Данецкі блогер: На Данбасе адбылася этнічная чыстка

Сэпаратысты на месцы катастрофы «Боінга» МН17 правялі мерапрыемствы па ўшанаваньні загінулых. Грабава, Данецкая вобласьць, 17 ліпеня 2015 году

Данецкі журналіст і блогер, які працуе цяпер у выданьні «Український тиждень», Дзяніс Казанскі распавёў Радыё Свабода, як выглядае жыцьцё звычайных людзей у самаабвешчаных рэспубліках ДНР і ЛНР і як баевікі караюць за праўкраінскія погляды.

Дзяніс Казанскі

— Дзяніс, усё часьцей сытуацыю на Данбасе называюць «замарожаным канфліктам». Што гэта значыць?

— Цяпер Данбас усё больш выглядае як Прыднястроўе. Сапраўды, канфлікт перайшоў у замарожаную стадыю — у большасьці гарадоў даўно забыліся пра ваенныя дзеяньні. Часам, вядома, здараюцца абстрэлы, але ў цэлым жыцьцё ідзе ў мірным рэчышчы. Паціху афармляюцца атрыбуты псэўдадзяржавы — мясцовыя службы, прафсаюзы, гарадзкія выканкамы, якія на 90% складаюцца з чыноўнікаў ад Партыі рэгіёнаў, што працуюць на гэтых месцах ужо па дваццаць гадоў.

Жыхары ДНР атрымліваюць новыя пасьведчаньні кіроўцаў, пасьведчаньні аб рэгістрацыі транспартнага сродку і нумарныя знакі замест украінскіх дакумэнтаў. Макееўка, 31 ліпеня 2015 году

Ніякай рэвалюцыі, ніякай зьмены кіроўнага слою, ніякай ратацыі эліт не адбылося. На пасадах сядзяць тыя ж людзі, якіх паставілі туды Яфрэмаў, Ахметаў, Клюеў, Калесьнікаў і іншыя рэгіянальныя кляны, якія там заўсёды кіравалі. Цяпер на Данбасе эканамічная блякада і прававы вакуўм. Бізнэс, які нейкім чынам там захаваўся, натуральным чынам затухае. А больш-менш пасьпяховай застаецца прадпрымальніцкая дзейнасьць па продажы прадуктаў і паслугаў, зьвязаных з харчаваньнем, — карацей, продаж ежы, бо людзям заўсёды трэба нешта есьці.

Валянтэры самаабвешчанай Данецкай Народнай Рэспублікі раздаюць хлеб мясцовым грамадзянам у Данецку, 3 ліпеня 2015 году

Прычым усё прадаецца даражэй, чым у іншых рэгіёнах Украіны, — ідзе накрутка ў два-тры разы. Таму гэта вельмі выгадна для тых, хто мае сувязі ў вярхушцы ДНР і ЛНР і можа займацца такім бізнэсам.

— Ці выдаюць людзям заробкі?

— У цэлым карціна даволі сумная. Далёка ня ўсім плоцяць заробак. Асабліва значныя затрымкі па заробках бюджэтнікам — у некаторых не было заробку яшчэ зь мінулага году. Сацыяльная абстаноўка напружаная. Гэтаксама як і крымінальная. Даводзіцца чуць, што апалчэнцы разагналі наркаманаў і дробных жулікаў. Магчыма, частка праўды тут ёсьць, але справа ў тым, што самі апалчэнцы ў вялікай ступені занялі нішу дробнага крыміналітэту. Апалчэнцы вельмі часта рабуюць прадпрыемствы, рэжуць вугальныя шахты і цэхі на мэтал. Усё гэта адбываецца пад кантролем палявых камандзіраў. Раней гэтым займаліся бамжы і алькаголікі-наркаманы — цяпер цэнтралізавана гэта робяць апалчэнцы. Можна сказаць, што ідзе напаўлегітымнае разрабоўваньне рэгіёну.

Украінскія салдаты каля вугальнай шахты "Пуцілаўская", недалёка ад Данецка, 30 ліпеня 2015 году

— У вашай кнізе «Чорная ліхаманка», у якой вы пішаце пра незаконную здабычу вугалю на Данбасе, гаворыцца пра тое, што адбылася зьмена людзей, якія атрымліваюць «адкат» за незаконную здабычу і продаж.

