Зборнік эратычнай прозы «Дванаццаць актаў» уключае ў сябе 12 апавяданьняў і мае ўзроставае абмежаваньне «+18».
Ідэя выдаць тэматычны зборнік належыць беларускаму пісьменьніку, драматургу і кінасцэнарысту Ўладзіславу Ахроменку, які лічыць, што «беларускай літаратуры бракуе цялеснасьці». Спадар Ахроменка заявіў Свабодзе:
«Тэма абсалютна натуральная — эротыка і сэкс у літаратуры. Я вырашыў стварыць такі зборнік таму, што беларуская літаратура нейкая ў нас закансэрваваная. У нас заўсёды было багата ідэяў, патрыятызму, „паэзіі чыстай красы“, але бракавала фізычнага цела. У выніку нашы літаратурныя героі падаюцца створанымі з эфіру, бесьцялеснымі».
Тэхнічным бокам выданьня зборніка займаецца беларускі пісьменьнік Сяргей Календа, які мае пасьпяховы досьвед літаратурнага краўдфандынгу. На друк «Дванаццаці актаў» сродкі зьбіраюць на адмысловай старонцы, дзе дабрадзеі могуць ахвяраваць 25, 100, 250 ці 500 тысяч беларускіх рублёў.
Сяргей Календа распавёў, што зборнік пра сэкс — першая кніга з праекту «Дванаццаць». Далей арганізатары мяркуюць стварыць зборнік пра забойствы:
«Дванаццаць актаў» — кніга пра сэкс, пра адносіны і каханьне. Дванаццаць пісьменьнікаў на нашу просьбу напісалі па адным апавяданьні. Задумаўшы гэты праект, мы хочам не адстаць ад іншых краінаў, дзе ўжо даўно выходзяць тэматычныя зборнікі апавяданьняў, якія гуртуюцца пад адной вокладкай. Тэматычныя зборнікі добра чытаюцца і добра распаўсюджваюцца».
Хоць пісьменьнікі пісалі апавяданьні для зборніка «Дванаццаць актаў» на просьбу ўкладальнікаў, гэта, на думку Сяргея Календы, ня сьведчыць пра адсутнасьць сэксу і эротыкі ў беларускай літаратуры:
«Проста новыя тэксты заўсёды цікавейшыя — таму мы вырашылі прасіць пісьменьнікаў напісаць нешта новае. А тое, што пісалася раней, — яно ўжо было надрукавана, а значыць, і прачытана. У нас будзе арыгінальная кніга. Што да фармату напісаных апавяданьняў і глыбіні раскрыцьця тэмы сэксу, то атрымалася па-рознаму. Некаторыя пісалі ўвогуле без аніякіх абмежаваньняў і рабілі што хацелі. Хтосьці пісаў пра сваё першае каханьне, таму ёсьць вельмі асабістыя тэксты. А ёсьць і такія, дзе рэчы выходзяць за свае межы і пачынаецца „разьдзяўбайства“. Мы імкнуліся, каб былі розныя жанры, таму і запрасілі вельмі розных пісьменьнікаў».
Адна з аўтарак зборніка, пісьменьніца Людміла Рублеўская кажа, што напісанае ёй для «Дванаццаці актаў» апавяданьне — не пра сэкс, «хаця сэкс там ёсьць»:
«З аднаго боку, сэкс і эротыка не павінны быць самамэтай твору. Зь іншага, для літаратуры як адлюстраваньня жыцьця ня можа быць тэмаў, якія б яна ня мусіла закранаць. Пытаньне — у мастацкім гусьце і мастацкай вартасьці. Удзел у гэтым праекце для мяне — гэта мастацкі выклік. Але я ня здрадзіла сабе. Таму тыя, хто чакае ад майго апавяданьня чагосьці „смажанага“, будуць расчараваныя. Я раскрыла тэму па-свойму, у кантэксьце сваёй творчасьці. Думаю, што тое самае зрабілі і іншыя ўдзельнікі праекту. Мой твор „Я ніколі ня стану лётчыкам“ — не пра сэкс, хаця сэкс там ёсьць. А ўвогуле гэта беларуская гісторыя з глябальнай праблемай чалавека і ўлады».
Склад першага ў беларускай літаратуры зборніка беларускай прозы пра эротыку і сэкс наступны: Ева Вежнавец — «Маша ў залатых басаножках», Уладзімер Някляеў — «Піянэрскі салют», Пістончык — «Мікракосм», Алена Брава — «Мёд Чорнага Месяца», Юры Станкевіч — «Выпускны», Людміла Рублеўская — «Я ніколі ня стану лётчыкам», Аляксандар І. Бацкель — «Распуста», Макс Шчур — «Нас двое», Алесь Аркуш — «Гісторыя пра ўсьмешку», Югася Каляда — «Малады спэцыяліст», Сяргей Вераціла — «Баляда пра чатырнаццаць гадоў», Марта Локіс — «Дваістая душа Алісы».