Як паведаміла дэпутат ад фракцыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Вольга Багамолец, малады чалавек 1995 года нараджэньня атрымаў несумяшчальныя з жыцьцём пашкоджаньні галаўнога мозгу.
Раней сёньня стала вядома, што ў шпіталі памёр другі паранены пры выбуху гранаты каля сьценаў Вярхоўнай Рады баец Нацыянальнай гвардыі. Усяго ў шпіталях цяпер знаходзяцца больш за 140 пацярпелых у сутыкненьнях. Дзесяць з іх — у цяжкім стане.
Беспарадкі ў Кіеве адбыліся пасьля таго, як дэпутаты Вярхоўнай Рады ў першым чытаньні прынялі папраўкі ў канстытуцыю аб дэцэнтралізацыі ўлады. Пратэстоўцы паспрабавалі штурмаваць парлямэнт і пачалі кідаць дымавыя шашкі, потым у міліцыянтаў і байцоў Нацгвардыі кінулі баявую гранату.
Затрыманыя 18 чалавек. У іх ліку два байцы батальёна МУС «Січ», які быў сфармаваны з актывістаў партыі «Свабода», адзін зь іх — падазраваны ва ўжываньні гранаты. Абодва яны нядаўна напісалі рапарты аб звальненьні.
У звароце да народу прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў сутыкненьне «антыўкраінскай акцыяй» і «ударам у сьпіну». Прэзыдэнт заявіў, што ўсе арганізатары беспарадкаў павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці.