Алег Трусаў напісаў законапраект аб абароне беларускай мовы і культуры

Алег Трусаў

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распрацаваў праект закону «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь». Ён мае стаць альтэрнатывай праекту «Кодэксу аб культуры», які распрацавала Міністэрства культуры і перадало на разгляд Палаты прадстаўнікоў.

Паводле Алега Трусава, Кодэкс аб культуры — гэта грувасткі дакумэнт, які мае сотні старонак і ўтрымлівае нарматывы шэрагу законаў, якія дзейнічаюць цяпер: «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», «Аб мове», «Аб музэях» і іншых. Зацьвярджэньне «Кодэксу аб культуры» будзе азначаць адмену дзеяньня ўсіх гэтых законаў. Пры гэтым у новараспрацаваным Кодэксе шмат страчана станоўчага, што ўтрымліваюць цяперашнія законы, і няма неабходных новых нарматываў. Таму ўзьнікла грамадзкая ініцыятыва — распрацаваць альтэрнатыўны закон аб культуры. У прыватнасьці, з такой прапановай выступіла партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і іншыя арганізацыі, якія і прапанавалі распрацаваць альтэрнатыўны законапраект, кажа Алег Трусаў:

«Я ўзяў за аснову цяперашні закон аб культуры, паколькі я яго распрацоўваў і пад маім кіраўніцтвам у 1991 годзе яго прымалі. Я яго перапрацаваў з улікам усіх дзейных нарматыўных актаў, дадаўшы тыя неабходныя пазыцыі, якія з розных прычынаў ня ўтрымлівае ніводзін закон, альбо вярнуў тое, што прысутнічала ў законах, але было выкінута цяперашняй уладай. Бо цяпер шмат якія законы не палепшаныя, але пагоршаныя.

Адзін з асноўных і вялікіх разьдзелаў прапанаванага мной законапраекту тычыцца абароны беларускай мовы. Бо ў адным зь цяперашніх законаў ёсьць пункт, што мова ёсьць культурнай спадчынай беларускага народу, і ўсё. Я ж напісаў вялікі разьдзел аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.

Па-другое, зьвярнуў увагу на тое, што асноўны элемэнта любой культуры — рэлігія. У адпаведных разьдзелах я нагадаў, што культавыя помнікі — гэткая ж неад’емная частка спадчыны нашага народа, як і археалёгія, і гісторыя, і іншыя кірункі. Што ня варта цалкам аддаваць іх у распараджэньне царкоўнікаў, каб папы на помнікі барока ня вешалі „цыбулін“ і сьцены сайдынгам не абшывалі. Таксама, што неад’емнымі элемэнтамі культурнай і духоўнай спадчыны могуць стаць царкоўныя кнігі, сьвяты ці пілігрымкі, да прыкладу, у Будслаў. Чаму не зрабіць гэтую пілігрымку складнікам нематэрыяльнай культуры? Да прыкладу паганскі абрад „Пахаваньне стралы“ мы ўшаноўваем, а хрысьціянскі сымбаль чамусьці не.

Таксама вельмі важны элемэнт — турызм. Бо цяпер ён цалкам выведзены з падпарадкаваньня Міністэрства культуры: беларускай мовай там і ня пахне. А турызм можа і павінен стаць элемэнтам прапаганды нацыянальнай культуры.

Ну, і вельмі важны грамадзкі кантроль за культурай — каб існавалі грамадзкія рады пры ўсіх органах культуры. Каб усе структуры, надзеленыя функцыямі кантролю ў галіне культуры, падпарадкоўваліся не міністэрству, а Савету міністраў. Каб Міністэрства культуры не кантралявала само сябе, бо вынік гэткага „кантролю“ мы можам бачыць у вельмі многіх выпадках».

Цяпер законапраект у стадыі дапрацоўкі па выніках грамадзкага абмеркаваньня. Потым яго перададуць на разгляд у Палату прадстаўнікоў.

У абмеркаваньні законапраекту, якое адбылося 25 жніўня, узялі ўдзел вядомы мастак і грамадзкі дзеяч Алесь Марачкін, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў, палітык і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі, кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка, палітык Віталь Рымашэўскі, паэты Галіна Каржанеўская і Славамір Адамовіч, мастак і ілюстратар Мікола Купава, пісьменьнікі і журналісты Аляксандар Тамковіч і Аляксей Шэін, грамадзкі дзеяч Павал Севярынец. Свае прапановы для абмеркаваньня за круглым сталом перадаў айцец Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Сьвятых Сымона і Алены.