Сёньня мы працягнем расповед пра асаблівасьці выкананьня пакараньняў у скандынаўскіх краінах. Калі мінулым разам размова ішла пра турмы Нарвэгіі, то сёньня мы будзем гаварыць пра Швэцыю. Турмы абедзьвюх гэтых скандынаўскіх краін з гледзішча прынятых ААН у 1955 годзе Мінімальных стандартных правілаў па абыходжаньні са зьняволенымі, разглядаюцца міжнароднымі экспэртамі як эталён пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Гэта тычыцца бытавых умоваў утрыманьня вязьняў, якія ня могуць быць горшымі, чым для ўсіх грамадзянаў у сярэднім па краіне. У тых жа Швэцыі ды Нарвэгіі вязень, як правіла, забясьпечаны і асобнай камэрай з усімі неабходнымі выгодамі, ён мае трохразовае збалянсаванае харчаваньне, якое дазваляе сабе сярэднестатыстычны вольны грамадзянін, вязьню гэтак жа як і кожнаму на волі даступныя трэнажорныя залі, спартовыя пляцоўкі і г.д. За ўсё гэта ані вязьні, ані іх сваякі ня плацяць нічога.
Пазбаўлены волі і зьмешчаны ў ізаляцыю асуджаны, аднак, не пазбаўлены іншых базавых правоў. Гэта магчымасьць бясплатнага атрыманьня адукацыі, у тым ліку ўнівэрсытэцкай (у праве на яе не адмаўляецца аніводнаму сядзельцу), магчымасьць адэкватнага бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня ды іншае...
Яшчэ адна важная акалічнасьць: у скандынаўскіх турмах адсутнічае звыклы для большасьці постсавецкіх краін, у тым ліку і Беларусі, момант псыхалягічнага ціску на асобу. Турэмны пэрсанал ня мае права мець пры сабе зброі, ён абавязаны ўсяляк пазьбягаць фізычнага гвалту ў дачыненьні да вязьняў. У турмах няма пакараньняў за правіны. Ёсьць толькі адмысловыя памяшканьні для тых, хто можа нанесьці шкоду сабе або навакольным.
«Навуковых дадзеных пра карысьць вялікіх турэмных тэрмінаў — няма»
Паводле колькасьці асуджаных на 100 тысяч чалавек, 9-мільённая Швэцыя мае адзін з найніжэйшых паказчыкаў у сьвеце (64 чалавекі, у суседняй Нарвэгіі ён яшчэ ніжэй — 62). Узровень рэцыдываў тут — 46%. Апошнім часам, як паведамляюць СМІ, у швэдзкім каралеўстве, былі зачыненыя некалькі турмаў з-за недахопу зьняволеных.
Згодна з дадзенымі крымінальна-выканаўчага ведамства (Kriminalvården), скарачэньне колькасьці людзей, накіраваных у месцы пазбаўленьня волі, асабліва прыкметнае ў тых катэгорыях злачынстваў, што зьдзейсьненыя пад уплывам алькаголю або зьвязаныя з гвалтам. Таксама за апошнія дзесяць гадоў удвая зьменшылася колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі. У адрозьненьне ад іншых краін ЭЗ каралеўства памяркоўна ставіцца да наркаманаў, толькі ў выключных выпадках ужываючы да іх сыстэму штрафаў.
У швэдзкай турме:
І ў Kriminalvården, і ў крымінальнай паліцыі (абодва ведамствы падпарадкоўваюцца не сілавому міністэрству, а грамадзянскаму — юстыцыі) ня лічаць, што зьніжэньне колькасьці зьняволеных азначае фактычнае скарачэньне правапарушэньняў. Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з даволі мяккімі судовымі выракамі. Толькі 3-5% асуджаных маюць працяглыя турэмныя тэрміны — ад чатырох гадоў да пажыцьцёвага. У большасьці выпадкаў парушальнікі закону сядзяць за кратамі ад некалькіх месяцаў да двух гадоў. У мэтах эканоміі сродкаў на ўтрыманьне вязьняў вельмі часта практыкуецца такая мера як хатні арышт.
