Урачы даслалі ліст Ганьне Бахур, у якім паведамілі, што паводле даручэньня Міністэрства аховы здароўя было праведзенае паседжаньне мэдычна-кансультацыйнай камісіі, па выніках якога было адмененае ранейшае рашэньне аб тым, што Ганна і Анатоль Бахур ня могуць выхоўваць сваё нованароджанае дзіця.
Таксама, у лісьце да Ганны Бахур лекары прынесьлі «выбачэньні за нязручнасьці».
Праваабаронцы Офісу па правах людзей з інваліднасьцю кажуць, што менавіта грамадзкі розгалас дазволіў зьмяніць сытуацыю на карысьць бацькоў-інвалідаў. Камэнтуе дырэктар Офісу Эніра Браніцкая:
«Дзякуючы агульным намаганьням быў даказаны юрыдычны бок гэтай справы. Тое рашэньне мэдычнай камісіі, якое было вынесена, было неабгрунтаванае. Яно магло быць вынесена, калі б маці адмовілася ад сваіх бацькоўскіх абавязкаў. Тады б паўстала пытаньне аб алімэнтах, і тады б яны павінны былі вынесьці гэтае рашэньне. Тое, што яно было вынесена зараз — гэта такая аўтаматычная памылка. На дадзеным этапе такога рашэньня не павінна быць».
Раней сям’і Бахураў пагражалі аддаць іх нованароджанае дзіця пад апякунства, або ўвогуле, зьмясьціць у Дом маляня. Лекары ды чыноўнікі абгрунтоўвалі гэта тым, што абодва бацькі інваліды, і ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.