Washington Post: Расея, магчыма, нарошчвае ваенную прысутнасьць у Сырыі

Расейскі зьнішчальнік Су-34, ілюстрацыйнае фота

Газэта Washington Post выказала здагадку пра гэта на падставе непацьверджаных фатаграфіяў расейскай баявой тэхнікі і паведамленьняў прэсы.

Нядаўнія паведамленьні з адкрытых крыніц і непацьверджаныя фатаграфіі расейскай ваеннай тэхнікі ў Сырыі паказваюць, што Крэмль, магчыма, паступова нарошчвае сваю прысутнасьць у гэтай ахопленай вайной краіне, падтрымліваючы рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада.

Пра гэта паведамляе амэрыканская газэта Washington Post.

Выданьне спасылаецца на чатыры фатаздымкі, апублікаваныя ў аўторак на старонцы ў Твітэры, якая асацыюецца з «Фронтам Нусра» — сырыйскай групоўкай, зьвязанай з «Аль-Кайдай». Аб’екты на фатаздымках падобныя да расейскіх баявых самалётаў, уключаючы зьнішчальнік Су-34 і бесьпілётнік.

Хоць пацьвердзіць сапраўднасьць гэтых фатаздымкаў не ўяўляецца магчымым, у паведамленьні ў Твітэры гаворыцца, што самалёты былі заўважаныя над правінцыяй Ідліб. Washington Post адзначае, што ў гэтым раёне адбываліся жорсткія сутыкненьні і рэгулярныя прасоўваньні байцоў сырыйскай апазыцыі.

Хоць на фатаздымках ня бачна аб’ектаў, якія можна было б узяць за арыенціры, іранскае інфармагенцтва FARS, якое працуе пры падтрымцы дзяржавы, паведаміла, што ў сераду сырыйскі самалёт нанёс бомбавыя ўдары па сілах апазыцыі ў Ідлібе, уключаючы байцоў «Фронту Нусра».

Washington Post адзначае, што за два дні да магчымага зьяўленьня расейскага самалёта ў сырыйскім небе Іерусалімская газэта YNET апублікавала паведамленьне, зь якога вынікае, што расейскія пілёты і самалёты прыбудуць у Сырыю «ў бліжэйшыя дні» зь меркаванай мэтай нанясеньня авіяўдараў супраць «Ісламскай дзяржавы» і сілаў апазыцыі, якія пагражаюць рэжыму Асада. Хоць расейскія бесьпілётнікі за час вайны часта заўважаліся ў сырыйскім небе, зьяўленьне расейскага зьнішчальніка было б чымсьці новым.

Адказваючы на пытаньне пра магчымасьць зьяўленьня расейскіх самалётаў у Сырыі, прадстаўнік Пэнтагону Эліса Сміт паведаміла, што не валодае інфармацыяй па гэтым пытаньні, піша газэта.

Шчыльныя сувязі Расеі з Сырыяй даўно вядомыя — напрыклад, у сырыйскім Тартусе разьмешчаная база расейскага флёту. Але пры гэтым у правінцыі Латакія было заўважана новае расейскае ваеннае абсталяваньне, піша Washington Post, а сырыйскія СМІ паведамлялі пра будаўніцтва новай расейскай ваеннай базы ў Джабле.