За мяккасьць пакараньняў адзін з паліцэйскіх кіраўнікоў Клас Фрыбэрг у інтэрвію Радыё Швэцыя выказаўся так:
«Навуковых дадзеных, што зьняволеныя ў выніку вялікіх турэмных тэрмінаў робяцца лепшымі, не існуе. Для нас важна, каб чалавек адказваў перад законам за зьдзейсьненыя ім злачынствы. Галоўнае пытаньне ў тым, як пазьбегнуць рэцыдываў пасьля турмы. У сярэднім іх болей за 40%, у некаторых відах злачынстваў нават 80% . На жаль, ахвяраў злачынстваў становіцца больш. У многіх эўрапейскіх краінах склалася трывожная сытуацыя з арганізаванымі злачыннымі групоўкамі, у тым ліку, расейскамоўнай мафіяй. У Швэцыя гэта не настолькі трывожна. Вялікай пагрозы грамадзтву ў гэтай сувязі не існуе, але гэта ўсё ж пагроза грамадзкім інтарэсам».
З гледзішча пытаньняў бясьпекі, швэдзкія турмы падзеленыя на тры клясы, якія ўмоўна адпавядаюць беларускаму строгаму, узмоцненаму і агульнаму рэжыму. Самы вольны рэжым у трэцяй клясе. Тут можна спакойна кантактаваць зь іншымі вязьнямі, хадзіць да іх у госьці і наадварот зваць гасьцей да сябе, у свае камэры...Таксама можна хадзіць на вакацыі дадому, за межы ўстановы. Увесь фокус гэтай сыстэмы, тлумачаць у Kriminalvården, у тым, што людзі, якія трапляюць у трэцюю клясу, як правіла, прайшлі празь іншыя рэжымныя клясы. Перш. чым трапіць на больш лёгкі рэжым, робіцца праверка гатоўнасьці вязьня да такой формы зьняволеньня. Гэта свайго роду шлюз да жыцьця на волі, адзначае супрацоўніца крымінальна-выканаўчай сыстэмы Анна Сыф-Улафсан.
Анна Сыф-Улафсан: «На турэмны пэрсанал ускладаецца такая задача, як абавязковае наладжваньне цесных кантактаў са зьняволенымі. Гэта могуць быць размовы, сумесныя ўдзелы ў спартовых гульнях, нейкіх конкурсах. Назіраючы за тым, як чалавек сябе паводзіць, як размаўляе, мы можам бачыць зьмены ў яго паводзінах, тое, што называецца „дынамікай бясьпекі “. Пэрсанал кожны дзень кантактуе з кліентамі, каб улавіць магчымыя перамены ды зрухі»
Кожны вязень заняты або працай, або вучобай, або ўдзелам у праграмах
Са свайго боку, кожны зьняволены швэдзкай турмы абавязаны весьці актыўны лад жыцьця. Гэта можа быць што-небудзь адно на выбар: праца, вучоба, удзел у праграме, накіраванай або на барацьбу з крымінальнымі паводзінамі, або на барацьбу зь нейкай залежнасьцю, тлумачыць Даніэль, супрацоўнік турмы Карлскуга, якая належыць да рэжыму другой клясы.
