У Магілёве адкрыліся курсы беларускамоўных экскурсаводаў

Кіраўнік суполкі ТБМ у Магілёве Алег Дзьячкоў

Курсы экскурсаводаў праводзіць магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы.

У арганізацыі спадзяюцца, што праз гэтыя курсы ў горадзе стане больш беларускамоўных гідаў. Пакуль жа, як зазначае кіраўнік суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў, у Магілёве толькі адзін атэставаны экскурсавод, які ладзіць вандроўкі па горадзе, апавядаючы пра яго на мове беларусаў, — гэта ён сам.

З ініцыятывай праводзіць курсы экскурсаводаў выступілі сябры суполкі і вучні старэйшых клясаў зь мясцовых школ. Яны ўдзельнічалі ў некалькіх вандроўках зь беларускамоўным гідам па горадзе і самі загарэліся жаданьнем стаць экскурсаводамі.

«Мая асабістая мара падрыхтаваць хоць аднаго яшчэ беларускамоўнага экскурсавода. Што да моладзі, дык калі зь іх ня выйдзе экскурсаводаў, дык яны хоць больш даведаюцца пра Магілёў», — кажа Алег Дзьячкоў.

«Тутэйшыя экскурсіі праводзяцца маімі калегамі толькі на расейскай мове, — зазначае ён. — Беларускамоўныя экскурсіі не запатрабаваныя. Калі няма замоваў на беларускамоўныя экскурсіі, то іх і няма наагул».

Алег Дзьячкоў заўважае: каб праводзіць экскурсіі на беларускай мове, не дастаткова ёю валодаць. Трэба яшчэ ствараць вакол сябе асяродзьдзе тых, хто цікавіцца гісторыяй і хоча, каб пра яе апавядалі па-беларуску.

«Я імкнуся ствараць такія групы. За восем гадоў у мяне ёсьць свая кліентура, якая замаўляе экскурсіі на беларускай мове. Напрыклад, ёсьць група байкераў, якія хочуць чуць аповеды пра гарады на беларускай мове. Я ім два гады таму правёў беларускамоўную экскурсію, і цяпер яны замаўляюць яе рэгулярна».

Экскурсаводы-пачаткоўцы

«Галоўнае ў працы экскурсавода — гэта любоў да радзімы і ўменьне перадаць яе іншым людзям», — выказваецца адна з наведніц курсаў экскурсаводаў.

«Я ўжо на пэнсіі і гісторыю вывучала яшчэ ў савецкія часы. Нядаўна на курсах даведалася, што Беларусь не была пад прыгнётам мангола-татараў. Гэта было для мяне адкрыцьцём», — прызнаецца суразмоўніца і дадае:

«Мы ўсе ведаем, напрыклад, пра францускіх мушкецёраў, а я нядаўна гасьцявала ў Дзятлава, а там жа Канстанцін Астроскі ўзьвёў замак ды царкву. Пра яго ў Дзятлаве мала хто ведае. А ён жа таксама быў рыцарам. Мы больш ведаем пра расейскіх цароў, чым пра сваіх князёў».

Яшчэ адна наведніца курсаў прызнаецца: ейная мара — расказаць беларусам пра багатую гісторыю іхняй краіны.

«Я вывучыла савецкую гісторыю, у якой мала месца адводзілася гісторыі Беларусі. Беларусам навязвалася ў савецкі час гісторыя імпэрскай Расеі. Таму мне хочацца паболей ведаць пра гісторыю Беларусі і расказваць іншым пра яе. На жаль, людзі сталага веку дагэтуль ня ведаюць гісторыі нашай краіны, і гэта дужа прыкра», — зазначае экскурсавод-пачаткоўка.

Курсы экскурсаводаў суполка ТБМ ладзіць раз на тыдзень на магілёўскім замчышчы. Пасьля месячнага перапынку на адноўленыя заняткі прыйшлі трое ахвотніц стаць гідамі. Жанчыны сталага веку апавядалі пра магілёўскі замак і тых, хто яго наведваў.