Што было б зь Беларусьсю, калі б беларускае школьніцтва цалкам спынілася па вайне? Ці захавалася б беларуская мова без газэт і выдавецтваў? Ці выжыла б беларуская культура і ў якім выглядзе? Гэта добра бачна на латыска-беларускім памежжы, у Латгаліі. Дзе да вайны беларускае жыцьцё буяла.
Дзьвінск, Дынабург, Даўгаўпілс. Адзін з буйных даваенных цэнтраў беларускага жыцьця. Сёньня, блукаючы па ягоных пустынных, амаль вымерлых вуліцах, дзе мадэрновыя будынкі пачатку ХХ стагодзьдзя перамяшаныя са сталінкамі і хрушчоўкамі, цяжка ўявіць, што ў 30-я гады тут віравала разнамоўнае жыцьцё. У тым ліку і беларускае. Напэўна, у ніводнай краіне беларусы ня мелі столькі спрыяньня для сваёй адукацыі і культуры, як у Латвіі. Па ўсёй Латгаліі былі школы, гімназіі, выдавецтвы. А ў Дзьвінску — нават свой тэатар.
Маім правадніком па Дзьвінску ласкава пагадзіўся стаць Мікола Паўловіч, мясцовы краязнаўца і зьбіральнік старажытнасьцяў. Сам пан Мікалай нарадзіўся ў Карэлічах. Ён былы будаўнік. У Дзьвінску жыве з маладосьці. Але гісторыю беларускай Латгаліі ведае, як, напэўна, ніхто.
Беларускія месцы за дзень абысьці цяжка. І праходзячы паўз прыгожы асабняк, у якім некалі кватаравала Паўліна Мядзёлка, і заходзячы ў Марыінскі касьцёл, дзе некалі служыў беларускі сьвятар Язэп Гайлевіч, і абмінаючы будынак, дзе некалі былі курсы беларускіх настаўнікаў, адчуваеш нават ня сум. А нешта накшталт разгубленасьці.
Няўжо гэта ўсё сышло і не пакінула сьлядоў? І што было б у Беларусі, калі б беларускае школьніцтва пачалі прыкрываць яшчэ да вайны?
На будынку колішняй дзьвінскай гімназіі вісіць памятная шыльда з «Пагоняй». Усталяваная мясцовым беларускім таварыствам. Дарэчы, шыльда зьявілася ўжо пасьля зьмены афіцыйнай сымболікі. Таму беларускія афіцыйныя асобы падчас сваіх візытаў абмінаюць гэты адрас. А дом, дзе жыла Паўліна Мядзёлка, можна было ў свой час прыдбаць за сем тысяч латаў.
Якое б магло быць месца для беларускага консульства! Але ў бюджэце такіх грошай не знайшлося.
— Тут была беларуская гімназія, беларускія школы, некалькі беларускіх таварыстваў. Сельскагаспадарчыя каапэратывы, нават гістарычнае таварыства. Пры беларускай гімназіі нават існаваў музэй. У іх нават быў фрагмэнт слуцкага пояса, які ім падараваў Ластоўскі. Самы пік быў у 1924 годзе. 52 беларускія школы!
— І каму трэба сказаць дзякуй за такое беларускае жыцьцё?
— Першаму прэзыдэнту Янісу Чакстэ. Як ён памёр, дык усе беларускія арганізацыі яго хавалі. Кінулі ўсе свае сваркі. Так іх тут было шмат, гэтых таварыстваў, так яны ваявалі паміж сабой. Але сьмерць Чакстэ іх памірыла. І Яна Райніса яны таксама разам хавалі. Райніс падтрымліваў беларусаў. А потым быў «беларускі працэс». Беларусаў абвінавачвалі, што яны хочуць аддзяліць Латгалію ад Латвіі. Пасьля гэтага колькасьць школ пачала скарачацца. Пасьля ў 36-м годзе прыйшоў Улманіс, які сказаў, што трэба ўсіх зрабіць адзіным латыскім народам. Але беларуская гімназія нікога ня выкінула. Яны давучвалі. Апошнія беларускія гімназісты атрымалі дыплёмы ў 39-м годзе.
