Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паведаміў, што падчас учорашніх сутыкненьняў пад Вярхоўнай Радай у Кіеве былі параненыя 125 праваахоўнікаў.
«Адзін забіты, 125 параненых, 12 чалавек на апэрацыйных сталах, адзін баец у цяжкай коме, і лекары пакуль не даюць прагнозаў яшчэ пяці. Гэта палітычная акцыя пратэсту?! Раненьні рознай ступені цяжкасьці атрымалі байцы Нацыянальнай гвардыі, падразьдзяленьняў МУС, службы Дзяржаўнай службы аховы, спэцназаўцы МУС, міліцыянты кіеўскіх райаддзелаў», — напісаў Авакаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго слоў, сярод параненых намесьнік міністра ўнутраных спраў Васіль Паскал, а таксама журналісты «5-га канала», «1 + 1» і францускі карэспандэнт.
У беспарадках пад Вярхоўнай Радай Арсен Авакаў абвінаваціў лідэра Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Свабода» Алега Цягнібока.
«Я наўпрост абвінавачваю Алега Цягнібока і яго партыю „Свабода“ ў злачынстве, якое прывяло да гібелі чалавека. Баец Нацгвардыі, 24 гады, мабілізаваны з Херсона, памёр у шпіталі падчас апэрацыі з-за раненьня аскепкам гранаты. Гранату кінуў сябра партыі „Свабода“ і баец батальёна „Січ“, што знаходзіцца ў адпачынку. Я лічу, што гэта злачынства, а не палітычная пазыцыя», — дадаў Авакаў.
Між тым лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок заяўляе, што людзі, якія ўжывалі зброю пад Вярхоўнай Радай, былі не прадстаўнікамі яго палітычнай сілы, а правакатарамі ад улады.
Кіеўская пракуратура адкрыла крымінальную вытворчасьць у сувязі з падзеямі каля Вярхоўнай Рады па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. У Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў унесеныя зьвесткі за папярэдняй прававой кваліфікацыяй — артыкул 348 (забойства або замах на забойства супрацоўніка праваахоўнага органа пры выкананьні ім службовых абавязкаў), частка 3 артыкула 345 (пагроза або гвалт у дачыненьні да работніка праваахоўнага органа), артыкул 293 (групавое парушэньне грамадзкага парадку) і частка 2 артыкула 294 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса Ўкраіны.
Пад сьценамі ўкраінскага парлямэнту ў Кіеве 31 жніўня адбыліся сутыкненьні пасьля таго, як Вярхоўная Рада падтрымала ў першым чытаньні зьмяненьні ў Канстытуцыю адносна дэцэнтралізацыі. Пратэстоўцы пачалі наступ на будынак Вярхоўнай Рады, якую ахоўваў шэраг праваахоўнікаў.
Кіраўнік МУС Арсен Авакаў паведамляў пра затрыманьні 30 удзельнікаў сутыкненьняў, у тым ліку і мітынгоўца, які кідаў гранату ў міліцыянтаў.