды наступнае:
— У нас такой інфармацыі няма. Папярэдне гэта не было заплянавана.
Паводле яе, прэзыдэнт Пятро Парашэнка мае прыехаць у Львоў на наступным тыдні, калі ў горадзе будзе праходзіць кніжны форум.