Занусі пра прысуд Сянцову: «Дрэнна для краіны і дрэнна для культуры»

Алег Сянцоў

Вядомы польскі кінарэжысэр Кшыштаф Занусі выказаў расчараваньне прысудам свайму ўкраінскаму калегу Алегу Сянцову. Сянцоў асуджаны на 20 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за падрыхтоўку тэракту.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Занусі заявіў, што судовае рашэньне не спрыяе даверу ў дачыненьні да Расеі. Па яго словах, гэта дрэнна для краіны, дрэнна для юрыспрудэнцыі і дрэнна для культуры.

Рэжысэр лічыць, што расейскі суд ня выклікаў даверу і не пераканаў грамадзкую думку ў справядлівасьці свайго рашэньня, а гэта вельмі небясьпечна.

«Думаю, што палітыкі, да якіх мы, кінарэжысэры розных краінаў, зьвярталіся, у такія моманты павінны асабліва ўважліва прагледзець і праверыць тое, што робіцца, тое, што адбываецца. Таму што страта даверу ў дачыненьні да краіны і яе судоў — гэта вельмі небясьпечна», — заявіў Кшыштаф Занусі.

Кшыштаф Занусі — ляўрэат галоўнага прыза Вэнэцыянскага кінафэстывалю «Залаты леў» (фільм «Год спакойнага сонца», 1984), уладальнік мноства міжнародных і нацыянальных узнагародаў.

Аўтар фільмаў «Дотык рукі», «Чалавек з далёкай краіны», «Брат нашага Бога», «Жыцьцё як сьмяротная хвароба, якая перадаецца палавым шляхам», «Пэрсона нон грата» і шмат якіх іншых.