Сапраўдным падарункам стала для мяне сустрэча з 89-гадовай латгальскай беларускай Натальляй Цімаховіч. Пані Натальля — у мінулым навуковец, астраном, вывучала Сонца. Валодае шасьцю мовамі. Выдатна памятае як даваенную Латгалію, так і Рыгу. Арыстакратызм у кожным руху, яснасьць у кожным позірку. Па яе чысьцюткай мове можна правяраць слоўнікі.
— У Рызе ўсе гаварылі на розных мовах. Асноўная мова была латыская. Яна была міжнацыянальная. Варажнечы не было ніякай. І дзяржава заўжды падкрэсьлівала, што мы ўсе грамадзяне Латвіі. А пасьля прыйшоў саракавы год. Савецкая ўлада. І нас сталі вучыць шукаць ворагаў. Пасьля была акупацыя нямецкая. Ізноў шукалі ворагаў такіх, ворагаў сякіх. Вучылі гэтаму.
— Адкуль ваша беларускасьць?
— Мая мама была полькай. У Даўгаўпілсе шмат было польскіх чыгуначнікаў. Бацька мой беларус, але са мной гаварыў па-польску. Але калі я паехала ў Педрую да бабулі, там я пачула беларускую мову. А пасьля, калі пачалася вайна, нямецкая ўлада дала магчымасьць адчыніць беларускую гімназію ў Індры.
Пані Цімаховіч падчас акупацыі вучылася ў беларускай гімназіі ў Індры, у латгальскім мястэчку каля самай мяжы. І высьвятляецца, што гэтая гімназія ня толькі давала адукацыю дзецям навакольля, але і ратавала ад сьмерці некаторых настаўнікаў.
— Я вучылася ў Індры два гады. Сярод выкладчыкаў былі людзі габрэйскага паходжаньня. Але зьнешне былі непадобныя. Яны ўцяклі ад людзей, якія іх ведалі. І жылі ў Індры, пайшлі ў гімназію выкладаць. Гэта адна група. А лацінскую мову выкладаў былы ксёндз з латыскай парафіі. Яго выгналі з касьцёла за п’янку. Але ж інтэлігент! Добры быў мужык. Было некалькі беларусаў-выкладчыкаў, яшчэ з таго часу, калі ў Латвіі былі беларускія школы. Яны выкладалі беларускую мову і літаратуру.
Дзіўная асаблівасьць латыскай беларушчыны. Пані Натальля памятае словы песьні «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», але ня ведае, што гэта за песьня. Мне падаліся цікавымі развагі старой спадарыні пра ролю малых культурных асяродкаў у вялікіх справах. Натальля Цімаховіч любое адраджэньне зьвязвае найперш зь імі, а не з палітычнымі партыямі.
— Спачатку адрэзалі галовы ў 40-м годзе дэпартацыямі, затым 41-шы, затым 49-ты. А цяпер ужо галоў няма. Але народ жыве. І ў правінцыі паўстаюць цікавыя суполкі. Пры бібліятэках, пры школах. Выставы, майстэрні, прыватныя музэі, якія злучаюць вакол сябе людзей. Толькі так можна нешта зрабіць. Бо зьверху нічога ня будзе. Наверсе сядзяць гультаі. Толькі малыя суполкі. Гэта духоўны канцэнтрат.
Стары, 90-гадовы Язэп Бунта, народжаны на Мёршчыне, таксама падчас акупацыі вучыўся ў Індраўскай беларускай гімназіі. У Індру яго накіраваў бацька. Як і многіх іншых маладых беларусаў з латыска-беларускага памежжа. Паміж высылкай на прымусовыя працы ў Нямеччыну і вучобай бацькі выбіралі для сваіх дзяцей вучобу.
— Памятаю, выходзіў падчас акупацыі часопіс «Новы шлях». І быў нумар, прысьвечаны цалкам беларускай асьвеце ў Латвіі. Наш дырэктар гімназіі сядзеў і ў польскай турме, і ў савецкім лягеры, і нават у латышоў.
За добрую вучобу Язэп Бунта быў узнагароджаны экскурсійнай паездкай у Нямеччыну.
— Лепшых вучняў накіравалі. Я толькі памятаю Франкфурт. Праяжджалі Бэрлін. Нас з гімназіі было тры чалавекі. Памятаю, быў Лявон Луцкевіч. Размаўляў з намі. Здаецца, ён вылез па дарозе. Былі на магіле Гётэ.
