«Расея акупавала Нарвэгію» — тэлесэрыял паводле Нэсбё выклікаў скандал

Фрагмэнт рэклямнага пляката да сэрыялу

У Нарвэгіі ў канцы верасьня адбудзецца прэм’ера тэлесэрыялу пра тое, як Расея напала на Нарвэгію і акупавала нарвэскую тэрыторыю. Сэрыял называецца «Okkupert» (Акупаваныя).

Паводле сюжэту фільму, расейскія войскі ўрываюцца ў Нарвэгію «пры шырокай падтрымцы міжнароднай супольнасьці» пасьля таго, як у краіне прыходзіць да ўлады радыкальная партыя «зялёных», якая цалкам спыняе здабычу газу і нафты.

«Падразьдзяленьні расейскай арміі бяруць здабычу прыродных рэсурсаў пад свой кантроль, пры гэтым жыцьцё ў Нарвэгіі ў цэлым працягваецца ў тым жа ключы, што і да акупацыі» — гаворыцца ў анатацыі да фільму.

Расейская амбасада ў Осла ўжо адрэагавала на выхад трэйлера сэрыялу. Прэс-сакратар амбасады Андрэй Кулікоў выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што «ў год 70-й гадавіны перамогі ў Другой сусьветнай вайне нарвэскіх гледачоў запалохваюць неіснуючай пагрозай, якая зыходзіць з Усходу». У той самы час, як запэўніў спадар Кулікоў, «ніякай гістэрыі з расейскага боку ня будзе», ня будзе і фармальнага дыпляматычнага пратэсту.

Ідэю сэрыялу прапанаваў сусьветна вядомы нарвэскі аўтар дэтэктываў Ю Нэсбё яшчэ ў 2008 годзе — годзе расейскай агрэсіі ў Грузіі. Ён напісаў сцэнар некалькіх «пілётных» сэрый. Аднак сэрыял быў запушчаны ў вытворчасьць толькі нядаўна, ужо пасьля расейскай анэксіі Крыму, калі стала чуваць адкрытую боязь, што расейскай акупацыі могуць падвергнуцца поўнач Нарвэгіі і швэдзкі востраў Готлянд.

7 гадоў таму ідэяй Нэсбё зацікавіўся дзяржаўны нарвэскі тэлеканал NRK, але ня стаў яе ажыцьцяўляць, і ў выніку ідэяй заняўся тэлеканал TV-2. У напісаньні сцэнару ўдзельнічалі і іншыя аўтары. Гэта мае быць самы дарагі сэрыял у гісторыі Нарвэгіі — яго бюджэт (90 мільёнаў нарвэскіх кронаў, а гэта каля 10,5 мільёнаў даляраў) больш чым у 2 разы перавышае бюджэт папярэдняга рэкардсмэна, сэрыялу «Багацьце», на здымкі якога былі затрачаны 36 мільёнаў кронаў. Ужо вядома, што сэрыял будзе паказаны ў Вялікабрытаніі. Правы на фільм выкупіў і француска-нямецкі тэлеканал Arte.