Беларуская асацыяцыя журналістаў прэзэнтавала маніторынг «Асьвятленьне прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ў беларускіх СМІ».
Аб’ектамі дасьледаваньня сталі 14 дзяржаўных і незалежных друкаваных і электронных мэдыяў. Такое дасьледаваньне БАЖ праводзіць падчас кожнай прэзыдэнцкай кампаніі, каб прааналізаваць справядлівасьць, аб’ектыўнасьць і неперадузятасьць у асьвятленьні прэзыдэнцкай выбарчай гонкі.
Кіраўнік праекту Алесь Анціпенка паведаміў Свабодзе:
«Я ня стаў бы фармуляваць выразныя тэндэнцыі, якія тычацца паляпшэньня ці пагаршэньня асьвятленьня выбарчага працэсу ў мэдыях. Ёсьць пэўныя зьмены: гэтым разам, у параўнаньні з выбарчай кампаніяй 2010 году, дзяржаўныя мэдыі адвялі больш часу выбарчаму працэсу: асьвятленьне выбарчага працэсу сталася сувымерным з такімі праграмамі, як прагноз надвор’я і спорт. Адначасна дзяржаўныя мэдыі, як і раней, не аддавалі ўвагі патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнцтва, не было асобных праграмаў і матэрыялаў, дзе ўвага да кандыдатаў была б пэрсаналізаваная. Гэткім чынам выбарцам была б даведзеная інфармацыя, хто прэтэндуе на пасаду прэзыдэнта краіны. Асаблівасьцю цяперашняга этапу таксама сталася тое, што апазыцыя, калі і не была праігнараваная, то пакуль што ня сталася аб’ектам адмоўнага стаўленьня ці надзвычай эмацыйных інтэрпрэтацыяў яе дзейнасьці альбо дзейнасьці яе прадстаўнікоў. Падкрэсьліваю — пакуль што, бо гаворка вядзецца толькі пра першы этап выбарчага працэсу.
Мяркую, што гэтыя зьмены зьвязаныя, хутчэй за ўсё, з тым, што цяперашняя беларуская ўлада зацікаўленая ў больш спрыяльнай рэакцыі Захаду на тое, як праводзяцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. І гэта ляжыць у кантэксьце паляпшэньня тых стасункаў, якія і Эўразьвяз, і беларуская ўлада імкнуцца ўвасобіць у жыцьцё».