Італьянская нафтагазавая кампанія Eni абвясьціла пра адкрыцьцё ў Міжземным моры каля берагоў Эгіпту найбуйнейшага радовішча газу.
Яно займае плошчу каля 100 квадратных кілямэтраў, а ягоны патэнцыял можа скласьці да 850 мільярдаў кубамэтраў газу.
Разьведаных запасаў павінна хапіць, як сьцьвярджаюць у кампаніі Eni, для пакрыцьця патрэбаў Эгіпту ў прыродным газе цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў.
Да цяперашняга часу асноўным пастаўшчыком газу ў эўрапейскія краіны застаецца расейская кампанія «Газпрам». Аднак яго доля на эўрапейскім рынку энерганосьбітаў з кожным годам памяншаецца ў сувязі з ростам здабычы газу ў краінах Эўрапейскага зьвязу.
Кампанія Eni мае намер у бліжэйшыя гады працягваць інвэставаньне ў выведку газу і нафты на шэльфе Міжземнага мора, у прыватнасьці ў дэльце Нілу і на Сінайскім паўвостраве.