Даніэль: «Усялякі раз, калі чалавек — у нас іх называюць кліентамі — толькі паступае да нас, мы праз размовы зь ім дакладна высьвятляем яго праблемы, індывідуальныя патрэбы і вырашаем, якія захады можна прыняць у дачыненьні да гэтага чалавека. Рашэньне адносна выбару праграмы павінна рабіцца добраахвотна. Толькі тады нашая сумесная праца можа быць эфэктыўнай. Самая вялікая колькасьць кліентаў праходзіць праграму „Прайм фор лайф“, што накіраваная на барацьбу з алькагольнай залежнасьцю, з тымі фізыялягічнымі ды псыхічнымі праблемамі, якія назіраюцца ў такіх людзей. Асабіста я вяду 12-ціпрыступкавую праграму для тых, хто мае нарказалежнасьць. Таксама ёсьць праграма на выхаваньне бацькоўскіх якасьцяў. Многія з асобаў, якія сюды трапілі, маюць сем’і, дзяцей, якія застаюцца на волі. І трэба гэтаксама ўлічваць іх інтарэсы. Таксама літаральна для ўсіх, хто сюды трапляе, ёсьць праграма „Здароўе“. Гэта адмысловыя фізычныя ды псыхалягічныя практыкаваньні. Карэкціроўка рацыёну харчаваньня, пэўная дыета, дапамога ў тым, як змагацца з псыхічнымі парушэньнямі, калі чалавек за кратамі адчувае стрэс. Дадам, што ўсе вязьні праходзяць пэўнае мэдычнае тэставаньне. У нас бяруць у вязьняў аналіз крыві, каб зразумець, ці ёсьць у чалавека нейкае захворваньне: інфэкцыйнае ці хранічнае, якога роду дыета ці мэдыкамэнтознае лячэньне яму патрэбнае. Калі ёсьць неабходнасьць, то такая асоба накіроўваецца ў адмысловую турэмную клініку. Праз праграму „Здароўе“ праходзяць усе, хто сюды трапляе».
Як лічаць швэдзкія крымінолягі, у кожным злачынстве ёсьць дзьве ахвяры: той, хто яго зьдзейсьніў, і той, хто ад яго пацярпеў. Таму злачынец заслугоўвае не толькі пакараньня, але і перавыхаваньня — рэсацыялізацыі.
«На здароўі дачкі адбілася адлучэньне ад сына і працяглая ізаляцыя ў СІЗА»
Беларуская грамадзянка Вольга Класкоўская ў жніўні 2013 году была прызнаная швэдзкім судом вінаватай у замаху на забойства свайго мужа — швэдзкага грамадзяніна турэцкага паходжаньня Гёкая Безгіна і асуджаная да 8 гадоў турэмнага зьняволеньня. Пазьней тэрмін пакараньня зьменшылі на адзін год праз апэляцыю. Сёньня 32-гадовая мянчанка, паводле словаў яе маці Людмілы, імкнецца абскардзіць свой прысуд, піша звароты ў камісію па памілаваньні і спадзяецца на станоўчае рашэньне пытаньня.
За два гады свайго турэмнага зьняволеньня беларуска прайшла праз вязьніцы рознага рэжыму: Экэрсбэрг, Хінсэбэрг, Істад. Цяпер, кажа Людміла, дачка ўжо як два месяцы папраўляе сваё здароўе ў адной з турэмных клінік.
Людміла: «Гэта турэмная лячэбная ўстанова. Вольга там ужо два месяцы, і дактары будуць трымаць яе там да поўнага выздараўленьня, можа, яшчэ месяц, а можа, і больш. У швэдзкіх мэдычных установах пэнітэнцыярнай сыстэмы аказваецца такая ж комплексная дапамога, як у звычайных шпіталях: мэдыкамэнтознае лячэньне, праграма рэабілітацыі і абавязкова — псыхалягічная падтрымка. Створаныя ўсе ўмовы для аднаўленьня арганізму: басэйн, спартовая заля і нават саўна. Ёй ідзе гэта на карысьць, яна папраўляецца. Лекары знайшлі ў дачкі цэлы букет праблемаў: сталыя дэпрэсіі, „боязь закрытай прасторы, якую яна набыла седзячы цягам шасьці месяцаў у ізаляцыі ў СІЗА“. Акрамя таго, на нэрвовай глебе ў Волі пачаў разьвівацца нэўралягічны сындром, які тычыцца і касьцей. Болі былі вельмі моцныя. Спачатку думалі, што ныркі, потым, што хрыбетнік. Гэта такі нэўралягічны заціск, які дае боль на ўсе органы. У турме яна вельмі знэрвавалася, ні сну, ні спакою, вельмі схуднела...»
Як мяркуе маці, на здароўі дачкі вельмі адбілася яе адлучэньне ад яе малога сына Адама.
