Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.
Дарагі наш таварыш!
Глыбока запалі ў душу твае словы пра ваду. Поўнасьцю і цэліком згодны з табой, што мы, белыя росы, запраста можаш напаіць усю Яўропу. Ня цэняць нас капіталісты, што мы крыніца чыстай вады, якіх не бывала і не будзе больш ніколі.
Але многа горкіх думак узьнікае, калі раздумваць пачынаеш над нашымі запасамі. Што ж атрымліваецца? Па-злачыннаму бясплатна карыстаюцца каму ня лень, разбазарваюць, нам дзякуй ня скажуць хаця б. Дарагі наш таварыш! Я сяджу за сямейным сталом, расклаўшы карту нашай Рэспублікі. Любоўна аглядаю яе і па-філасофску разважаючы. І што атрымліваецца? Што рэкі нашы ўцякаюць ад нас, як рыба з дзіравага нерату!
Кроўю сэрца абліваецца, калі думаю пра бандэраўцаў і фашыстаў. Што ж гэта атрымліваецца? Яны ваду нашу прысабечылі і зрабілі сваёй злачыннай зброяй! Нашай дняпроўскай вады не даюць папіць як сьлед беднаму Крыму! Крыму, таварышы! Які зьяўляецца неад’емнай часткай нашай Саюзнай дзяржавы! Мы нашым бедным братам пасылаем ваду, а хахлы ім кукіш пад нос! Таварышы! Мала гэтага, рака наша пачынаецца ў глыбіні роднай матухны Расеі, зь якой выцякае, каб дацячы ў канцы канцоў да любімага Крыма. А яны ім кран закручваюць! Ну, ці не бандэраўцы?!
Дарагі наш, надзея наша і апора, патрабую ад цябе, каб неадкладна ты даў заданьне нашым вучоным галовам, каб пакумекалі, як не пусьціць рэкі да бандэраўцаў, каб ня даць ім вады на іхнія фашысцкія мэты. Пункт першы. Ты павінен сказаць вучоным, каб паставілі трубу з Гомеля ў Крым і па ёй каб пусьцілі ваду братам нашым меншым, а хахлы няхай лапу смокчуць! Пункт другі. Астатнія рэкі, якімі бандэраўцы беспакарана і зусім бясплатна карыстаюцца, спыніць, забараніць разбазарваньне водных рэсурсаў. Ты павінен сказаць вучоным галовам, каб зрабілі палескае мора, якое там некалі было. І якое потым ператварылася ў рэкі.
Але не расслабляйся раней часу, гэта толькі палова работы. Вялікая трагедыя, што мы ня толькі фашыстаў поім, але і нацыяналісты п’юць нашу рачную ваду ад дабрадушных беларосаў. Бяда, бяда. Што рабіць, таварыш? Нельга быць бескарысьлівымі, усе на табе катацца будуць як на вярблюдзе. Рэкі нашы цякуць у Балтыйскае мора! Невыносна шкада! Наш непрыяцель п’е ў сваім НАЦЕ чыстую як сьляза вадзічку і ў вус ня дзьме, з нас сьмяецца. Прэкраціць! Усе рэкі спыніць! І няхай вучоныя іх павернуць на Маскву, нашым братам. І тады будзе поўная справядлівасьць. А хахлы з лабасамі няхай п’юць салёную, мора ім навошта тады? Беларускія рэкі — беларусам! І рускім братам. За іхні газ. Няхай спраўдзіцца вялікая мара таварыша Сталіна аб павароце рэк! Каб удалося яму, каб не перашкодзілі ворагі народу, мы б дагэтуль жылі ў Савецкім Саюзе, мёд бы пілі і ў вус ня дзьмулі.
Твой вечны выбаршчык Сьцяпан Кавенька
Ад рэдакцыі: І адрас, і арыгінал гэтага звароту захоўваецца ў надзейным месцы, і калі што, нічога нікому ня будзе. Прысылайце свой ліст, і мы яго абавязкова перадамо куды трэба (на кароткіх і сярэдніх хвалях і ў Інтэрнэце). Адрас svaboda@rferl.org