Як распавёў сябра загінулага Андрэй Любянчук, украінскі бок хваляваўся, што справа наўмысна зацягваецца.
«Яны прасілі тэлефанаваць у беларускую амабасаду ў Кіеў, каб консул хутчэй выяжджаў. Кажуць, чакалі консула ўчора ў Днепрапятроўску, казалі, што ён ужо на месцы. А потым выявілася, што ён яшчэ ў Кіеве вывучае дакумэнты. Прадстаўнікі, якія перавозяць цела з украінскага боку, хваляваліся, што сытуацыя штучна зацягваецца».
Сёньня раніцай актывісты патэлефанавалі ў беларускую амбасаду ў Кіеве; там паведамілі, што прысутнасьць консула неабавязковая. Цяпер чакаецца прыняцьцё рашэньня аб дальнейшым руху да беларускай мяжы.
Алесь Чаркашын быў паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і памёр у шпіталі ў Запарожжы пасьля некалькіх тыдняў комы. Беларус ваяваў пад пазыўным «Сябар Тарас» у тактычнай групе «Беларусь» у складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару».