Пра гэта на супольнай прэс-канфэрэнцыі заявілі экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.
«Выбары ўжо сфальсыфікаваныя. Найлепшая сумленная пазыцыя ў гэтай сытуацыі — ігнараваць галасаваньне, ігнараваць гэтае выбарчае шоў», — заявіў Статкевіч.
На думку Статкевіча, выбары сёньня сфальсыфікаваныя не ў пратаколах галасаваньня, а ў выбарчых бюлетэнях, бо кандыдатамі ў прэзыдэнты стануць толькі тыя, каго выбрала ўлада.
«Усё гэта небясьпечна для беларускай дзяржаўнасьці. Мы ня верым у патрыятычны прыступ Лукашэнкі. Мы памятаем іншага Лукашэнку, які ў 90-х зьбіраўся здаць нас шасьцю абласьцямі Крамлю. А людзі не мяняюцца», — заявіў палітык.
«Ніхто ня мусіць удзельнічаць у гэтых выбарах, калі ён толькі ня здрадзіў дэмакратыі і не перайшоў на бок рэжыму», — заявіў Уладзімер Някляеў.
Някляеў паведаміў, што ён не зьбіраецца вяртацца ў апазыцыю, уваходзіць у нейкія кааліцыі і аб’яднаньні, але працягне займацца стварэньнем грамадзкага руху «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі».
Ён таксама запэўніў, што гатовы дапамагаць Мікалаю Статкевічу і будзе заўсёды поплеч зь ім.
«Я прыйшоў падтрымаць Статкевіча — кандыдата ў прэзыдэнты. Паводле ягоных слоў, Статкевіч быў незаконна пазбаўлены права выбірацца, і пакуль яму гэтае права ня вернуць, ніякіх свабодных выбараў у Беларусі быць ня можа», — кажа Някляеў.