Вядомы працяглым канфліктам з суполкай Свабоднага прафсаюзу дырэктар Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) Аляксандар Аграновіч мусіць выплаціць кампэнсацыю звольненаму супрацоўніку.
У ліпені быў звольнены сябра суполкі СПБ Сяргей Пічугоў, паведамленьне аб непрацягу кантракту яму выдалі за адзін дзень да сканчэньня тэрміну.
На тым жа заводзе працуе ягоная жонка, якая ў гэты час чакала трэцяе дзіця. Як сьцьвярджае актывіст, з-за моцных стрэсаў дзіцё нарадзілася неданошаным. Учора Бабруйскі суд не вярнуў Пічугова на працу, але прызнаў парушэньне адміністрацыяй заводу заканадаўства ў працэдуры звальненьня.
Суд вызначыў памер маральнай кампэнсацыі для бацькі траіх дзяцей — тры мільёны рублёў. Але актывісты СПБ зьвяртаюць увагу на зьмест асобнай пастановы з рашэньня суда. У ёй гаворыцца пра невыкананьне адміністрацыяй БЗТДіА Канстытуцыі, законаў і судовых пастановаў. Паводле дэкрэту №5, супрацоўніка і кіраўніка могуць звольніць нават за аднаразовае парушэньне заканадаўства. Таму цяпер адкрыты юрыдычны шлях для звальненьня самога дырэктара.
30 ліпеня суд абавязваў адміністрацыю БЗТДіА выплаціць маральную кампэнсацыю старшыню завадзкой суполкі Свабоднага прафсаюзу Міхалу Кавалькову.
Складаная сытуацыя ў намесьніцы старшыні суполкі СПБ Аксаны Кернажыцкай. Ёй не працягнулі кантракт, нягледзячы на дзевятнаццацігадовы стаж працы. Акрамя таго, яна мусіць трапляць пад сацыяльную абарону як маці-адзіночка з 12-гадовым дзіцём.
«І прафсаюз уступіўся за Кернажыцкую, нават намесьнік старшыні бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў абяцаў што „за Кернажыцкую няма чаго хвалявацца“, ейнай справай быццам бы займаецца сам старшыня гарвыканкаму Каваленка, і на працы яна застанецца. У тэлефоннай размове я прасіў дапамагчы і бабруйскую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алена Шамаль, тая абяцала», — распавёў Міхал Кавалькоў.
Нягледзячы на запэўніваньні чыноўнікаў, Кернажыцкая была звольненая.
— Многія з тых, хто на нас ціснуў раней, — заўважае Аксана Кернажыцкая, — ад начальнікаў цэхаў да ідэоляга, самі ўжо былыя. Кудысьці зьніклі з працы яшчэ раней за нас.