На экранах Беларусі гэтымі днямі дэманструецца амэрыканскі баявік «Місія невыканальная 5 — Племя ізгояў». Дзеяньне распачынаецца ў Менску, на лётнішчы, адкуль мае вылецець самалёт з хімічнай зброяй для тэрарыстаў. Паводле сюжэту, у глябальнай тэрарыстычнай сетцы, апантанай ідэяй усталяваньня новага парадку на плянэце, ёсьць месца і для Беларусі.
Пра тое, як ствараецца імідж краіны, нацыі ў мастацтве, а таксама пра белыя і чорныя сьпісы творцаў — размова з кінааналітыкам і культуролягам Максімам Жбанковым.
Фрагмэнты перадачы
Вячаслаў Ракіцкі: Якія падставы былі ў аўтараў фільма, каб уключыць у сюжэт Беларусь? І ўвогуле — наколькі апраўдана ўключаць у мастацкі фільм, так бы мовіць, рэальную выдумку?
Максім Жбанкоў: Кожная зь дзяржаваў мае сваю рэпутацыю ў сьвеце. Беларусь, на жаль, тут далёка не на першым месцы. А калі казаць больш дакладна, наша краіна на першых месцах сярод сумнеўных партнэраў, ненадзейных, нейкіх дзіўных постсацыялістычных краінаў. І вось гэтая наша цьмяная рэпутацыя выклікае і адпаведныя водгукі. Бо, напрыклад, Чэхія — гэта ўжо і банальна, і не адпавядае рэальнасьці. Раней у галівудзкай прадукцыі было шмат нэгатыўных герояў-украінцаў, але цяпер гэта нібыта непаліткарэктна. А мы — такая цёмная пляма ў цэнтры Эўропы, таму што ні скажы — усё будзе праўдай.
Ракіцкі: Тым болей адносна гэтага фільму. Можна ўзгадаць, што, паводле шэрагу міжнародных дасьледаваньняў, Беларусь — у першай дваццатцы найбуйнейшых дастаўнікоў зброі ў сьвеце...
Жбанкоў: Вось менавіта пра гэта я і кажу. Любая міжнародная рэпутацыя пэўнай краіны абавязкова мае нейкія фактычныя падставы. І гэтыя падставы зьвязаныя з тымі мэдыйнымі сыгналамі, тымі фактамі, абставінамі, якія вакол гэтай краіны паўстаюць, тыражуюцца.
Ракіцкі: Але наколькі гэта этычна ці паліткарэктна з боку стваральнікаў фільму?
Жбанкоў: А я б увогуле пра гэта не казаў у нейкіх тэрмінах этыкі ці карэктнасьці. Слухайце, ну якая этыка можа быць у лунапарку ці цырку? А вялікі Галівуд, па вялікім рахунку, — фабрыка шоў-бізнэсу. У шоў-бізнэсе няма праўды, няма этыкі. У шоў-бізнэсе ёсьць чысты фан. І гэты фан працуе як сыстэма пазнавальных маркераў, як глябальны комікс. І гэты комікс павінен быць вельмі просты.
Ракіцкі: Як вы лічыце, ці моцна пацярпеў імідж Беларусі дзякуючы гэтаму фільму? Фільм жа вельмі касавы. Яго паглядзелі ўжо дзясяткі мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце...
Жбанкоў: Я б не перабольшваў ролю Тома Круза ў пабудове глябальнага беларускага іміджу. Мне падаецца вельмі сьмешным, калі спрабуюць праз кіно будаваць пэўную палітычную рэпутацыю альбо казаць, што гэты фільм яе разбурае. Справа ў тым, што глябальную рэпутацыю краіны ствараюць ня фільмы, ня нейкія культурныя міты (а Галівуд — гэта фабрыка мітаў), а сама дзяржава. То бок іміджмэйкер Беларусі — ня Том Круз, ня Стывэн Сьпілбэрг, у якога там Том Хэнкс зь беларускім пашпартам сядзеў у беларускім аэрапорце. Галоўны іміджмэйкер, пазытыўны ці нэгатыўны, — сама краіна. Яе кіраўніцтва. Яе палітыка. Тыя сыгналы, якія яна пасылае сьвету.
Ракіцкі: У перадачы «Клюб рэдактараў» на Беларускім тэлебачаньні старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, дарэчы, зусім не апошняя фігура ў герархіі кіраўнікоў краіны, заклікаў беларусаў байкатаваць стужку, не ісьці ў кінатэатры. Ці то высокі тэленачальнік ня вельмі аўтарытэтны ў гледачоў, ці то людзі не глядзяць БТ, але заклік не падзейнічаў, залі кінатэатраў запоўненыя, пікетаў пратэсту вакол іх няма. З вашага гледзішча, заклік слушны? Што можа супрацьпаставіць Беларусь гэтаму?
Жбанкоў: Мне гэтая ініцыятыва, мякка кажучы, падаецца сьмешнай. Я ўзгадваю, як колькі гадоў таму таксама прапаноўвалі забараніць новую сэрыю «Індыяны Джонса». бо там нібыта ў невыгодным сьвеце паказаныя нейкіярасейскія агенты. Мне здаецца, што ўсе гэтыя заклікі да забаронаў — праява пэўных нацыянальных комплексаў. То бок нам не падабаецца палітыка Галівуду, дык давайце зь ёю змагацца. Насамрэч гэта спроба дзяржаўных структураў кіраваць культурным працэсам. А глядач усё роўна глядзіць тое, што яму цікава, а ня тое, што яму хоча прапанаваць спадар Давыдзька.