Валянціна Аліневіч: Яшчэ ўдзень сын ня ведаў пра вызваленьне

Валянціна Аліневіч

«Хачу падзякаваць усім за падтрымку і салідарнасьць,» — кажа маці вызваленага палітвязьня Ігара Аліневіча.

Валянціна Аліневіч пакуль ня ведае, калі будуць вызваляць яе сына. "Праз гадзіну буду дома і буду званіць ў дзяжурку ў калёнію, тады і стане вядома, калі яго вызваляць. Ігар сёньня званіў у дзень, але тады ён нічога ня ведаў пра указ. Мы размаўлялі пра тое, каб яму даслаць адваката. Яшчэ я зачытала яму ліст ад Міколы Статкевіча, дзе той жадае хуткага вызваленьня. Дык сын сказаў. што гэта будзе наўрад ці. Канешне, я вельмі рада, але паверу у вызваленьне Ігара толькі калі яго абдыму"— сказала Валянціна Алінвевіч. Ігара Аліневіча апошнія два гады трымалі ў віцебсвкай калёніі Віцьба-3.

РС: Ніякія прадстаўнікі ўладаў Вам сёньня нічога не паведамлялі пра вызваленьне?

Аліневіч: Не, ніхто нічога не казаў. Ніхто ніякай надзеі не даваў. Мы да сёньняшняга дня пісалі скаргі ў пракуратуру і іншыя інстанцыі. Ніякай надзеі не было.

РС: Як бы Вы маглі пракамэнтаваць гэтая паведамленьне зараз, толькі даведаўшыся пра гэта, яшчэ ня бачыўшы сына?

Аліневіч: Ну як можа маці пракамэнтаваць такую рэч? Я ня веру і дагэтуль, што гэта адбылося. Мне здаецца, што гэта адбываецца не са мной, і я ня веру ў гэта.

РС: А на Ваш погляд, чаму гэта здарылася?

Аліневіч: Ведаеце, зараз лёгіка ў мяне абсалютна адсутнічае. Ёсьць радасьць, якую немагчыма выказаць, і ў той жа час нейкі халадок нявер’я ў грудзях. Здаецца, што такія высакародныя жэсты неўласьцівыя нашым уладам.

РС: А Вы лічыце, што гэта высакародны жэст?

Аліневіч: Я ў гэты момант не пра што думаць не магу. Я шчасьлівая, што дажыла да гэтага. Мы ўсе прайшлі празь вялікія пакуты.

РС: А якія пляны былі ў Ігара пасьля вызваленьня? Ён жа спадзяваўся некалі вызваліцца.

Аліневіч: Можа я некага зьдзіўлю, але пляны ў яго былі прыносіць карысьць людзям. Заняцца альтэрнатыўнай энэргетыкай, радыёэлектронікай.

Хачу падзякаваць усім за падтрымку і салідарнасьць. Я адчуваю, што вакол шмат людзей, якія за нас перажывалі. Дзякуй ім усім.