Мікалай Дзядок: Нас вызвалілі зусім не з-за выбараў

Мікалай Дзядок

Былы палітвязень, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок у інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода назваў прычыны, якія прымусілі Аляксандра Лукашэнку вызваліць палітвязьняў.

«На маю думку, гэта не зьвязана з выбарамі, а найперш зьвязана з дрэнным эканамічным становішчам у краіне, якое ўжо блізкае да каляпсу. Таксама добра спрацавала міжнародная дыпляматыя, якая выкарыстала момант — то бок сказаліся і пэўныя геапалітычныя прычыны, з-за якіх Лукашэнка мусіў пайсьці на гэты крок, якога ад яго дамагаліся з Захаду. Але найперш усё ж эканоміка — сытуацыя ў ёй крытычная, уладзе патрэбныя грошы, цяпер будуць за нас прасіць чарговы крэдыт».

Карэспандэнт: Ці адчувалі Вы ў турме і калёніі падтрымку звонку?

Мікалай Дзядок: «Канешне, падтрымка адпачатку была проста калясальная, гэта адчувалася і вельмі дапамагала. Ад апазыцыі, ад маіх аднадумцаў-анархістаў, у тым ліку з іншых краін, ад праваабаронцаў, простых людзей прыходзілі дзесяткі лістоў, тэлеграм, было вядома пра акцыі падтрымкі, пра патрабаваньні вызваліць. Калі б гэтага не было, ня ведаю, як бы пратрымаўся. І асаблівыя словы падзякі незалежным мэдыям. Насамрэч іх голас за кратамі вельмі гучны, бо адміністрацыя на зоне вельмі баіцца любой агалоскі таго, што ў іх там адбываецца, як яны парушаюць законы, калі абыходзяцца з вязьнямі. Любая інфармацыя пра гэта ў незалежных СМІ для іх як „каменьчык у ежы“ — рэагуюць вельмі рэзка, але гэта рэальна дапамагае, бо трымае іх у пэўных межах».

— Вас вызвалілі падчас выбарчай кампаніі, гэта такі элемэнт выбараў. Як Вы ставіцеся да самі цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў?

— Вельмі скептычна. Не лічу ўвогуле, што для Беларусі патрэбная прэзыдэнцкая ўлада, бо на маю думку, адзін чалавек ня мусіць вызначаць за 9,5 мільёнаў грамадзянаў, як ім жыць і чым займацца. А ў цяперашняй Беларусі гэтая прэзыдэнцкая форма праўленьня набыла яшчэ больш уродлівыя рысы, да таго ж сапраўдных выбараў ужо няма. Мяркую, зьмены ў Беларусі мусяць адбывацца ў бок зьмяншэньня прэзыдэнцкай улады.

— І за кратамі Вы сачылі за падзеямі ва Ўкраіне. Як іх ацэньваеце і ў чым досьвед Украіны, на Вашу думку, можа спатрэбіцца Беларусі?

— З Майдану, з самага пачатку падзей, наколькі было магчыма ў турме, сачыў за падзеямі ва Ўкраіне і вельмі рады, што ўкраінцы здолелі вырвацца з гэтага таталітарнага колу, у кім яшчэ знаходзіцца і Беларусь. І жадаю ім перамагчы ў цяперашняй барацьбе, якая працягваецца і будзе яшчэ доўгай і цяжкай. Што да ўкраінскага прыкладу для Беларусі, мне ён падаецца вельмі станоўчым, але беларусам яшчэ цяжка гэта ўсьвядоміць. Ня думаю, што будучыя падзеі ў нашай краіне стануць калькай з падзей ва Украіне, бо ў нас усё ж іншая сытуацыя, але прага да волі, дэмакратыі і справядлівасьці — гэта тое, што трэба ўзяць у прыклад.

— Чым Вы далей будзеце займацца?

— Калі шчыра, пакуль пэўных плянаў няма. Адказваю гэтак, што спачатку трэба агледзецца, дзе я апынуўся. Магчыма, буду працягваць вучобу. Арышт спыніў маю адукацыю ў ЭГУ — я вучыўся на палітоляга. За кратамі працягваў займацца самаадукацыяй, але разумею, што гэтага недастаткова, каб стаць сапраўдным адмыслоўцам. Таму верагодна, што працягну вучобу на стацыянары.

— Здароўе. Былі зьвесткі, што Вам даводзілася вырашаць пэўныя праблемы. Як пачуваеце сябе зараз?

— Адносна здароўе я ня маю звычкі скардзіцца, таму спынімся на тым, што ўсё нармальна і я гатовы да паўнавартаснага жыцьця.

_______________________________

Апошнія 2 месяцы ў калёніі ў Горках Мікалай Дзядок правёў у маленькай камэры разам з яшчэ адным вязьнем. Пра сваё вызваленьне былы палітвязень даведаўся ўвечары 22 жніўня. «Хутка сабраў рэчы, аформілі і вывезі з калёніі. Мяне чакалі 3 супрацоўнікі, адвезьлі на вакзал у Воршы і пасадзілі на цягнік да Менску. Каб пазваніць бацьку, прасіў мабільнік у папутчыка», — распавёў Мікалай Дзялок.