Лукас: Ня варта думаць, што Лукашэнка нечакана стаў дэмакратам

Інфармацыйнае агенцтва BNS апублікавала камэнтар вядомага журналіста Эдварда Лукаса пра магчымую рэакцыю Захаду на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.

Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юры Рубцоў невядомыя на Захадзе. У праграме навінаў радыёстанцыі BBC World Service згадалі цяжарнасьць гіганцкай панды ў Вашынгтонскім заапарку, але вызваленьне гэтых беларускіх палітвязьняў, якое адбылося ў суботу, не перавысіла інфармацыйны парог.

Ня варта думаць, што аўтарытарны лідэр Беларусі Аляксандр Лукашэнка нечакана стаў дэмакратам. Вызваленьне шасьці палітвязьняў — гэта ўмова паляпшэньня адносінаў, ужо даўно пастаўленая Эўразьвязам Менску. Былога кандыдата ў прэзыдэнты Статкевіча за праяўленыя на працягу чатырохгадовага заключэньня годнасьць і стойкасьць часам называюць беларускім Мандэлам. Гэтае параўнаньне памылковае. Лукашэнка не плянуе праводзіць перамовы пра сыход з улады, як зрабіў рэжым апартэіду Паўночна-Афрыканскай Рэспублікі.

Вызваленьне палітвязьняў — касмэтычны, а не структурны крок. Тым ня менш, ён важны. Лукашэнка можа адчуваць зьмены ў балянсе сілаў. Расея наткнулася ва Ўкраіне на перашкоду і перажывае ўплыў санкцыяў. Гэта можа быць удалым момантам для таго, каб скінуць або разьбіць кайданы. На думку амэрыканскага аналітыка Пола Гобла, прынцыпы, якімі кіравалася Расея ў палітыцы ў адносінах да Беларусі, дэманструюць сваю памылковасьць. Расея меркавала (як і ў выпадку Ўкраіны), што Беларусь — не зусім дзяржава, а беларусы не зьяўляюцца асобным народам. Масква лічыла, што беларуская апазыцыя ня мае значэньня і што для таго, каб краіна заставалася паслухмяным сатрапам, хопіць датацый (галоўным чынам, таннага газу).

Беларусь (як рэжым, так і краіна) аказалася зусім не такой паслухмянай, як думаў Крэмль. Нацыянальная ідэнтычнасьць зьяўляецца рэальнай і ўпартай, яе умацоўвае незадавальненьне кіроўнай рукой Расеі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы краіны. Лукашэнка здаецца занепакоеным. Пазыцыі Крамля ня моцныя. Рашучыя дзеяньні Польшчы па адраджэньні ідэі «Інтэрмарыюму» — зоны краінаў ад Балтыйскага да Чорнага мора, прызначанай для процівагі Расеі і Нямеччыне — прапаноўвае Беларусі геапалітычную альтэрнатыву.

Калі Лукашэнка вырашыць згуляць у гэтую гульню, яго чакаюць высокія стаўкі. Відочныя крокі ў адрас Захаду ў мінулым былі штукарствам з мэтай выгандляваць у Масквы лепшыя ўмовы. Захад асьцярожны, а Пуцін сурова ставіцца да неляяльнасьці. Пры сур’ёзнай спробе вызваліцца з-пад уплыву Крамля існуе рызыка магутнага ўдару ў адказ. Ён можа ўключаць «апазыцыйнага» кандыдата на прызначаных на кастрычнік выбарах, які карыстаецца падтрымкай Крамля, прапагандысцкую атаку і эканамічны ціск. Гэта ператварыла б меркаваны фарс ў сапраўдную перадвыбарчую барацьбу. Больш сур’ёзнае ўмяшаньне можа азначаць гібрыдную вайну, якую мы бачым ва Ўкраіне. Лукашэнка ў свае прамаскоўскія гады ўпусьціў Маскву ўглыб вайсковых і праваахоўных структураў краіны. Калі зараз у сутычцы з Крамлём ён паспрабуе на іх пакласьціся, яго можа чакаць непрыемны сюрпрыз.

Усё гэта ставіць заходнія краіны перад цяжкім выбарам. Калі Лукашэнка пры ўсёй сваёй брутальнасьці, грубасьці і дзіўных ідэях мае намер выступіць супраць Крамля, у якой меры ён заслугоўвае падтрымкі? Калі застацца ў баку і дапусьціць яго зрынаньне, гэта можа прывесьці да пагружэньня Беларусі ў хаос або страты ёй незалежнасьці. Гэта стала б значным ударам. Калі аказаць яму падтрымку, словы аб зьнешняй палітыцы, якая абапіраецца на каштоўнасьці, будуць выглядаць сумнеўна.

Гэта ня новая дылема для Захаду, але яе чарговае выкарыстаньне можа даставіць задавальненьне Пуціну.

Эдвард Лукас працуе ў брытанскім часопісе The Economist. У мінулым быў карэспандэнтам гэтага часопісу ў Бэрліне (1996-1998) і Маскве (1998-2002). Цяпер кіруе міжнародным аддзелам The Economist. У 2008 апублікаваў кнігу «The New Cold War», якая лічыцца на Захадзе адным з найлепшых паліталягічных аналізаў пуцінскага рэжыму ў Расеі.