— Часткова зьмена адбылася. Справа ў тым, што на Данбасе дагэтуль адбываюцца сутычкі што да вугальнага бізнэсу — паміж старой гвардыяй чыноўнікаў-рэгіяналаў і камандзірамі апалчэнцаў. Агулам цяпер нелегальная здабыча вугалю арганізаваная так, што можна мець нелегальнае радовішча, атрымліваць зь яго пэўны прыбытак і плаціць пры гэтым самаабвешчанай рэспубліцы 20–30 тысяч грывень у месяц. Як правіла, тыя, хто займаўся гэтым раней, працягваюць рабіць гэта і цяпер. Некаторыя радовішчы, праўда, «адціснулі» палявыя камандзіры, якія зьявіліся ўжо ў часе вайны.

— Вы кажаце, што людзі жывуць даволі спакойна. Разам з тым СМІ штодня паведамляюць пра абстрэлы. Хіба яны тычацца толькі пазыцыяў і не закранаюць мірных жыхароў?

— Лякальна церпяць ад абстрэлаў і мірныя жыхары. Па мірных кварталах трапляюць у Горлаўцы, Дзяржынску, Данецку, Аўдзееўцы, Мар’інцы, Краснагораўцы, Сартане — гэта населеныя пункты, якія прылягаюць да лініі фронту. А той жа Луганск, які моцна цярпеў ад абстрэлаў летась, цяпер абсалютна спакойны.

Мясцовыя жыхары зьбіраюць рэшткі маёмасьці пасьля абстрэлу ў Данецку, 12 жніўня 2015 году

— Летась быў значны адток насельніцтва з Луганску, Данецку, іншых гарадоў. Ці вяртаюцца людзі ў свае кватэры цяпер, калі паспакайнела?

— Па-рознаму. Людзі разумеюць, што на Данбасе няма нармальнай працы. Таму тыя, хто зьехаў і добра ўладкаваўся ў Кіеве, Харкаве ці ў іншым горадзе, і ня думаюць вяртацца. Як правіла, гэта пасьпяховыя прадпрымальнікі і высокакваліфікаваныя спэцыялісты, якія ўсюды цэняцца. Разам з тым тыя, хто ўцёк ад абстрэлаў у іншы горад, але жыў там у намётах і не займеў працы, вяртаюцца — бо тут ёсьць хоць нейкае жытло. Але эліта пакінула Данбас — і, напэўна, назаўсёды.

Плякат ў Данецку

— Усё ж ня ўсе выехалі. Вось уявім сям’ю з малымі дзецьмі, якая засталася ці вярнулася на Данбас. Дзіцячыя садкі, школы, паліклінікі — ці ёсьць з гэтым праблемы?

— Збольшага ўсё ёсьць. Але праблема ў тым, што найлепшыя прафэсіяналы любой галіны зьехалі, гэта тычыцца і дактароў, і выкладчыкаў. Калі ўзяць мэдыцыну, то вельмі вялікія праблемы з заробкамі — выдаюць толькі кампэнсацыі ў памеры 500 грывень у месяц. Каб выжыць, трэба браць нешта з пацыентаў у індывідуальным парадку.

Дзеці гуляюць у адным з бамбасховішчаў у Данецку, 4 жніўня 2015 году

— А што наконт перакананьняў тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся?

— Ну, ясна, што тыя, хто падтрымліваў Украіну, зьехалі. Жыць на Данбасе для іх невыносна і небясьпечна. Пішуць даносы, людзі з праўкраінскімі поглядамі трапляюць «на падвал».

— Што гэта значыць?

— Гэта цяпер тыповы данецкі выраз. Трапіць «на падвал» — значыць трапіць у зьняволеньне да апалчэнцаў. Гэта такі аналяг турмы — падвалы і бамбасховішчы ў адміністрацыйных будынках, дзе трымаюць і катуюць людзей. Гэта вельмі жорстка. Каб пазьбегнуць гэтага, тыя, хто падтрымлівае Ўкраіну, зьяжджаюць з Данбасу. Можна казаць пра мяккі варыянт этнічнай чысткі — украінцаў выцесьнілі, прымусілі зьехаць. Таму цяпер ня трэба пытацца, якія настроі ў тых, хто застаўся на Данбасе. Тыя, хто застаўся, супраць Украіны.