Трэці Майдан

Віталь Портнікаў

«Пачынаецца трэці Майдан» — кожны раз, калі ў Кіеве адбываецца нешта трагічнае, калі мы робімся сьведкамі сутыкненьня пратэстоўцаў з праваахоўнікамі, я чую гэтую фразу. Зьвязаная гэтая фраза вось з чым: тыя, хто яе прамаўляе, проста не разумеюць, што такое Майдан.

Майдан — гэта не тэхналёгіі, гэта нават ня мітынг пратэсту. Майдан — гэта разгневаны народ. Вось менавіта так: не «раззлаваныя гараджане з Балотнай» у модных гарнітурах і з новымі гаджэтамі, а разгневаны народ у чорных куртках і кепках. І яшчэ дэбільная ўлада, якая ня верыць у тое, што гэты разгневаны народ выходзіць на вуліцу сам па сабе. Менавіта таму ў Расеі ніколі ня будзе Майдану — таму што раззлаваныя гараджане ў ёй (хутчэй у Маскве, не ў Расеі) былі, ёсьць і яшчэ будуць, а разгневаны народ назіраецца толькі ў даўняй гісторыі. І тое ён часьцяком «бязмолвствуе» проста на сцэне.

І менавіта таму ўкраінскіх Майданаў мы таксама ня хутка дачакаемся. Не таму, што разгневанага народу больш няма, а таму, што больш няма дэбільнай улады. Уся ў Расію зваліла. Дакладней, амаль уся.

Украінцы ў 2004 годзе выходзілі не на Майдан, а на мітынг за сумленныя выбары. Улада ўзяла і наплявала на іх, а яны засталіся на плошчы. І іх на гэтай плошчы рабілася ўсё больш і больш. Улада — замест таго, каб уступіць у дыялёг — пачала разважаць пра тое, як іх разагнаць і як легітымізаваць фальсыфікацыю выбараў. Далей вы ведаеце — усё завяршылася датэрміновымі выбарамі.

І ў 2013 годзе ўкраінцы выходзілі не на Майдан. Яны выходзілі на мітынг за працяг палітыкі эўраінтэграцыі. Многія ўжо думалі разьяжджацца па рэгіёнах і прапагандаваць «за Эўропу». Але тут улада ўзяла і зьбіла іх. Таму што — дэбільная. І людзі разгневаліся — а што б вы зрабілі на іх месцы? Перачыталі б Пушкіна і расплакаліся? А потым — Лермантава, Блока, Бродскага... О, у расейскай паэзіі такі ўзьлёт вольнага духу — гэта ж не ўкраінская культурная правінцыя! Карацей кажучы, пакуль вы дэклямавалі, яны ўжо сабраліся. А ўлада пачала думаць, як іх разагнаць. А іх усё больш і больш. Усё скончылася тым, што Януковіч уцёк і цяпер таксама, напэўна, чытае Бродзкага. Або Хадасевіча. Я ж не ведаю, хто больш яму падабаецца.

Для таго, каб Майдан паўтарыўся, неабходна, каб грамадзяне выйшлі на мітынг, а ўлада зрабіла выгляд, што іх няма, пачала б ставіць на плошчы навагоднюю ёлку і думаць, як тых, хто сабраўся, разагнаць. Але цяперашняя кіеўская ўлада прайшла два Майданы. І яна дакладна ведае ўсё пра тэхналёгіі і пра народ. Улада двойчы ў жаху глядзела на народ з трыбун Майдану. Круглымі вачыма. Я запомніў гэтыя вочы. Гэта Януковіч мог думаць, што ўвесь народ прыйшоў на плошчу проста з амэрыканскай амбасады. І Пуцін, напэўна, думае таксама — што пад амбасадай ЗША ёсьць тунэлі, у якіх хаваюцца дзесяць мільёнаў марскіх пехацінцаў, пераапранутых раззлаванымі гараджанамі.

Парашэнка і Яцанюк так думаць ня змогуць — нават калі захочуць. Вядома, людзі, якія так думаюць, ва ўкраінскай палітыцы ёсьць. Але Ўладзімір Уладзіміравіч Пуцін адабраў у гэтых людзей электарат і пасадзіў гэты электарат пад замок Крыму, «ДНР» і «ЛНР». Так што іх фантазіі мала каму цяпер цікавыя.

Менавіта таму могуць быць мітынгі, дэманстрацыі, крызысы, адстаўкі. І нават трагедыі могуць быць — мы добра гэта разумеем. Хіба гэта не трагедыя — калі тыя, хто выступае за сувэрэнітэт Украіны, кідаюць гранату ў хлопцаў, якія абараняюць сувэрэнітэт Украіны? Трагедыя, гора і сорам.

Але не Майдан.