Алег Воўчак: Справы зьніклых трэба перакваліфікаваць на злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва

У Міжнародны дзень зьніклых людзей праваабаронца, былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак адказаў на пытаньні Радыё Свабода адносна сытуацыі з расьсьледаваньнем справаў зьніклых апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.

Карэспандэнт: Спадар Воўчак, у якім стане цяпер знаходзяцца справы аб зьніклых апазыцыянэрах, можа яны зусім закрытыя?

Воўчак: Справы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага падоўжаны чарговым разам да 25 верасьня 2015 году, справа Завадзкага была прыпыненая ў сувязі з розшукам нявысьветленых асоб, але фармальна і яна не закрытая.

Карэспандэнт: То бок фармальна справы вядуцца. А як вы ацэньваеце рэальнае становішча?

Алег Воўчак

Воўчак: А рэальнасьць такая, што даўно трэба было выстаўляць абвінавачаньні вышэйшым службовым асобам, якія датычныя да гэтых зьнікненьняў. Накіроўваць справы ў суд і хай суд вызначаецца з тым, вінаватыя яны ці не. Сьледзтву ўжо шмат разоў накіроўвалі матэрыялы, якія пэўна ўказвалі на магчымых злачынцаў. У 2001 годзе гэта рабіў кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык, які даслаў у пракуратуру пэўныя матэрыялы і прапаноўваў альбо прыцягваць да адказнасьці, альбо спыняць справы і шукаць іншых вінаватых, калі гэта не Шэйман, не Навумаў, не Паўлічэнка, не Сівакоў. Але нічога не было зроблена. Пасьля гэтага быў даклад Пургурыдэса з Рады Эўропы, прафэсійнага адваката, які вельмі прафэсійна зрабіў сваё заключэньне па гэтых справах. Але зноў ніякага выніку. Таму сёньня з большага ўсім зразумела, што справы расьсьледаваныя, але ім не даюць руху. Бо не проста ж, не без прычыны ў 2001 годзе прыбралі з пасадаў былога генпракурора Бажэлку і былога старшыню КДБ Мацкевіча, адначасова вызваліўшы з турмы КДБ Паўлічэнку? Таму, цяпер усё ў руках сьледчых са Сьледчага камітэту — яны нясуць пэрсанальную адказнасьць за гэтыя справы.

Карэспандэнт: Што вядома пра тое, хто цяпер расьсьледуе справы зьніклых?

Воўчак: Як ужо некалькі гадоў запар справы Захаранкі і Ганчара з Красоўскім расьсьледуе сьледчы Вараўка, начальнік аддзелу ў Сьледчым камітэце. Кантактаваць зь ім акрамя як праз тэлефон не даводзілася. Калі размаўлялі, прапаноўваў яму сустрэцца, абмеркаваць сытуацыю, што столькі гадоў сьледзтва нічога новага не паведамляе, сваякі непакояцца, грамадзкасьць непакоіцца, але ён адказаў, што няма неабходнасьці.

Карэспандэнт: Вас прызналі прадстаўніком сям’і Юрыя Захаранкі, у прыватнасьці, ягонай маці Ульяны Рыгораўны, якую сьледзтва лічыць пацярпелай. Якія новыя крокі зьбіраецеся прадпрыняць, каб актывізаваць сьледзтва?

Воўчак: Вось як у справе аб забойстве Барыса Нямцова абарона прапануе перакваліфікаваць справу з улікам таго, што ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю і раней займаў значную пасаду, гэтак і мы паспрабуем зноў дамагчыся перакваліфікацыі. Юры Захаранка і Віктар Ганчар былі не шараговымі асобамі, а вядомымі палітыкамі і дзяржаўнымі дзеячамі: Захаранка — міністрам унутраных спраў, а Віктар Ганчар — віцэ-сьпікерам парлямэнту. Перакананы, што іх нявысьветленыя лёсы наўпрост зьвязаныя з іх грамадзкай дзейнасьцю і таму будзем зьвяртацца, каб іх справы перакваліфікавалі паводле 128 артыкулу Крымінальнага кодэксу — гэта злачынствы супроць бясьпекі чалавецтва, па якім няма тэрміну даўніны. Мяркую, нам адмовяць, але саступаць ня будзем.

Карэспандэнт: Уражаньне, што грамадзтва забывае пра праблему зьніклых палітыкаў. Чаму, на Вашу думку, гэтак адбываецца?

Воўчак: Глядзіце, з вуснаў толькі 2-3 чалавек у апазыцыі ды праваабаронцаў гэтая тэма яшчэ працягвае гучаць, астатнія неяк нібыта забылі, што ў нас ёсьць зьніклыя апазыцыйныя лідэры. Праблема нават ужо амаль не згадваецца і ў якасьць абавязковай умовы для дыялёгу Менску з Эўразьвязам. Вось у Брусэлі ў ліпені адбылася першая сустрэча ў межах дыялёгу па правах чалавека з прадстаўнікамі беларускіх уладаў. Да гэтага дыялёгу я накіраваў прапановы адносны вырашэньня праблемы зьніклых, у тым ліку прапанаваў запатрабаваць у беларускага ўраду справаздачу пра вынікі расьсьледаваньня, якое цягнецца ўжо 16 гадоў. Наколькі мне вядома, эўрапейцы чакаюць ад беларускаму боку адказаў на наступнай сустрэчы, якая адбудзецца ажно праз год. Красамоўна.

Карэспандэнт: Ці гучыць тэма зьніклых падчас цяперашняй выбарчай кампаніі?

Воўчак: На жаль, вельмі слаба. Нібыта былі, умоўна кажучы, прынцыповыя кандыдаты на прэзыдэнта, але ніводны зь іх пытаньне зьніклых рубам не паставіў. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году гэтую тэму вельмі актыўна прасоўваў Уладзімер Ганчарык, у 2006 — Аляксандр Казулін, у 2010 Саньнікаў і Статкевіч на гэтым засяроджвалі ўвагу, а ў гэту кампанію пра зьніклых па-сутнасьці яшчэ ніхто і не сказаў. Не дзіва, што новыя дыпляматы, якія прыяжджаюць да нас з Эўропы, амаль ня ведаюць пра гэту праблему, іх даводзіцца «прасьвятляць» на гэты конт. Цяпер некаторыя вельмі радыя, што вось вызвалілі палітвязьняў, дык могуць хутка зьняць і санкцыі. Але нагадаю, што першыя санкцыі былі накладзеныя на беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў менавіта за зьніклых палітыкаў, таму, на маю думку, казаць, што санкцыі насьпеў час здымаць — за рана.

Акцыя салідарнасьці з палітзьняволеннымі і зьніклымі насупраць будынку КДБ

_________________________________________

Былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка зьнік у траўні 1999 году. У тым жа годзе ў верасьні зьніклі былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, экс-старшыня Цэнтрвыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсоўца Анатоль Красоўскі, які дапамагаў апазыцыі. У чэрвені 2000 году зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі.