Вызвалены ў суботу разам зь іншымі палітвязьнямі Яўген Васьковіч вярнуўся ў родны Бабруйск і знаёміцца са зьменамі ў горадзе, грамадзтве і тэхнічнымі навінкамі.
Кожны дзень Яўгена хоачуць пабачыць і родзічы, і сябры, і аднаклясьнікі, і журналісты.
— Кладуся позна, падымаюся рана, увесь дзень на нагах, аж з ног валюся. Але гэта прыемна.
А яшчэ трэба стаць на прафіляктычны нагляд у міліцыю. Асноўныя правілы яму ўжо растлумачылі.
— Умовы нагляду пакуль не складаныя, — кажа Яўген. — Можна зьяжджаць і з гораду і нават за мяжу. Толькі папярэджваць, калі плянуеш адсутнічаць па хатнім адрасе больш за месяц. Будуць правяраць раз-пораз. Нагляд вызначаны на 5 год, але могуць скараціць да двух з паловай.
— У горадзе зьніклі некаторыя крамы, у якія хадзіў раней, зьявіліся іншыя. І, вядома, заўважна што нулікаў у коштах за гэты час паболела.
Праблемай для Яўгена сталі новыя мабільныя тэлефоны, набыў смартфон і яшчэ зусім не разумее, як ім карыстацца, нават патэлефанаваць, а хочацца ж і ў сеціва выйсьці, тым больш што хатняга кампутару няма.
Your browser doesn’t support HTML5
Самымі прыемнымі ўспамінамі з часоў вязьніцы былі кіпы лістоў падтрымкі. Сукамэрнікі нават па-добраму зайздросьцілі Яўгену.
— Жартавалі: «Трэба ад цябе хутчэй пазбаўляцца, а то аж жудасна, што ты ўвесь час нешта атрымліваеш, а нам не нясуць».
Кідаць сацыяльна-палітычную дзейнасьць Яўген не зьбіраецца, і мяркуе, што ніхто з былых палітвязьняў ня кіне. Але зрабіў для сябе пэўныя высновы, паўтараць памылак не зьбіраецца.
— Наша акцыя тады не прынесла шмат карысьці, а прывяла толькі да адсідкі ды прымусіла іншых людзей хвалявацца за нас. Мы тады не ўяўлялі сабой сілу, якая здольная нешта зьмяніць. А на такую сілу ў рэжыму знойдзецца свая сіла.
Што б ні было прычынай вызваленьня — перадвыбарчыя гульні ці жаданьне атрымаць крэдыты, — Яўген усё роўна лічыць добрым вынікам што людзі вызваліліся. Але дзякаваць «вызваляльніку» не зьбіраецца:
— Відавочна ж, што на гэтым яны гулялі ў сваю гульню, вызвалілі нас дзеля нейкіх сваіх плюсаў. Гэта ўсё роўна што дзякаваць футбалісту каманды суперніка за тое, што ён забіў гол у тваю брамку.
Your browser doesn’t support HTML5