«Нягледзячы на тое, што права на апеку над дзіцем Вольга не пазбаўленая, ёй, прынамсі пакуль, адмоўлена ў спатканьні з сынам, ніякай інфармацыяй пра малога яна не валодае. Воля распавядае са сьлязьмі, што былы муж кажа ёй па тэлефоне: маўляў, жыву зь іншай жанчынай, якая выхоўвае Адама, і ён ніколі не падпусьціць Вольгу да дзіцяці. Дачка працягвае змагацца за Адама, піша звароты, апэляцыі ў швэдзкія суды і ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, каб ёй дазволілі спатканьне з сынам, аднак станоўчага рашэньня пакуль няма».
Калі ў ранейшых лістах дадому Вольга вельмі нэгатыўна выказвалася пра сваё ўтрыманьне за кратамі, параўноўваючы некаторыя зь вязьніц з ГУЛАГам, то цяпер, як выглядае, маладая жанчына ўмовамі задаволеная.
Людміла: «Сама яна кажа, што ўмовы добрыя. У гэтай установе істотна больш свабоды чым у папярэдніх. Камэра не зачыняецца цэлы дзень. Вольга можа мець зносіны і сустракацца з тымі людзьмі, якія там лекуюцца. Больш за тое, яна ўвечары можа выйсьці ў двор гэтай лячэбнай установы, як яна мне напісала, «пасядзець, паглядзець на месяц, узяць у лядоўні сабе марозіва. То бок, умовы ўтрыманьня больш вольныя. Абяцаюць нават нарэшце даць ёй, як у войску, вольны перапынак, адпусьціць яе ў горад».
«Важна тое, што турма зацікаўленая ў сувязях вязьня з роднымі»
Спадарыня Людміла хоча абавязкова наведаць дачку ў Швэцыі, каб падтрымаць яе, паразмаўляць, даведацца, што ў той на сэрцы. Зараз жанчына зьбірае грошы на паездку ў Швэцыю. Кажа, што дачка вельмі зьмянілася, перагледзела сваё стаўленьне да многіх пытаньняў. Вялікі плюс швэдзкай пэнітэнцыярнай сыстэмы ў тым, што ў папраўчых установах вялікая ўвага надаецца сувязям асуджаных з сям’ёй, роднымі і блізкімі, каб у людзей была матывацыя хутчэй вызваліцца, адзначае Класкоўская-старэйшая.
«У Вольгі ёсьць магчымасьць рэгулярна тэлефанаваць у Менск як мне, так і старэйшай дачцэ Міраславе, якая жыве з бацькам, былым Вользіным мужам. Пра яго стаўленьне да Міраславы, атмасфэру ў доме можна казаць толькі добрыя словы. Так што Вольга больш-менш спакойная за сваю дачку...»
Людміла Класкоўская ўдакладняе, што тэлефанаваньні дадому для Вольгі бясплатныя, паколькі яна цяпер не працуе, а таксама ня надта абмежаваныя па часе. У якасьці яшчэ аднаго плюсу турэмнай сыстэмы Швэцыі, жанчына называе тое, што за два гады яе дачка шмат чаму навучылася.
«Зараз Вольга працягвае займацца мовамі. Здала ўжо іспыт па дзелавой ангельскай мове, мае дыплём адносна валоданьня швэдзкай. А зараз я ёй даслала слоўнікі, яна вывучае нямецкую і францускую мовы. Таксама папрасіла ў мяне выслаць гішпанскія слоўнікі».
«На жаль, касэты, якія я даслала ёй у пасылцы разам з сувэнірамі, нам вярнулі, — кажа Людміла, — прычым беларускі бок пасылку прапусьціў. Ня ведаю чаму, але нават лісты зь Менску да яе вельмі рэдка даходзяць..»
Што наконт экстрадыцыі, дазвол на якую, паводле заявы самой Вольгі Класкоўскай, год таму дало Міністэрства юстыцыі Швэцыі? У гэтым выпадку мянчанцы давялося б адбываць пакараньне ў жаночай папраўчай установе ў Гомелі. На гэтае пытаньне Класкоўская-старэйшая адказвае, што працэдура гэтая складаная бюракратычна. Да таго ж, у дачкі дадаліся праблемы са здароўем, плюс няпэўнасьць з сынам. У выпадку вяртаньня дадому і адбыцьця за кратамі ў Беларусі, ёсьць верагоднасьць ня ўбачыць яго ніколі.
