Літанкета Свабоды: Вольга Гапеева

Вольга Гапеева. Здымак з сайту gender-route.org

Вольга Гапеева — аўтарка шасьці кніг, піша паэзію, прозу, драматургію. Займаецца літаратурным перакладам (з англійскай, нямецкай, кітайскай, японскай, латыскай), гендэрнай праблематыкай у культуры і літаратуры, дасьледаваньнямі ў галіне кампаратыўнай лінгвістыкі, філязофіі мовы і сацыялёгіі цела. Мае ступень кандыдата навук (2012). Супрацоўнічае з электроннымі музыкамі. Творы перакладаліся на англійскую, нямецкую, польскую, македонскую, чэскую, літоўскую мовы. Удзельніца шматлікіх міжнародных канфэрэнцый і літаратурных фэстываляў (Славенія, Нямеччына, Чэхія, Літва, Аўстрыя, Швэйцарыя, Польшча і інш.). Ляўрэатка літаратурных прэмій і стыпэндыятка літаратурных рэзыдэнцый. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Я пішу не па замове, таму арыентуюся толькі на сябе. Спадзяюся, мяне чытаюць не-ідэальныя людзі :)

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

У дарозе, рух дапамагае ствараць рытм для верша.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Навошта прымерваць чужы лёс?

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Я ўжо далёкая ад літаратурных герояў, у тым сэнсе, што збольшага чытаю нон-фікшн, паэзію і слоўнікі. Там няма герояў, толькі словы :)

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Тая ці той, хто супадаюць са мной у сьветаўспрыняцьці.

6. Што вы цяпер чытаеце?

«Ethics and Selfhood: Alterity and Phenomenology of Obligation» by James Richard Mensch; артыкулы па сэмантыцы; паэзію панджабска-брытанскага паэта Амарджыта Чандана/Amarjit Chandan «Sonata for Four Hands».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Англійская, нямецкая, француская, трошку кітайская, і славянскія мовы (збольшага польская, славенская).

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Хм, пэўна «Няголены ранак» (праз фармат :)).

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Добрую.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

У падарожжах.