Выцягнуць са старога нейкія падрабязнасьці пра іх паездку на радзіму Гётэ немагчыма. Стары вельмі асьцярожны. Што зразумела. Па вайне яго асудзілі на дзесяць гадоў зьняволеньня. Але веды зь беларускай гімназіі вельмі прыдаліся Язэпу ў котласкім лягеры.
— Арыштавалі амаль усіх. Дзяўчат не чапалі. А хлопцаў, хто вучыўся, усіх павылоўлівалі. Пад рознымі нагодамі. Каму пісталет падкінулі, каму яшчэ што. Мяне апошняга ўзялі, у 51-м годзе. За антысавецкую агітацыю. Мне яшчэ пашанцавала. Я трапіў у лягер, а там поўны інтэрнацыянал. Там латышоў было болей, чым у Латвіі. Эстонцы, немцы. І калі нас прывезьлі туды, дванаццаць вагонаў з аршанскай турмы, начальнік лягера выклікаў мяне. «Якія ты замежныя мовы ведаеш?» А я ж нямецкую ведаю. «Будзеш нарадчыкам». І я без канвою жыў. І здароўе захаваў. Чатыры гады прайшло, Сталін памёр, і выпусьцілі. Пад Котласам я сядзеў. І ведаеце што? Дачка трапіла туды на працу па разьмеркаваньні. Выйшла там замуж і працуе дырэктарам гандлёвай фірмы. Вось якія шляхі.
І без гімназіяў, і без тэатраў, і без выдавецтваў беларушчына працягвае жыць. Культурна-асьветнае таварыства «Ўздым» налічвае сем калектываў, ладзіць вялікія фэсты, на якіх знаёміць гасьцей зь беларускімі традыцыйнымі абрадамі і кухняй. І робіцца гэта дзякуючы руплівасьці такіх людзей, як сябра праўленьня Жанна Раманоўская, родам з Полаччыны. Якая разам зь Міколам Паўловічам распавяла мне пару анэкдотаў зь мясцовага беларускага жыцьця.
— Усе настолькі прывыклі размаўляць па-расейску, што пераходзіць на беларускую мову лянуюцца. Спэктакль ставім. Трэба, каб сказаў хлопец адну фразу, не каверкаючы. «Ну, садзіся на дзяжу». Усяго тры словы. Атрымліваецца «на дэ жю». Нейкая француская. І так кожнага разу. Як выходзіць на сцэну, гэтае «дэ жю».
— Мы падчас фэсту частавалі сваімі стравамі. І прыйшла нейкая гараджанка і кажа: «Якія вы, беларусы, малайцы. Якія ў вас дрЯнікі добрыя».
— І яшчэ такі прыкол. У Краславе сьвятар родам мёрскі. І прыходзіць прыхаджанка. «А дзе бацюшка. Мне б пагаварыць». А гаспадыня кажа: «Ён зь Мёр. Яго няма». «А Божачкі! Як зьмёр? Учора ж жывога бачыла!»
Але галоўнае ў таварыстве «Ўздым» — гэта нядзельная школа для дзетак беларусаў. У якой займаецца каля дваццаці дзяцей. Гэта, вядома, ня тыя 52 школы Латгаліі, якія былі тут да вайны. Але дзяцей сюды прыводзяць, кіруючыся самымі высокімі матывамі. Як выкладчык каледжа Сяргей Кнышоў, расеец па нацыянальнасьці, жанаты зь беларускаю.
— Сыну тут вельмі падабаецца. Усё па-беларуску. Такое адчуваньне, што яны недзе ў хаце на хутары. Возяцца, гуляюць. Расейская і латыская мова — гэта абавязкова. Як і нямецкая з ангельскай. Але і беларуская лішняй ня будзе.
Дзіця ж не падманеш. Яно сюды цягнецца. І ў мяне на душы спакойна. Я яго тут пакінуў на пару гадзін. Ён тут стане багацейшы. А якія сталы беларускія! Беларускія жанчыны вельмі смачна гатуюць. Вышэйшы пілятаж. У рэстаранах Латвіі так не гатуюць, як у беларускіх сем’ях.