«Злачынцы вяртаюцца ў грамадзтва»
Апошнія 15 гадоў вяртаньню вязьняў у грамадзтва супрацоўнікам службы прабацыі дапамагаюць ініцыятывы, створаныя самімі колішнімі зьняволенымі. Адна зь іх — «Злачынцы вяртаюцца ў грамадзтва».
Жыхару швэдзкага Мальмё Карлу — 38 гадоў. За кратамі адсядзеў чатыры за захоўваньне і распаўсюд наркотыкаў. Малады чалавек вучыўся ва ўнівэрсытэце, знайшоў ня вельмі ўдалую кампанію і быў асуджаны на турэмнае зьняволеньне.
«Унівэрсытэцкія сябры адвярнуліся, — згадвае Карл. — Наведваць прыходзілі толькі мама і дзяўчына з групы, Вільмё, якая нікому не падабалася. Мае ж сябры-наркаманы ў той час забаўляліся дзесьці ў Гішпаніі.
Калі выходзіў, каля брамы мяне сустракалі мама, Вільмё і трое прадстаўнікоў грамадзкай арганізацыі „Злачынцы вяртаюцца ў грамадзтва“. Тыя прапанавалі дапамогу па працаўладкаваньні. Я адмовіўся, але візытоўку ўзяў. Чатыры месяцы спрабаваў знайсьці месца па спэцыяльнасьці эканаміста. У кожнай фірме быў хто-небудзь з унівэрсытэту, хто ведаў маю гісторыю, і мне паўсюль адмаўлялі. Так я трапіў праз „Злачынцы вяртаюцца ў грамадзтва“ да Ўлафа, 65-гадовага сталяра».
Улаф вырабляў драўляныя цацкі, і яму патрэбен быў памочнік. Улаф у маладосьці зьбіў матацыклам мужчыну, і той памёр. Спачатку Карл не хацеў працаваць у яго, але маці пераканала. За год былы асуджаны зразумеў, што яму падабаецца фізычная праца. Справы пайшлі вельмі добра.
Карл кажа, што сёньня іх маленькая фірма мае замовы з сувэнірных крамаў, ад багатых сем’яў — на эксклюзіўныя канструктары, на прадметы дэкору ў гатэлі. Чым можам, дапамагаем былым злачынцам. З Вільмё, якая працуе эканамістам, яны ажаніліся. Час ад часу Карл сустракае сваіх так званых «калегаў» ля турэмнай брамы. Пры магчымасьці дапамагае вызваленым знайсьці працу ды жытло, Карл мае дамоўленасьці зь некалькімі гатэлямі. Два пакоі заўсёды трымаюць для маіх хлопцаў. «Злачынцы вяртаюцца ў грамадзтва» прызнаныя адной з самых актыўных грамадзкіх арганізацыяў».
Ці будзе Беларусь рухацца ў бок Эўропы?
Ці будзе Беларусь рухацца ў бок Эўропы ў гэтых пытаньнях? Ці наадварот тут будуць закручваць гайкі па савецкай традыцыі? Якое пакараньне больш эфэктыўнае? Строгае, жорсткае, як у Беларусі, ці лібэральнае як у Скандынавіі? Ці патрэбная лібэралізацыя ў гэтай галіне? Такія пытаньні наша праграма задала мінакам на вуліцах Горадні. Меркаваньні удзельнікаў падзяліліся. Частка апытаных выказалася за лібералізацыю, іншыя за тое, каб пакінуць усё, як ёсьць. Некаторыя палічылі, што ўтрыманьне ў краіне вялікай колькасьці зьняволеных бессэнсоўнае Пад час апытаньня некалькі ўдзельнікаў ўзгадалі Брэйвіка і назвалі яго прысуд занадта мяккім. Пры гэтым яны адзначылі, што ўтрыманьне такога злачынца ў адзіноце больш жорсткае пакараньне чым сьмяротнае. Таксама гучала, што гайкі ў Беларусі «ўжо закручваюць».
Your browser doesn’t support HTML5