Расея пераводзіць крымска-татарскую мову на кірыліцу

Тэлеканал ATR, вяшчаньне якога было спынена ў Крыме з 1 красавіка сёлета, карыстаўся лацінскай графікай.

Днямі ў Крыме запрацаваў новы кругласутачны крымска-татарскі тэлеканал «Миллет» (у перакладзе на беларускую «Народ»). Цітры гэтага каналу даюцца на кірыліцы, у той час, як канал ATR, вяшчаньне якога было спынена ў Крыме з 1 красавіка сёлета, карыстаўся лацінскай графікай.

Гэтую сытуацыю мы папрасілі пракамэнтаваць супрацоўніцу Татарска-башкірскай рэдакцыі Радыё Свабода Алсу Курмашаву.

Алсу Курмашава

Курмашава: Да анэксіі Крыму каля 20 гадоў крымскія татары праводзілі працэс пераводу крымска-татарскай мовы на лацінскую графіку. Украіна ім у гэтым не дапамагала, але і не перашкаджала. Вярхоўная рада Ўкраіны ў 1992 годзе прыняла закон пра перавод крымска-татарскай мовы на лацінку, і паступова пачаўся пераходны пэрыяд. У школах і ўнівэрсытэтах пачалі зьяўляцца падручнікі на лацінцы, але гэта ўсё ішло павольна, бо не хапала фінансаў і спэцыялістаў.

Паралельна ў Татарстане ў 1999 годзе парлямэнт прыняў закон пра перавод татарскай мовы на лацінку — гэта было вяртаньнем у часы нацыянальнага ўздыму 1920-х гадоў, калі лацінка была ўведзеная і праіснавала зусім нядоўга. З таго часу захоўвалася шмат літаратуры і падручнікаў на лацінцы, таму гэта аблягчала пераход. Пасьля прыняцьця закону ў Татарстане таксама пачаўся пераходны пэрыяд у школах і іншых навучальных установах. На лацінку перавялі назвы вуліц, пад’ём адчуваўся ва ўсім і вельмі хуткі. Пасьля гэтага Расейская Дзяржаўная Дума прагаласавала супраць татарскага закону пра лацінку, а ўсьлед за гэтым у законе пра мовы Расейскай Фэдэрацыі зьявіўся такі радок: усе мовы Расейскай Фэдэрацыі павінны быць толькі на кірыліцы. Гэта здарылася ў 1999 годзе. Татарстан яшчэ пару гадоў змагаўся за лацінку, але ў 2012 годзе было прынятае канчатковае рашэньне пра тое, што Татарстан ня будзе пераходзіць на лацінку.

Пераход на лацінскую графіку зьнітаваў бы татарскі народ па ўсім сьвеце.

А ў Крыме да анэксіі татарам ніхто не забараняў карыстацца лацінкай і праводзіць працэс паступовага пераходу на яе. Справа ў тым, што па-за межамі Крыму жыве нашмат больш крымскіх татараў, чым на самім паўвостраве. Гэта пераважна дыяспары ў Турэччыне і Амэрыцы. Тыя людзі ўжо нарадзіліся за мяжой і зусім ня ведаюць кірылічнай графікі і расейскай мовы, таму лацінская графіка для іх натуральная. Да таго ж лацінская графіка значна лепш за кірыліцу падыходзіць для фанэтыкі цюрскіх моваў. Тое самае і з казанскімі татарамі — яны таксама маюць вялікую дыяспару ў Турэччыне, Амэрыцыі і Фінляндыі. Таму пераход на лацінскую графіку зьнітаваў бы татарскі народ па ўсім сьвеце. Але вось цяпер у сувязі з тым, што ў Расеі існуе закон пра забарону лацінкі для нацыянальных моваў народаў Расеі, спынены і пераход крымскіх татараў на лацінку.

Татарскія інтэлектуалы, пісьменьнікі не пакідаюць надзеі, што зь цягам часу перавод на лацінку ўсё ж адбудзецца, або хаця б у іх зьявіцца магчымасьць пісаць і выдаваць свае кнігі на лацінцы, каб іх чыталі больш людзей у сьвеце. Але калі гэта палітычна ўдасца — цяжка казаць.

РС. А колькі ўсяго ў сьвеце жыве татар?

Курмашава: Казанскіх татар у сьвеце жыве прыблізна сем мільёнаў. Два мільёны ў самім Татарстане, астатнія па-за яго межамі, у тым ліку адзін мільён па-за межамі Расеі. Крымскіх татараў прыблізна тры мільёны па ўсім сьвеце, у тым ліку каля трохсот тысяч у Крыме і адзін мільён у Турэччыне. Але трэба разумець, што самі татары сябе не падзяляюць на крымскіх, казанскіх, башкірскіх ды іншых. Існуе моцнае разуменьне, што яны — адзін народ.