​На Ўсходніх могілках адкрылі помнік паэту Генадзю Бураўкіну ФОТА

У Менску адкрылі помнік Генадзю Бураўкіну ФОТА

У дзень нараджэньня славутага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна на ягонай магіле на Ўсходніх могілках сталіцы адкрылі помнік. Аўтар помніка – скульптар Алесь Шатэрнік.

Помнік мае выгляд разгорнутай кнігі. На адной старонцы – барэльеф і надпіс «Генадзь Бураўкін, паэт», а на другой – радкі зь ягоных вершаў: «Ты, мой народ, мяне не папракнеш, я ўсё табе аддаў – жыцьцё і сілы…»

ГЛЯДЗЕЦЬ ФОТАГАЛЕРЭЮ

Сын паэта Аляксей Бураўкін патлумачыў, што напісаць гэтыя словы на помніку быў запавет самога Генадзя Мікалаевіча.

Уладзімір Някляеў з жонкай

На цырымонію адкрыцьця помніка прыйшлі родныя паэта – жонка, дзеці і ўнукі, вядомыя беларускія літаратары, паплечнікі – Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя.

Хоць Генадзь Бураўкін цягам доўгіх гадоў быў вядомым дзяржаўным дзеячам – пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 10 і 11 скліканьня, старшынём Дзяржтэлерадыёкампаніі, нікога з афіцыйных асобаў на адкрыцьці помніка не было. Цырымонія была цалкам нефармальная, зладзілі яе выключна родныя і сябры.

Многія людзі прыйшлі зь бел-чырвона-белымі кветкамі, запалілі сьвечкі, усе разам прасьпявалі «Магутны Божа».

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году, памёр 30 траўня 2014 году.